Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях лізінгавай дзейнасці

Каментарый да Указа № 109 ад 6 красавіка 2017 г.
У Беларусі сфарміраваны прававыя ўмовы для прадастаўлення фізічным асобам у валоданне і карыстанне жылых дамоў і кватэр па дагаворах фінансавай арэнды (лізінгу). Адпаведны Указ № 109 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 6 красавіка.

Дакумент накіраваны на актывізацыю рынку жылой нерухомай маёмасці і павышэнне даступнасці жылля для грамадзян.

Указам зацвярджаецца Палажэнне аб лізінгу жылых дамоў і жылых памяшканняў у краіне. У ім устанаўліваюцца асаблівасці парадку заключэння, выканання і скасавання дагавораў лізінгу, а таксама абавязкі бакоў па ім.

У адпаведнасці з дакументам, лізінгаатрымальнікам жылога памяшкання з'яўляецца толькі фізічная асоба - грамадзянін Беларусі або асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы. Жылы дом або кватэра, атрыманыя ў часовае валоданне і карыстанне па дагаворы лізінгу, не могуць выкарыстоўвацца для прадпрымальніцкай дзейнасці. Да іх прымяняюцца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, устаноўленыя для насельніцтва.

Заключаныя дагаворы лізінгу жылых памяшканняў падлягаюць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі.

Таксама ўказам устанаўліваюцца абавязковыя патрабаванні да арганізацый, што прэтэндуюць на права ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці з жылымі памяшканнямі.

За грамадзянінам, які заключыў дагавор лізінгу жылога памяшкання, захоўваецца права знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў да пераходу да яго права ўласнасці на гэта жылое памяшканне.