Аб некаторых пытаннях адвакацкай дзейнасці

Указ № 265 ад 14 чэрвеня 2012 г.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня падпісаў Указ № 265 "Аб некаторых пытаннях адвакацкай дзейнасці".

Дакумент накіраваны на рэалізацыю Закона "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь".

Указам устанаўліваецца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі Рэспубліканскай і тэрытарыяльных (Мінскай гарадской, абласных) калегій адвакатаў і адвакацкіх бюро.

У адпаведнасці з Указам дзяржаўная рэгістрацыя калегій адвакатаў ажыццяўляецца ў дазвольным парадку, а адвакацкіх бюро - у заяўным парадку.

Ва Указе замацоўваюцца палажэнні, якія прадугледжваюць:

вызначэнне парадку вылічэння падаходнага падатку, што выплачваецца адвакатамі (зыходзячы з даходаў, атрыманых ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, зменшаных на суму ўзносаў на ўтрыманне тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў);

распаўсюджванне на адвакатаў, якія ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць індывідуальна, парадку арганізацыі і правядзення праверак, прадугледжанага для прыватных натарыусаў;

пераўтварэнне Спецыялізаванай беларускай калегіі адвакатаў шляхам яе далучэння да Мінскай гарадской калегіі адвакатаў на правах юрыдычнай кансультацыі з захаваннем назвы "Белінюркалегія".

Указам уносяцца змяненні і дапаўненні ў шэраг указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ва Указ ад 1 верасня 2010 года № 450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці", а таксама прызнаюцца страціўшымі сілу дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 1997 года № 12 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленню адвакацкай і натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" і ад 9 верасня 2002 года № 24 "Аб дзяржаўнай рэгістрацыі калегій адвакатаў".

Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 6 красавіка 2012 года.

Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.