Уручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта

  • 3

Беларусь перажыла няпросты перыяд у сваёй навейшай гісторыі без катастроф і страт. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

"Мы змаглі перажыць няпросты перыяд без катастроф і страт. І дапамаглі ў гэтым лепшыя якасці нашага нацыянальнага характару: міласэрнасць і дружалюбнасць, душэўная шчодрасць і гатоўнасць падзяліцца ўсім, што маем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы захавалі незалежнасць, грамадзянскі мір і згоду - у гэтым маральная перамога беларускага народа, які змог пабудаваць грамадства, заснаванае на законах сумлення, справядлівасці і клопату аб чалавеку.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыемна пачынаць год з уручэння ўзнагарод тым, хто талентам і высакароднымі ўчынкамі заслужыў прызнанне грамадства.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заснаванне прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва - лепшая дэманстрацыя таго, якое значэнне ў Беларусі надаецца духоўным каштоўнасцям і чалавекалюбным справам.

"Чужога гора не бывае" - гэта ісціна ўвайшла ў жыццё нашага народа. Беларусы ўмеюць быць разам і ў бядзе, і ў радасці. Недарма мінулы год завяршыўся самай маштабнай за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі дабрачыннай акцыяй "Нашы дзеці", - сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, адной з крыніц унутранай сілы беларускага народа з'яўляецца менавіта культура, якая апіраецца на хрысціянскія традыцыі і славянскія карані. "Гэта наш духоўны хлеб", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што такой значнай падтрымкі, якую дзяржава аказвае айчыннай культуры апошнія гады, не было ніколі раней. Штогод мільярды рублёў укладваюцца ў аднаўленне помнікаў архитэктуры ў Полацку, Гомелі, Міры, Нясвіжы і іншых кутках Беларусі. Адроджаны ў першапачатковым харастве Вялікі тэатр, другое жыццё атрымліваюць будынкі іншых тэатраў, музеяў, кінастудыі "Беларусьфільм".

Дзяржава выступае галоўным спонсарам, мецэнатам праектаў і пачынанняў майстроў мастацтва. Разнастайнасць талентаў дэманструюць фестывалі "Славянскі базар у Віцебску", "Александрыя збірае сяброў", "Лістапад", іншыя культурныя акцыі.

"Беларуская цывілізацыя стваралася не агнём і мячом, а мудрасцю і словам. Менавіта наша зямля дала чалавецтву такіх светачаў хрысціянства, як Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Тут з'явіўся на свет выдатны асветнік Францыск Скарына, які 495 гадоў таму падарыў усходнім славянам першае друкаванае выданне. Беларусь узбагаціла сусветную культуру паэзіяй Янкі Купалы, Якуба Коласа, 130-гадовы юбілей якіх мы адзначаем у гэтым годзе", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што аб'яўленне ў Беларусі Года кнігі павінна надаць новы імпульс развіццю грамадства і адкрыць шырокія гарызонты ў духоўнай сферы.

"Культура павінна знаходзіцца на вышыні задач, якія стаяць перад краінай. Мэта яе сёння - кансалідаваць грамадства, умацаваць будову беларускай дзяржаўнасці. Народ чакае ад нашых майстроў мастацтваў твораў, які знойдуць водгук у мільёнаў людзей", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўзнагароджаных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны з'яўляюцца элітай беларускага грамадства. Ён таксама адзначыў: "Вы асабістым прыкладам даказалі, што для таго, каб дапамагаць людзям, не абавязкова мець незлічонае багацце. Галоўнае - мець шчодрае сэрца і гатоўнасць аддаваць сябе іншым".

Сярод 10 уладальнікаў прэмій "За духоўнае адраджэнне" 2011 года - урачы аддзялення ранняга ўмяшання цэнтральнай дзіцячай паліклінікі Гомеля, якія выратавалі ад цяжкіх хвароб тысячы малышоў; стваральнікі сямейнага дзіцячага дома Галіна і Ігар Бушмакіны; архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый; аўтары ўнікальных мазаік для мемарыяла памяці ахвяр Першай сусветнай вайны і тэлесерыяла аб гарадах-героях.

"Ваша праца ўзбагачае духоўную спадчыну Айчыны, дапамагае грамадству стаць чысцейшым, дабрэйшым. Мы ўдзячны вам за бескарыслівасць і гуманізм", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Агульнанароднае прызнанне атрымалі 9 лаўрэатаў спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, сярод якіх актрыса Бэла Масумян, балерына Кацярына Алейнік, выдатны педагог Яўген Гладкоў, іншыя падзвіжнікі культуры.

Прэміі спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі і Падзякі Кіраўніка дзяржавы ўручаны ўдзельнікам дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2011" Лідзіі Заблоцкай, яе сябрам, педагогам.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў узнагароджаных з высокай ацэнкай іх дзейнасці.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі няма і не будзе ніякага астаткавага прынцыпу адносін улады да культуры. Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць культуру, таленавітых людзей, асабліва педагогаў, і ўсяляк іх заахвочваць - калі не ў бягучым, то ў наступныя гады.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.