Адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым

  • 3
  • 2:10
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 сакавіка сустрэўся з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Украіны, старшынёй Вярхоўнай Рады Аляксандрам Турчынавым. Сустрэча прайшла ў Ляскавічах Гомельскай вобласці.

"Нам даўно, відаць, трэба было сустрэцца, каб абмяняцца думкамі аб сітуацыі, якая складваецца не толькі ва Украіне, але і вакол нас, вызначыцца аб далейшых нашых кроках, узаемаадносінах дзвюх дзяржаў, двух вельмі блізкіх народаў. Думаю, што ў выніку сённяшніх перагавораў мы знойдзем нейкі агульны пункт гледжання. Іх шмат, яны ўжо абазначыліся за гэты час. І паспрабуем зблізіць нашы пазіцыі па пытаннях, якія, магчыма, сёння з-за няхваткі інфармацыі не знаходзяць належнага разумення", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка па выніках трохгадзінных перагавораў, на сустрэчы з Аляксандрам Турчынавым абмяркоўваліся актуальныя пытанні беларуска-ўкраінскіх адносін. "Гэта былі вельмі карысныя перагаворы. Мы абмяняліся думкамі па ўсіх пытаннях. І я вельмі рады вынікам нашай сустрэчы. Мы знайшлі разуменне па ўсіх праблемах і хвалюючых нас пытаннях. Мы можам спакойна сёння раз'ехацца ў Мінск і Кіеў і быць задаволенымі тымі дамоўленасцямі, якіх мы тут дасягнулі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, калі паміж бакамі і было нейкае неразуменне, то толькі з-за няправільнай інфармаванасці па тых ці іншых праблемах. "Я ўдзячны таксама за тую адкрытасць і цеплыню, якую вы змаглі прыўнесці ў гэту нашу сустрэчу", - сказаў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да Аляксандра Турчынава.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакам удалося дамовіцца па ўсіх пытаннях, і ў прыватнасці ў сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што раней на працягу некалькіх гадоў Аляксандр Турчынаў займаў пасаду першага віцэ-прэм'ер-міністра Украіны і з'яўляўся сустаршынёй беларуска-ўкраінскай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Як я сёння мог пераканацца, ён добра помніць і ведае праблемы, якія існавалі ў адносінах Украіны і Беларусі, і ён іх вельмі дакладна сёння ўсе пералічыў, - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Я пры падрыхтоўцы да сустрэчы таксама гэтыя праблемы ўзнімаў. Як аказалася, у нас ёсць вельмі вялікая патрэбнасць, калі мы недзе і праваліліся па якіх-небудзь напрамках, тэрмінова аднавіць нашы адносіны".

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што ў сувязі з гэтым лідары дзвюх краін абмяркоўвалі праблемы транспартнага калідора ад Чорнага мора да Балтыкі. "Мы дамовіліся аб тым, што ў бліжэйшы час у рамках існуючай сёння камісіі мы разгледзім і, калі трэба, пральгатуем гэты транзіт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На перагаворах разглядалася пытанне закупак беларускім бокам электраэнергіі ва Украіне. "Мы ўсе добра разумеем, што ва Украіне вялікія магутнасці па вытворчасці электраэнергіі, і мы можам купляць лішкі. Мы таксама закранулі пытанне транзіту электраэнергіі праз Беларусь", - адзначыў беларускі лідар.

Акрамя таго, абмяркоўваліся работа сумесных прадпрыемстваў ва Украіне і Беларусі і планы па далейшым развіцці супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. Беларусь гатова дапамагаць Украіне ў сферы сельскай гаспадаркі.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Аляксандру Турчынаву за тое, што ён адкрыта і сумленна праінфармаваў аб усіх тэндэнцыях і палітычных пытаннях, якія востра стаяць ва Украіне, аб тым, як усё адбывалася. "Для мяне многае было адкрыццём. Я вельмі шмат з першых вуснаў пачуў таго, аб чым я, на жаль, не ведаў і ведаць не мог. Я думаю, што гэта таксама ў скарбонку нашых добрых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы не павінны бачыць у нас не тое што праціўнікаў, сапернікаў... Вы нават думаць так не можаце. Мы заўсёды па-брацку, па-чалавечы адносіліся да ўкраінцаў. Гэта нашы людзі. Я заўсёды кажу: гэта наша Украіна, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта тыя ж людзі, асабліва тут (на Палессі). Палессе яно і беларускае, і ўкраінскае, тут не разбярэш, хто жыве. Нават гаворка тут у беларусаў больш падобная на ўкраінскую".

