Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва

Каментарый да Указа № 370 ад 10 кастрычніка 2017 г.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка падпісаў Указ № 370 "Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва", які  уваходзіць у пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці.

Дакумент прадугледжвае павышэнне ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва за кошт надзялення яго шэрагам дадатковых паўнамоцтваў. Да кампетэнцыі Савета цяпер будзе адносіцца разгляд і ўзгадненне праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, якія ўплываюць на парадак і ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Больш таго, Савет зможа ўносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства непасрэдна ў Міністэрства эканомікі і Урад. Гэтыя прапановы будуць з'яўляцца абавязковымі для разгляду.

Члены Савета змогуць удзельнічаць у рабоце грамадска-кансультатыўных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, створаных пры рэспубліканскіх органах дзяржкіравання і іншых арганізацыях, падпарадкаваных Ураду, мясцовых органах улады. Практыка паказвае, што менавіта на такіх пляцоўках шляхам дыскусій і абмену меркаваннямі выпрацоўваюцца, а потым і прымаюцца найбольш эфектыўныя рашэнні па рэгуляванні бізнес-сферы.

Указам таксама абноўлены суб'ектны склад Савета. У яго ўвайшлі прадстаўнікі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, занятыя ў розных сферах эканамічнай дзейнасці.