Зацвярджэнне рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі органамі пагранічнай службы ў 2017 годзе.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў мінулым годзе тэма аховы граніцы двойчы абмяркоўвалася на яго ўзроўні. "Была праведзена праверка практычнай дзейнасці органаў пагранічнай службы, якую вы, напэўна, успрынялі не зусім адназначна. Усе ваенныя ведамствы, перш за ўсё пагранічныя войскі, будуць у фокусе ўвагі Прэзідэнта. Да гэтага трэба прывыкаць. Такая ўвага гэтым пытанням удзяляецца не дарма", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, няпростая міжнародная абстаноўка, узрастанне тэрарыстычнай небяспекі ў свеце, незаконная міграцыя, распаўсюджванне наркотыкаў, зброі прымушаюць бесперапынна павышаць узровень абароны рубяжоў краіны. "Пакуль не даводзіцца разлічваць, што ў бліжэйшы час пагроз нашай пагранічнай бяспецы стане менш", - заявіў Прэзідэнт.

На граніцы ўводзяцца ў строй новыя комплексы кантролю і назірання, вядзецца супрацоўніцтва па адпаведнай тэматыцы з Еўрапейскім саюзам. "Вядома, гэта супрацоўніцтва жадае быць больш аб'ёмным. Таму што мы нясём вялікую нагрузку па абароне Еўрапейскага саюза па асобных напрамках, такіх як незаконная міграцыя, наркагандаль, гандаль людзьмі. Гэта нам абыходзіцца ў добрыя грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што свой уклад у справу аховы Дзяржаўнай граніцы традыцыйна ўносяць не толькі пагранічнікі, але і звычайныя грамадзяне, якія пражываюць у прыгранічнай зоне.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанні аптымізацыі ў органах пагранічнай службы, канстатаваўшы, што іх колькасць і цяпер параўнальна невялікая. "Тым не менш, трэба паглядзець па пераразмеркаванні асабовага складу. Трэба менш людзей у інстытутах, цэнтральных і іншых апаратах, а больш непасрэдна на граніцы", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, што робіцца для аблягчэння перасячэння граніцы грамадзянамі ў пунктах пропуску, якімі мерамі ў далейшым плануецца забяспечваць парадак у пагранічнай зоне і на прыгранічнай тэрыторыі. У ліку абазначаных пытанняў таксама павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых і стварэнне аптымальных умоў для жыцця і службы асабовага складу.

Прэзідэнт асобна выказаўся на тэму ўвядзення бязвізавага ўезду на тэрмін да пяці сутак для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт. "Дакумент распрацоўваўся паўтара года і быў дасканала вывераны ўсімі дзяржаўнымі органамі, у першую чаргу з пункту гледжання ўзнікнення якіх-небудзь рызык для Беларусі, нашых саюзнікаў і суседзяў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на інфармацыйную кампанію, што ўзнікла ў сувязі з гэтым у СМІ. "Часам знаёмішся з заўвагамі гэтых аўтараў і дзівішся. Гэта людзі, якія не разумеюць сутнасці або ж спецыяльна нагнятаюць абстаноўку. Хутчэй за ўсё, спецыяльна. Адмена віз не азначае адмены пагранічнага кантролю. Як ён быў, так і ёсць, - сказаў Прэзідэнт. - Мы тут нічога не парушылі з пункту гледжання нашага ўнутранага заканадаўства. Гэта наша суверэннае права. І мы не парушылі нічога ў плане нашых дамоўленасцей з іншымі дзяржавамі".

Кіраўнік дзяржавы таксама пракаменціраваў тэму стварэння ў Беларусі цэнтраў часовага ўтрымання мігрантаў. "Хачу гэта сказаць яшчэ таму, што, зноў жа, у сродках масавай інфармацыі, я гляджу, некаторыя нашы асабліва "свядомыя" крычаць аб тым, што мы ледзь ці не ператвараем Беларусь у "адстойнік", - сказаў Прэзідэнт. - Хачу папярэдзіць, што ніякага "адстойніка" ў Беларусі быць не павінна. Нам чужыя мігранты тут не патрэбны".

"Калі нехта ў гэтым зацікаўлены, то грошы павінны выдзяляцца не толькі пад стварэнне такіх пунктаў і паселішчаў для незаконных мігрантаў, але і іх далейшую экстрадыцыю. Нам яны тут не патрэбны. Гэта трэба мець на ўвазе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму пакуль далёка ў гэтым плане мы не зайшлі, калі ёсць нейкая небяспека, мы павінны неадкладна прыпыніць такія працэсы. Калі гэта неабходна", - рэзюмаваў Прэзідэнт.