Сустрэча з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам

  • 12
  • 4:18

Беларусь і Сербія гатовы развіваць адносіны на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах і ў бліжэйшы час выйсці на рэалізацыю буйных сумесных праектаў. Такую пазіцыю прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч пацвердзілі 12 сакавіка на сустрэчы ў Мінску.

У час перагавораў у вузкім складзе Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на наяўнасць палітычнай волі для развіцця адносін Беларусі і Сербіі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бягучы момант у адносінах характарызуецца тым, што краіны не пачынаюць, а прадаўжаюць адносіны. "Так, у нашых адносінах, на жаль, быў пэўны перапынак, аднак нягледзячы на гэта, і ў эканоміцы, і ў гандлі мы дасягнулі пэўных вынікаў. У нас сёння ёсць і палітычная воля. Таму мы не пачынаем, а прадаўжаем будаваць тое, што было пачата", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў краін ёсць добры фундамент для развіцця адносін, створана неабходная нарматыўна-прававая база.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дзяржавы абавязкова даб'юцца поспеху ў развіцці двухбаковых адносін. "І ў нас, і ў вас, а ва ўсім свеце яшчэ больш праблем, тым не менш разам мы іх можам вырашыць і абавязкова павінны вырашыць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Беларусь і Сербія выбудоўваюць сувязі не супраць кагосьці, а дзеля карысці народаў дзвюх краін. "Мы з беларускага боку гатовы ісці ў адносінах настолькі далёка, наколькі гэта прымальна для вас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця.

"Сёння мы вітаем блізкага па духу чалавека, прадстаўніка той краіны, да якой мы ставіліся і ставімся з вялікай любоўю", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Сербіі адзначыў, што раней неаднаразова бываў у Беларусі, аднак на пасадзе Кіраўніка дзяржавы ўпершыню наведвае гэту краіну. "Вы сказалі, што ў пэўны момант у нас быў перапынак у адносінах, але гэта была часовая з'ява. Вы ведаеце, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі і народамі нішто не можа перарваць, - заявіў Таміслаў Нікаліч. - Мы асэнсавалі гэту сваю памылку і будзем рабіць усё, каб яе выправіць. У Сербіі няма ворагаў, а Беларусь мы лічым сваім самым важным сябрам". Прэзідэнт Сербіі выказаў надзею, што гэты візіт дасць магчымасць умацаваць палітычныя і эканамічныя сувязі дзяржаў на аснове дружбы, якая існуе паміж народамі дзвюх краін.

На перагаворах у вузкім складзе, якія прадаўжаліся амаль дзве гадзіны, прэзідэнты падрабязна абмеркавалі ўвесь спектр беларуска-сербскіх адносін, уключаючы супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, узаемадзеянне на міжнароднай арэне.

Адкрываючы сустрэчу ў пашыраным складзе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лідары дзвюх краін у час размовы ў вузкім фармаце канцэптуальна выйшлі на вырашэнне многіх праблемных пытанняў.

Лідары дзвюх краін дамовіліся, што асабіста будуць кантраляваць выкананне дасягнутых дамоўленасцей, а таксама вызначылі тактыку дзеянняў на бліжэйшы год. Так, да летняй сустрэчы міністраў замежных спраў дзвюх краін будуць праінвентарызаваны ўсе праекты, дагаворы, пагадненні, каб мець поўную карціну напрамкаў далейшага супрацоўніцтва. Восенню адбудзецца пасяджэнне Міжурадавай беларуска-сербскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, дзе будуць падведзены прамежкавыя вынікі. У канцы года або пачатку наступнага прэзідэнты дзвюх краін маюць намер сустрэцца ў Сербіі, каб пракантраляваць, што за гэты час было зроблена.

"Мы выбудуем тры этапы нашых адносін, каб надаць ім салідную дынаміку", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў гатоўнасць Беларусі выбудоўваць з Сербіяй узаемаадносіны на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах: у палітыцы, эканоміцы, міжпарламенцкім, навукова-тэхнічным, гуманітарным супрацоўніцтве.

Беларусь вельмі зацікаўлена ў тым, каб у бліжэйшы час выйсці на рэалізацыю буйных сумесных праектаў з Сербіяй як у прамысловай кааперацыі, так і ў АПК, будаўніцтве, развіцці інфраструктуры, мадэрнізацыі транспартных і камунальных сістэм.

