Афіцыйны візіт у Рэспубліку Арменія
- 16
Развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з Арменіяй адпавядае доўгатэрміновым знешнепалітычным і знешнеэканамічным прыярытэтам Беларусі. Аб гэтым 13 мая ў Ерэване заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што дружалюбная Арменія з'яўляецца важным і вельмі блізкім партнёрам Беларусі ў Закаўказзі. Звяртаючыся да Сержа Саргсяна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Арменіі нядаўна завяршыўся перыяд прэзідэнцкіх выбараў, і Беларусь гатова быць побач у працэсе рэалізацыі намечаных планаў і задум.
На афіцыйных перагаворах у Ерэване ў вузкім і пашыраным складзе кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін і дамовіліся аб сур'ёзнай актывізацыі супрацоўніцтва знешнепалітычных ведамстваў, парламентаў, а таксама аб прадаўжэнні ўзаемнай падтрымкі ў рамках міжнародных арганізацый.
"І Беларусь, і Арменія зацікаўлены ў паглыбленні адносін па ўсіх напрамках. У нас няма закрытых тэм у супрацоўніцтве, пачынаючы ад сферы сельскай гаспадаркі і да ваенна-палітычных пытанняў. Але на сённяшнім этапе наш галоўны прыярытэт - развіццё эканамічных кантактаў і пашырэнне двухбаковага гандлю", - лічыць беларускі лідар. Ён упэўнены, што цяперашні тавараабарот не адпавядае патэнцыялу дзвюх краін і ў бліжэйшыя гады яго можна павялічыць як мінімум у два разы.
"Нам неабходны сумесны пошук новых форм эканамічнага ўзаемадзеяння, уключаючы рэалізацыю сумесных прамысловых і інфраструктурных праектаў з прыцягненнем інвестыцый і ўкараненнем сучасных тэхналогій", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь гатова прадастаўляць армянскім партнёрам самыя спрыяльныя ўмовы для размяшчэння капіталаўкладанняў і адкрыцця бізнесу. Добрыя перспектывы, на наш погляд, маюць такія напрамкі інвестыцыйнага супрацоўніцтва, як машынабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі, фармацэўтыка, сельская гаспадарка, энергазберажэнне, вытворчасць прадуктаў харчавання", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Мы разлічваем на дыялог як з бізнесменамі з Арменіі, так і з прадстаўнікамі замежнай армянскай дыяспары", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларусь цікавіць вопыт Арменіі ў галіне атамнай энергетыкі. "Вы ведаеце, што Беларусь будуе першую ў гісторыі краіны атамную электрастанцыю, і абмен інфармацыяй аб бяспечнай эксплуатацыі атамных электрастанцый, а таксама новых падыходах да будаўніцтва энергаблокаў выклікае ўзаемны інтарэс", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Арменіі набыты значны вопыт эксплуатацыі такіх аб'ектаў. "Мы разлічваем, што хаця б дзясятак добрых спецыялістаў Арменія зможа накіраваць у Беларусь для таго, каб яны дапамаглі нам на першых этапах у эксплуатацыі АЭС, якая будуецца", - сказаў ён.
Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, актыўна развіваецца і гуманітарная састаўная частка двухбаковых адносін.
Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне дасягнутымі па выніках перагавораў дамоўленасцямі. Ён адзначыў, што праведзеныя сустрэчы прадэманстравалі агульную зацікаўленасць у развіцці канструктыўнага супрацоўніцтва і наяўнасць рэальных перспектыў для рэалізацыі сумесных планаў.
Прэзідэнт Арменіі ў сваю чаргу адзначыў, што афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы праходзіць напярэдадні 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. "Да гэтай даты мы падыходзім, маючы не толькі адпаведны ўзровень двухбаковага супрацоўніцтва, але і з цвёрдым разуменнем таго, што набыты за гэтыя гады станоўчы вопыт міждзяржаўнага ўзаемадзеяння з'яўляецца нашым агульным здабыткам", - сказаў ён.
Серж Саргсян расказаў, што ў ходзе перагавораў былі абмеркаваны самыя розныя пытанні ў сферы эканомікі, геапалітыкі, гуманітарных сувязей. У прыватнасці, была абмеркавана дзейнасць міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, чарговае пасяджэнне якой адбудзецца летам бягучага года. Таксама абмяркоўваліся канкрэтныя і шматабяцальныя планы ў сферы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, забеспячэння ўзаемнага доступу тавараў і паслуг на рынкі Беларусі і Арменіі.
Паводле слоў армянскага лідара, асаблівая ўвага на перагаворах была ўдзелена пытанням паглыблення ўзаемадзеяння Беларусі і Арменіі ў рамках міжнародных арганізацый. Бакі абмяняліся думкамі аб развіцці супрацоўніцтва ў АДКБ, абмеркавалі працэсы ў СНД. "Мы гатовы аказаць неабходную падтрымку нашым беларускім сябрам у забеспячэнні паспяховасці іх старшынства ў Садружнасці", - запэўніў Серж Саргсян.
Акрамя таго, Прэзідэнт Арменіі падкрэсліў, што народы дзвюх краін гістарычна звязаны асаблівымі дружалюбнымі адносінамі. "Мы адзіныя ў тым, што будучае нашых адносін павінна быць гарманічным з нашым гістарычным мінулым, паколькі мы бок у бок прайшлі праз перыпетыі мінулага стагоддзя, плячо ў плячо змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тысячы армян загінулі на беларускіх франтах. Наша дружба змацавана крывёй загінуўшых герояў, і нам трэба яе зберагчы і прымножыць", - падкрэсліў Серж Саргсян.