"Я доўгі час тут жыву, тут мой дом з чарнобыльскіх часоў, калі ўсе баяліся сюды ездзіць. Я кожную вясну бываю тут. У гэтым турыстычным комплексе (на Прыпяці) шмат бывае людзей: і ўкраінцаў, і рускіх, і беларусаў, і яўрэяў, і татараў, і многіх іншых. Гэта, напэўна, самы талерантны цэнтр у Беларусі", - адзначыў беларускі лідар.

"І вы павінны ведаць, што мы да вас адносімся і адносіліся нават у дні і гады неразумення, як да блізкіх, як да сваіх людзей", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час сустрэчы з Аляксандрам Турчынавым расказаў яму аб тым, што вакол Беларусі створаны пояс добрасуседства, які распасюджваецца прыкладна на 100 км углыб Украіны. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што Беларусь па магчымасці аказвае суседнім рэгіёнам Украіны дапамогу ў правядзенні сезонных сельгасработ. Такая ж практыка існуе і з расійскімі рэгіёнамі, якія мяжуюць з Беларуссю. "І гэта добра, што мы каля граніцы не глядзім адзін на аднаго скоса. Мы сапраўды вельмі доўгія гады выбудоўвалі гэты пояс добрасуседства, і мы не гатовы сёння яго разбурыць, і ў гэтым няма ніякай неабходнасці", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Таму вы павінны ведаць, што наша граніца (тут прысутнічаюць кіраўнікі пагранічных ведамстваў) - гэта граніца не раздзялення, а дружбы. Вы ніколі не чакайце тут нейкіх нядобрых імкненняў з боку беларусаў. Нам гэта не патрэбна, вам гэта не патрэбна. Мы заўсёды будзем з вамі як з самай блізкай і дружалюбнай дзяржавай і будзем выбудоўваць зыходзячы з гэтага нашы адносіны. Вы гэта цвёрда павінны ведаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Аляксандр Турчынаў адзначыў важнасць двухбаковага супрацоўніцтва. "Украіна і Беларусь гэта не проста суседзі. Гэта брацкія народы, якія сотні гадоў жылі, працавалі і ваявалі плячо ў плячо. Для нас вельмі важна ўмацоўваць адносіны паміж нашымі народамі, каб паміж нашымі краінамі не было непраходных граніц, каб і беларусы, і ўкраінцы адчувалі сябе ў бяспецы, маглі спадзявацца на дапамогу і падтрымку адзін аднаго", - заявіў Аляксандр Турчынаў.

"Я ставіў перад сабой галоўнай мэтай гэтага візіту адчуць падтрымку, добрасуседскія адносіны, дружбу беларускага народа", - падкрэсліў выконваючы абавязкі Прэзідэнта Украіны.

Аляксандр Турчынаў адзначыў, што краіны ў сваіх адносінах заўсёды прыходзілі да рашэння і знаходзілі выйсце з любых складаных сітуацый. Ён прапанаваў абмеркаваць на сустрэчы не толькі палітычныя пытанні, але і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва.

Выконваючы абавязкі Прэзідэнта Украіны падкрэсліў важнасць таго, каб адносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі толькі ўмацоўваліся. Ён адзначыў неабходнасць павелічэння гандлёвага абароту і прапанаваў выпрацаваць дарожную карту ўстаранення існуючых праблем.

Аляксандр Турчынаў таксама ўпэўнены ў наяўнасці каласальнага патэнцыялу для развіцця двухбаковых адносін. "Гэта не толькі транспартны балтыйска-чарнаморскі калідор, гэта і магчымасці сумеснага супрацоўніцтва ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, пытаннях энергазабеспячэння", - сказаў ён.

Акрамя таго, Аляксандр Турчынаў падкрэсліў важнасць духоўнага збліжэння народаў, чаму будзе садзейнічаць правядзенне сумесных мерапрыемстваў у сферы культуры.