"Сербія можа паспяхова выкарыстоўваць Беларусь як пляцоўку ў рабоце ў Мытным саюзе, а мы можам працаваць з Сербіяй, разлічваючы на ўвесь Балканскі рэгіён, а можа, і далей", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што за апошні час краіны прыкметна рушылі наперад у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У той жа час Прэзідэнт Беларусі лічыць, што цяперашні аб'ём двухбаковага тавараабароту ў памеры $150 млн. - "гэта капля ў моры і задаволіць нас ніяк не можа". "Грунтавацца толькі на гандлі - гэта мінулае стагоддзе, трэба ісці далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надезю, што ў бліжэйшы час тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягне $0,5 млрд. "Мы, вядома, будзем развіваць інвестыцыі і ў Беларусі, і ў Сербіі, падтрымліваючы інвестараў, бізнес, розныя вытворчыя праграмы", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнты дзвюх краін лічаць, што неабходна ствараць сумесныя прадпрыемствы і разам выходзіць з прадукцыяй на рынкі трэціх краін. "Таміслаў Нікаліч толькі што сказаў, што сербскія тавары памятаюць, але ім сёння няма чаго прадаваць. Гэта самая лёгкая праблема, якую можна вырашыць. І мы гатовы аб'яднаць намаганні. Мы ўмеем вырабляць, а вы ўмееце добра гандляваць, таму нам трэба аб'яднацца і разам выступаць на знешніх рынках", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка з цяперашнім візітам Прэзідэнта Сербіі ў Беларусь звязвае перспектывы далейшага развіцця дружалюбнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі. Паводле слоў беларускага лідара, для гэтага ёсць добрая аснова - гістарычная, культурная і духоўная блізкасць, традыцыйная дружба і высокая ступень узаемнай павагі славянскіх народаў.

"Ваш сённяшні візіт - гэта не пачатак, гэта прадаўжэнне нашых адносін. У нас ёсць фундамент, нарматыўна-прававая база супрацоўніцтва, ёсць агульныя прадпрыемствы, дзе вырабляецца тэхніка. Сітуацыя заключаецца ў тым, што нам не трэба пачынаць спачатку, а пасля паўзы, якая была ў адносінах, пасля пэўнага неразумення трэба ўсё забыць і рухацца наперад. Аснова для гэтага ёсць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на паспяховае ўзаемадзеянне паміж краінамі ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту.

Таміслаў Нікаліч заявіў аб гатоўнасці пераадолець перыяд застою і памылак у развіцці беларуска-сербскіх адносін. Паводле слоў Прэзідэнта Сербіі, з моманту выбрання на гэту пасаду ён імкнуўся знайсці магчымасць для таго, каб прыехаць у Беларусь і "выправіць нейкія памылкі, якія былі дапушчаны ў адносінах да Беларусі". "Лягчэй за ўсё страціць сябра, але сапраўдныя сябры ніколі не знікаюць навекі. Беларусь - вялікі саюзнік Сербіі. Гэта і ваша асабістая палітыка, - сказаў Таміслаў Нікаліч. - Гэты невялікі застой, які быў у час папярэдніх адміністрацый, не даў нам магчымасці прадоўжыць супрацоўніцтва з лепшых пазіцый, чым яны ёсць цяпер. Але гэта і ваш, і наш лёс".

Прэзідэнт Сербіі падкрэсліў, што як ва ўнутранай палітыцы, так і ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва неабходна, перш за ўсё, працаваць на карысць і па волі сваіх народаў, забяспечваючы лепшае жыццё для людзей. Існуючы аб'ём гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй ён назваў неадпаведным узроўню дружбы паміж народамі дзвюх краін.

Таміслаў Нікаліч адзначыў, што Беларусі ўдалося захаваць свае вытворчыя магутнасці, між тым як Сербія ў папярэднія гады рэзка скараціла аб'ём прамысловай вытворчасці. Аднак цяпер Сербія імкнецца аднавіць старую дружбу і ранейшыя рынкі. "Гэта шанс для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй. Мы будзем разам вырабляць, прадаваць, купляць", - сказаў Прэзідэнт Сербіі.

Ён адзначыў, што паміж дзвюма краінамі падпісана вялікая колькасць розных пагадненняў, якія з'яўляюцца базай для далейшага супрацоўніцтва.
Таміслаў Нікаліч заявіў аб падтрымцы той палітыкі і курсу ў развіцці краіны, якія рэалізуюцца ў Беларусі. "Віншую вас з тым, як ваша краіна спраўляецца з наступствамі сусветнага эканамічнага крызісу, які перажываюць і значна больш моцныя эканомікі", - адзначыў ён.