Па выніках перагавораў у прысутнасці прэзідэнтаў былі падпісаны некалькі двухбаковых пагадненняў. Сярод іх міжурадавае пагадненне аб абмене інфармацыяй і супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі і радыяцыйнай аховы, міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў забеспячэнні правоў асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцей, пагадненне паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Арменіі аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі. Паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Арменіі заключаны мемарандум аб развіцці супрацоўніцтва.
У Ерэване таксама падпісана Праграма супрацоўніцтва ў галіне фізічнай культуры і спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам спорту і па справах моладзі Арменіі на 2013-2014 гады.
Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка наведаў Мемарыял памяці ахвяр генацыду армян 1915 года, дзе ўсклаў вянок.
Плённыя перагаворы ў Ерэване правялі і члены афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Іх вынікам сталі канкрэтныя дамоўленасці ў розных сферах. Напрыклад, па лініі Міністэрства прамысловасці на гэты год заключаны кантракты на пастаўку ў Арменію некалькіх соцень трактароў. Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб прапрацоўцы пытання стварэння ў Арменіі сумеснай вытворчасці трактароў малой магутнасці, якія запатрабаваны ў фермерскіх гаспадарках.
Таксама абмяркоўваліся пастаўкі ў Арменію велікагрузных аўтамабіляў БелАЗ.
Канкрэтныя дамоўленасці дасягнуты і па лініі Мінсельгасхарча, у прыватнасці аб пастаўках у Арменію прадуктаў харчавання.
Вялікая ўвага на перагаворах удзелена развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Арменію прадоўжыўся 14 мая. Кіраўнік беларускай дзяржавы наведаў Армянскую АЭС.
Беларусь зацікаўлена ў вывучэнні вопыту Арменіі ў сферы эксплуатацыі і забеспячэння бяспекі атамнай электрастанцыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Армянскай АЭС.
Кіраўнік дзяржавы запрасіў армянскіх атамшчыкаў у Беларусь для абмену вопытам у галіне атамнай энергетыкі. "Нам патрэбна каля дзясятка класных спецыялістаў, якія будуць вучыць і перадаваць свой вопыт беларусам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Напярэдадні ў Ерэване было падпісана міжурадавае пагадненне аб абмене інфармацыяй і супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі і радыяцыйнай абароны.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь ідзе па шляху развіцця самых высокіх тэхналогій, аб чым сведчыць запуск уласнага штучнага спадарожніка Зямлі і будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Аляксандр Лукашэнка наведаў другі блок Армянскай АЭС, азнаёміўся з работай станцыі, агледзеў розныя тэхналагічныя ўчасткі. Цяпер на станцыі выпрацоўваецца амаль 40% усёй электраэнергіі, што спажываецца ў Арменіі. Армянская АЭС была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1976 годзе. На ёй устаноўлены два энергаблокі расійскага ўзору ВВЭР-440 агульнай магутнасцю 815 МВт. Першы блок быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1976 годзе, другі - у 1980 годзе. Характэрна, што ў час магутнага землетрасення ў Спітаку ў 1988 годзе энергаблокі станцыі не былі пашкоджаны і прадаўжалі працаваць на поўнай магутнасці.
Інтарэс армянскага боку да супрацоўніцтва ў сферы ядзернай бяспекі можа заключацца ў вывучэнні беларускага вопыту пры будаўніцтве новай АЭС. Як і Беларусь, Арменія і ў далейшым плануе развіваць атамную энергетыку. У жніўні 2010 года расійскім і армянскім бакамі падпісана пагадненне аб будаўніцтве новага блока на Армянскай АЭС з рэактарам магутнасцю 1060 МВт і тэрмінам эксплуатацыі 60 гадоў. Галоўным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам выступае расійскі бок у асобе ААТ "Атамэнергапраект". Будаўніцтва новага блока АЭС у Арменіі плануецца пачаць у 2014-2015 гадах, тэрмін будаўніцтва - 5 гадоў.
Генеральны дырэктар Армянскай АЭС Гагік Маркасян лічыць, што без дыверсіфікацыі крыніц атрымання электраэнергіі немагчыма забяспечыць энергетычную бяспеку краіны, і атамная энергетыка з'яўляецца адным з важных звёнаў у рэалізацыі гэтай задачы. Што датычыцца праекта Беларускай АЭС, то ён выказаў упэўненасць, што гэта станцыя будзе адпавядаць самым сучасным нормам і патрабаванням бяспекі.
У другой палавіне дня Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у адкрыцці царквы Сурб Аванэс (Святога Іаана) у горадзе Абавян, які размешчаны за 16 км на паўночны ўсход ад Ерэвана і з'яўляецца горадам-спадарожнікам армянскай сталіцы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы прысутнічаў на богаслужэнні з нагоды асвячэння царквы, якое правёў Каталікос усіх армян, Вярхоўны Патрыярх Армянскай апостальскай царквы Гарэгін II. На мерапрыемстве прысутнічалі Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, экс-прэзідэнт Роберт Качаран і старшыня партыі "Квітнеючая Арменія" Гагік Царукян. Пасля завяршэння богаслужэння прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Серж Саргсян паставілі ў храме царкоўныя свечкі.
Царква Святога Іаана пабудавана ў цэнтры горада Абавян з чырвона-аранжавага туфу і аформлена разнымі арнаментамі і барэльефамі святых. Яна размешчана на ўзвышшы невялікага маляўнічага ўзгорка.