Адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава

    Па ініцыятыве туркменскага боку 17 лютага адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.

    Туркменскі лідар выказаў словы шчырай удзячнасці кіраўніку беларускай дзяржавы за цёплыя віншаванні ў сувязі з перамогай на выбарах Прэзідэнта Туркменістана.

    Бакі абмеркавалі бягучы стан і перспектывы рэалізацыі шэрагу буйных двухбаковых ініцыятыў. У прыватнасці, разгледжаны ход выканання праекта будаўніцтва беларускім бокам "пад ключ" Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

    Кіраўнікі дзяржаў таксама падрабязна спыніліся на пытаннях арганізацыі сумеснай вытворчасці беларускай тэхнікі ў Туркменістане і яе паставак на рынкі краін рэгіёну.

    Гурбангулы Бердымухамедавым 10 лютага 2012 года падпісана пастанова Урада аб закупках больш за 2 тыс. трактароў маркі "Беларус" і запасных частак да іх на агульную суму больш як $40 млн.

    У стадыі абмеркавання знаходзіцца шэраг іншых сумесных праектаў, сярод якіх пастаўкі беларускай грузавой і камунальнай тэхнікі. Па дамоўленасцях кіраўнікоў дзяржаў цяпер у Беларусі навучаюцца амаль 6 тыс. туркменскіх студэнтаў.

    Гурбангулы Бердымухамедаў ад імя туркменскага народа перадаў самыя цёплыя пажаданні шчасця, працвітання і дабрабыту брацкаму народу Беларусі. "Мы вельмі любім беларускі народ і гатовы зрабіць усё, што ад нас залежыць, для далейшага ўмацавання сапраўды дружалюбных адносін паміж намі", - асабліва падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана.