Зацверджаны генеральны план Магілёва на перыяд да 2025 года

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 128 ад 20 красавіка 2017 года, якім адкарэкціраваны генеральны план Магілёва на перыяд да 2025 года.

    Змяненні ў дакумент унесены з улікам элементаў добраўпарадкавання горада, узгодненых у час рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Віцебскую і Магілёўскую вобласці 14 лістапада 2016 года.

    Генеральны план Магілёва распрацаваны на падставе архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі забудовы мікрараёнаў, спецыфікі сацыяльна-эканамічнага развіцця горада, сучаснага стану яго функцыянальных зон і планіровачнай структуры, выкарыстання прылеглых да горада тэрыторый і асноўных транспартных магістралей.

    У межах Магілёва плануецца завяршыць забудову шэрага жылых раёнаў, уключаючы Казіміраўку, Спадарожнік, Сонечны, а таксама ў межах вуліц Крывуліна - Турава, Стасава - Грышына.

    У забудаванай частцы горада прадугледжваецца завяршэнне фарміравання раёнаў сядзібнага будаўніцтва Грабянёва, Дары, Дачны, Гарадшчына, Сараканайск, па праспекце Шміта, у квартале вуліц Аграрнай - Слепакурава, а таксама размяшчэнне аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры пераважна ў раёнах новага будаўніцтва.

    Прадугледжана комплексная рэканструкцыя жылых тэрыторый, у тым ліку знос старога жылля, вынас і перанос шкодных прадпрыемстваў у асобныя перспектыўныя прамзоны, мерапрыемствы па аднаўленні гістарычнай забудовы горада і іншае.

    Рэалізацыя мерапрыемстваў, прадугледжаных генеральным планам, дасць магчымасць прымяняць абгрунтаваныя планіровачныя рашэнні па тэрытарыяльным развіцці горада, рацыянальным заніраванні яго тэрыторый для патрэб гарадскога будаўніцтва, павысіць якасць жыцця насельніцтва за кошт узвядзення аб'ектаў сацыяльнай, транспартнай і інжынернай інфраструктуры.