"Усё, аб чым мы дамовімся, мы рэалізуем. І вы, і я будзем гарантамі гэтых дамоўленасцей і пагадненняў, - сказаў Таміслаў Нікаліч. - Нам патрэбны добрыя адносіны, заснаваныя на даверы, павазе і жаданні, каб нашы народы жылі лепш".

"Гэтым візітам я хачу паказаць, што Сербія знаходзіцца на шляху супрацоўніцтва з усімі краінамі свету", - падкрэсліў сербскі Прэзідэнт.

"Сербія стараецца стаць членам Еўрасаюза. Мы выконваем усе патрабаванні Савета ЕС, якія з'яўляюцца нармальнымі для любой дзяржавы, - сказаў Таміслаў Нікаліч. - Наша вялікае жаданне, каб Сербія стала членам Еўрасаюза, і мы выканаем усё тое, што суверэнная і самастойная дзяржава, якая ганарыцца сабой, можа зрабіць. Але ніхто не можа дыктаваць нам, хто нашы сябры ў свеце. Беларусь мы лічым нашым самым вялікім сябрам". Разам з тым ён адзначыў, што ў яго краіны ёсць праблема адносна Косава і Метохіі. "Гэта частка нашай тэрыторыі, на якой мы не ажыццяўляем уладу. Мы аддалі яе ў рукі ААН, а яны год за годам паступова перадавалі ў рукі албанцаў", - заявіў сербскі Прэзідэнт. "Можа, дагэтуль здавалася, што Сербія гатова зрабіць усё для таго, каб стаць членам ЕС. І тады ва ўсіх павысіўся апетыт. Сёння я сказаў, што існуюць рэчы, якія Сербія не гатова зрабіць нават цаной уступлення ў ЕС", - падкрэсліў Кіраўнік сербскай дзяржавы.

Прэзідэнт Сербіі таксама падзякаваў Беларусі за падтрымку Сербіі ў яе барацьбе за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту.

"Мы разумеем усе вашы цяжкасці і беды. Сербія шмат гадоў была пад санкцыямі ЕС, і ад гэтага ідуць карані нашага крызісу. Але і тады мы не здаваліся, і яны павінны былі нас бамбіць, - адзначыў Прэзідэнт Сербіі. - Я спадзяюся, што такі від дэмакратыі больш нідзе не будуць уводзіць".

Таміслаў Нікаліч падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за яго падтрымку ў цяжкай сітуацыі і мужнасць, якую паказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, прыехаўшы ў Сербію ў час бамбардзіровак. "Мы гэтага ніколі не забудзем", - запэўніў ён.

Па выніках праведзеных перагавораў прэзідэнты пацвердзілі рашучасць на працягу года значна актывізаваць адносіны Беларусі і Сербіі.

"Вядома, мы гэтыя гады не лодарнічалі, але многае за гэты час упушчана. І мы сёння дамовіліся, што мы не проста поўныя рашучасці залатаць гэту брэш у адносінах, але проста ўпэўнены, што мы зробім вельмі шмат, і ўжо на працягу гэтага года, каб вывесці адносіны Беларусі і Сербіі на самы высокі ўзровень у імя нашых народаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў гістарычную значнасць сустрэчы лідараў дзвюх краін у Мінску ў кантэксце таго, што гэты афіцыйны візіт Прэзідэнта Сербіі з'яўляецца першым візітам у Беларусь Кіраўніка сербскай дзяржавы за апошнія 17 гадоў. "Хачу Вам падзякаваць за візіт і за тую мужнасць, якую Вы праявілі, прыехаўшы ў Беларусь у цяперашняй сітуацыі, якая складваецца вакол нас у Еўропе. Паверце, гэта будзе на карысць нашым народам і вы аб гэтым ніколі не пашкадуеце", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч падпісалі сумесную заяву, у якой заявілі аб узаемным імкненні да далейшага ўмацавання доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі як на двухбаковай аснове, так і ў фармаце шматбаковага ўзаемадзеяння.

Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым развіцці двухбаковага палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, умацаванні міжпарламенцкіх сувязей, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў беларуска-сербскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы і пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва.

У сумеснай заяве падкрэслена паслядоўная падтрымка Беларуссю суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Сербія і выпрацоўкі ўсёабдымнага і ўзгодненага рашэння адносна Косава і Метохіі.

Бакі пацвердзілі прыхільнасць дзвюх краін да агульнапрызнаных норм міжнароднага права, мэт і прынцыпаў статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, умацавання ролі ААН у вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманню міжнароднага міру і бяспекі, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам.

