Адкрыццё ўчастка другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска
- 14
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка адкрыў участак другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска.
Агульная працягласць новай кальцавой аўтадарогі складзе каля 159 км. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, яе прапануецца не забудоўваць аб'ектамі прыдарожнай інфраструктуры. Аляксандр Лукашэнка лічыць гэту прапанову разумнай. "У нас праз кожныя 40-50 км па любой трасе добрыя населеныя пункты, раённыя цэнтры, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - У раённых цэнтрах - Бярозе, Кобрыне, Дзяржынску - трэба будаваць гэтыя аб'екты, дзе ёсць людзі, інфраструктура".
На думку Кіраўніка дзяржавы, гэта пасадзейнічае развіццю раённых цэнтраў і іншых пасёлкаў, якія знаходзяцца паблізу трасы. Прадаўжаючы тэму, Прэзідэнт выказаўся супраць ушчыльнення Мінска і нацэліў на павелічэнне будаўніцтва жылля і інфраструктуры за МКАД.
"Не трэба вельмі ўшчыльняцца ў Мінску - насельніцтва пачынае ўжо крыўдзіцца. За кальцавой дарогай (у раёне Заслаўя, Радашковіч, Жодзіна, Смалявіч, Рудзенска, Фаніпаля, Дзяржынска) - шмат месц, дзе можна будаваць жыллё і іншыя аб'екты", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Паралельна неабходна ўдасканальваць сістэму зносін, дапаўняючы аўтатранспартныя чыгуначнымі, дадаў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта будзе зручна, і мы не перанасыцім Мінск", - сказаў ён, яшчэ раз падкрэсліўшы, што жыллё ў сталіцы неабходна будаваць па мінімуму. "Няма чаго сцягваць усіх у Мінск. Сёння тут жыве амаль два мільёны, пятая частка насельніцтва. Калі яшчэ падцягнем, будзе, як у Маскве, - не павярнуцца", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі і перспектывах транспартнай інфраструктуры Беларусі, уключаючы аўтамабільны і чыгуначны транспарт. Будаўніцтва другога кальца ідзе ў два этапы. Першы павінен быць завершаны да 1 студзеня 2016 года. Да гэтага часу будзе здадзены ўчастак аўтадарогі М3 Мінск - Віцебск да аўтадарогі М6/Е28 Мінск - Гродна - граніца Польшчы (Брузгі). Другі этап будаўніцтва, як плануецца, завершыцца ў 2017 годзе на ўчастку ад аўтамабільнай дарогі М6/Е28 Мінск - Гродна - граніца Польшчы (Брузгі) да аўтамабільнай дарогі М1/Е30 Брэст "Казловічы" - Мінск - граніца Расіі (Рэдзькі).
Прэзідэнт лічыць своечасовым будаўніцтва другой кальцавой аўтадарогі, паколькі гэта дапаможа разгрузіць галоўныя магістралі Мінска. Пры гэтым важна, што выкарыстоўваюцца айчынныя матэрыялы, што робіць больш танным працэс, дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што другая кальцавая павінна стаць узорам дарожнага будаўніцтва.
Кіраўнік дзяржавы зрабіў азнаямленчую паезку па ўчастку дарогі, які адкрыўся, паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый-падрадчыкаў і жыхарамі Мінскага раёна, адказаў на іх пытанні, у тым ліку па міжнароднай тэматыцы.
![]()