Адкрыццё XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея

  • 15

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня даў старт адкрыццю XV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея і XXIII Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў "Залатая шайба".

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў спаборніцтваў і балельшчыкаў з пачаткам новага спартыўнага года, адзначыўшы, што для Беларусі, краіны - гаспадыні II Еўрапейскіх гульняў, ён будзе асаблівым, насычаным яркімі падзеямі маючых адбыцца летніх спаборніцтваў. "Сёння адкрываем Калядны турнір. Першы матч мы правялі 15 гадоў таму, даўшы старт добрай традыцыі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што геаграфія ўдзельнікаў турніру штогод пашыраецца, жадаючых прыехаць у Беларусь становіцца ўсё больш. "І каб нікога з нашых сяброў не пакрыўдзіць, на гэты раз нам нават давялося змяніць фармат спаборніцтваў. У турніры прымуць удзел ужо не восем, а дванаццаць каманд", - заўважыў Прэзідэнт.

На лёд выйдуць хакеісты з Беларусі, Расіі, Германіі, Кітая, ААЭ, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі. Змагацца за галоўны прыз Каляднага турніру таксама будуць зборныя Балтыі, Балкан і Міжнароднай федэрацыі хакея.

"Гэты турнір унікальны. Ён наглядна дэманструе, што спорт аб'ядноўвае народы, нягледзячы на палітычныя крызісы і рознагалоссі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Але галоўнае - мінскі лёд збірае сапраўдных мужчын, адданых хакею, не толькі моцных духам, целам, а таксама шчыра жадаючых зрабіць свет лепшым".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў спартсменам, якія ў рамках турніру прымаюць удзел у каляднай дабрачыннай акцыі, за спагадлівасць, добрае і ўважлівае стаўленне да беларускіх дзяцей - выхаванцаў дзіцячых дамоў. "Вы ўсяляеце ў гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак веру ў людзей, дапамагаеце ім адчуць сябе патрэбнымі, па-сапраўднаму шчаслівымі. І вядома, сваім прыкладам вы даяце правільны арыенцір - прывіваеце інтарэс да здаровага ладу жыцця, любоў да вялікага спорту", - сказаў Прэзідэнт.

Не выпадкова, дадаў ён, фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба" стаў спадарожнікам турніру ветэранаў хакея. І гэта, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, яшчэ адна добрая традыцыя.

"Дазвольце ад усёй душы павіншаваць удзельнікаў спаборніцтваў, аматараў спорту з Новым годам і светлымі каляднымі святамі. Спартсменам перш за ўсё жадаю паказаць захапляючую і рэзультатыўную гульню. Пятнаццаты калядны міжнародны турнір і дваццаць трэція рэспубліканскія спаборніцтвы "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Беларусі аб'яўляю адкрытымі", - даў старт спаборніцтвам Аляксандр Лукашэнка.

Пасля ўрачыстага адкрыцця турніру Кіраўнік дзяржавы ў складзе каманды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у матчы супраць зборнай Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF). Гульня завяршылася з лікам 13:7 на карысць беларускай дружыны.