Адкрыццё XIII Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея

  • 12

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня прыняў удзел у адкрыцці трынаццатага Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у спартыўным комплексе "Чыжоўка-Арэна".

"Нас чакаюць захапляльныя і яркія баталіі на лядовых арэнах. Зноў сыдуцца каманды, якія гатовы ўпарта змагацца за галоўны прыз, паказваць гледачам высокі клас гульні, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэты турнір з'яўляецца самым маштабным па колькасці краін-удзельніц. Мы рады вітаць ігракоў з 15 дзяржаў. Да нас прыехалі пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету, Алімпійскіх гульняў, хакеісты, якія выступалі ў Нацыянальнай хакейнай лізе".

У гэтым годзе ў спаборніцтвах прымаюць удзел хакейныя дружыны з Расіі, Германіі, Славакіі, Фінляндыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Швейцарыі. Кожная з іх у свой час ужо выпрабоўвала на трываласць мінскі лёд, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. На гэты раз да іх далучыцца зборная Балкан, у складзе якой ігракі з Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Харватыі і Турцыі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што хакей карыстаецца асаблівай любоўю і ўвагай беларусаў. "Нашы гледачы змогуць па заслугах ацаніць дакладны кідок, галявы пас, самаадданую гульню варатара, філігранную тэхніку нападаючага і зладжанасць дзеянняў кожнай з каманд, - упэўнены беларускі лідар. - Госці сталіцы пераканаюцца ў традыцыйнай гасціннасці беларускага народа, змогуць азнаёміцца з Беларуссю, яе гісторыяй і культурай, набыць новыя цікавыя кантакты. Спорт - гэта лепшая форма народнай дыпламатыі".

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў і гледачоў спаборніцтваў з Новым годам і Калядамі і аб'явіў турнір адкрытым.

Таксама Кіраўнік дзяржавы ў складзе каманды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у матчы супраць зборнай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Гульня завяршылася з лікам 7:3 на карысць беларускай дружыны.