Заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы Міністэрства замежных спраў Беларусі

    У мэтах захавання і развіцця традыцый беларускай дыпламатыі, павышэння прэстыжу дыпламатычнай службы заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы Міністэрства замежных спраў Беларусі. Адпаведны Указ № 411 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Заснаваны эмблема і флаг МЗС, нагрудны знак адрознення органаў дыпламатычнай службы, нагрудны знак адзнакі органаў дыпламатычнай службы "За заслугі ў дыпламатычнай службе", нагрудны знак адзнакі органаў дыпламатычнай службы "Партнёрства", форменнае адзенне дыпламатычных работнікаў. Зацверджаны таксама адпаведныя палажэнні аб геральдычных сімвалах, іх апісанні і выявы.

    У адпаведнасці з Указам права на нашэнне форменнага адзення маюць дыпламатычныя работнікі, якім прысвоены дыпламатычныя рангі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасланніка першага класа, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасланніка другога класа.

    Акрамя таго, заснавана прафесійнае свята - Дзень дыпламатычнага работніка, якое будзе штогод адзначацца 22 студзеня. Гэта дата звязана з гісторыяй першага знешнепалітычнага ведамства ў перыяд станаўлення (1919-1920 гады) дзяржаўнасці Беларусі - Камісарыята замежных спраў ССРБ. 22 студзеня 1919 года ў газеце "Звязда" была размешчана першая публічная аб'ява аб пачатку дзейнасці Камісарыята і вызначана месца яго размяшчэння - горад Мінск.

    Заснаванне афіцыйных геральдычных сімвалаў сістэмы органаў дыпламатычнай службы Беларусі, а таксама прафесійнага свята з'яўляецца адным з крокаў, накіраваных на ўмацаванне беларускай дыпламатыі. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню прэстыжу дыпслужбы, развіццю і захаванню пераемнасці пакаленняў беларускай дыпламатыі.

    Яшчэ адным Указам у азнаменаванне 100-годдзя стварэння сістэмы органаў дыпламатычнай службы Беларусі ўстаноўлены юбілейны медаль "100 год дыпламатычнай службе Беларусi".