Прэзідэнты таксама акцэнтавалі ўвагу на прыхільнасці Беларусі і Сербіі да вырашэння міжнародных канфліктаў і спрэчак на аснове агульнапрызнаных норм міжнароднага права і асноватворных прынцыпаў статута ААН.

У дакуменце адзначаецца, што беларускі бок разлічвае на канструктыўны падыход і падтрымку Сербіі па важных для Беларусі пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва. Прэзідэнты дамовіліся прадоўжыць практыку ўзаемнай падтрымкі ініцыятыў і кандыдатур дзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый, а таксама пашыраць супрацоўніцтва па лініі рэгіянальных арганізацый і ініцыятыў - АБСЕ, ЦЕІ і АЧЭС.

У кантэксце старшынства Сербіі ў АБСЕ ў 2015 годзе прэзідэнты выказалі намеры дзвюх краін пашырыць узаемадзеянне на пляцоўцы гэтай еўрапейскай арганізацыі ў мэтах забеспячэння раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва пры захаванні ў яе аснове прынцыпу кансэнсусу, а таксама садзейнічаць далейшаму павышэнню эфектыўнасці АБСЕ і завяршэнню працэсу міжнародна-прававога афармлення гэтай арганізацыі.

Акрамя таго, акцэнтавана ўзаемная перакананасць, што толькі раўнапраўны і канструктыўны дыялог можа садзейнічаць урэгуляванню міжнародных рознагалоссяў пры адмове ад любых дзеянняў, якія перашкаджаюць такому дыялогу.

У сумеснай заяве таксама змешчаны дамоўленасці па развіццю ўзаемадзеяння на пляцоўцы ААН. У прыватнасці, сумесна выступаць за эфектыўнае і поўнае выкананне Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі, за неабходнасць стварэння ў ААН глабальнага механізма, які забяспечвае доступ усіх краін да тэхналогій выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі.

Дасягнута дамоўленасць правесці кансультацыі па тэматыцы ўзаемадзеяння ў рамках ААН і міжнародных еўрапейскіх рэгіянальных арганізацый.

Кіраўнікі дзяржаў таксама падкрэслілі актуальнасць намаганняў па пераадоленню існуючых адрозненняў ва ўзроўні эканамічнага і тэхналагічнага развіцця дзяржаў, якія ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную камісію ААН. У сувязі з гэтым яны выказалі намер выступаць за ўмацаванне мандата і патэнцыялу ЕЭК ААН у такіх галінах, як дзяржаўна-прыватнае партнёрства, інавацыйнае развіццё, гандаль, транспарт і энергетыка.

Прэзідэнты Беларусі і Сербіі адзначылі новыя перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных адносін у сувязі з удзелам Рэспублікі Беларусь у Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы і, падкрэсліваючы значэнне пагаднення аб свабодным гандлі, заключанага Рэспублікай Сербія з дзяржавамі - членамі Мытнага саюза, заявілі аб зацікаўленасці ў далейшым паглыбленні эканамічных адносін.

Кіраўнікі дзяржаў выказалі задавальненне дадатнай дынамікай развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і выказаліся за паглыбленне двухбаковых сувязей па шэрагу прыярытэтных напрамкаў. Сярод іх павелічэнне аб'ёмаў і дыверсіфікацыя структуры ўзаемнага тавараабароту, сумесны пошук новых сфер эканамічнага ўзаемадзеяння, пашырэнне супрацоўніцтва ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, транспартнай і энергетычнай сферах, харчовай і дрэваапрацоўчай галінах прамысловасці, развіццё вытворчай кааперацыі і міжрэгіянальных сувязей, стварэнне спрыяльных умоў для пашырэння кантактаў паміж дзелавымі коламі.

Беларусь і Сербія таксама маюць намер актывізаваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, пашырыць узаемадзеянне ў сферах культуры, спорту, турызму і адукацыі.

У прысутнасці прэзідэнтаў падпісаны міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю, дагавор паміж Беларуссю і Сербіяй аб прававой дапамозе па грамадзянскіх і крымінальных справах, мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Міністэрствам культуры і інфармацыі Сербіі.

Таміслаў Нікаліч узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Рэспублікі Сербія, які з'яўляецца вышэйшай дзяржаўнай узнагародай гэтай краіны, за заслугі ў развіцці і ўмацаванні супрацоўніцтва і дружалюбных адносін.