Заявы наконт крытычных заўваг у СМІ і інтэрнэце

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня ў час кадравых назначэнняў ва Урад адказаў на крытычныя заўвагі ў СМІ і інтэрнэце.

"Я абяцаў адрэагаваць на некаторыя заўвагі нашага грамадства ў СМІ, інтэрнэце. Бяру негатыў. Я ўжо гаварыў, што 90% насельніцтва абсалютна адэкватна падтрымліваюць гэтыя рашэнні. Але я бяру негатыў, які там прагучаў. Асабліва ў інтэрнэце, ведаю, хто гэта піша. Вядома, гэта тыя, якія, можа, за гэтага Прэзідэнта і не галасавалі. Але тым не менш гэта частка нашага грамадства. Гэта грамадзяне Беларусі. І не грамадзяне, асабліва расіяне і ўкраінцы. Таму я адсачыў разам з прэс-службай ўсю гэту інфармацыю. І коратка хачу адказаць", - сказаў Прэзідэнт.

Пра "разнос" Ураду

"Некаторыя кажуць, вось, Прэзідэнт зрабіў разнос. Нейкая паказальная лупцоўка, кадравыя чысткі. Ніякі разнос, ніякія чысткі Прэзідэнту нявыгадныя. Таму што Урад фарміруе Прэзідэнт. Так, ён кансультуецца, вывучае гэтыя кандыдатуры з грамадскімі арганізацыямі... Але ўказ падпісвае Прэзідэнт па назначэнні членаў Урада. І што, вы хочаце сказаць, што я назначыў гэтых членаў Урада для таго, каб разнос зрабіць? Гэта значыць самому сабе. Таму Прэзідэнту ну ніяк не выгадна мець такі Урад, якому трэба рабіць разнос", - заявіў беларускі лідар.

"Але калі Урад, назначаны Прэзідэнтам, не тое што не праводзіць той курс, які абазначаны, які народам выпакутаваны і падтрыманы гэтым Урадам публічна, ды яшчэ не выконвае рашэнні Прэзідэнта... Якая павінна быць мая рэакцыя? Я што, павінен збоку глядзець?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

"У нас ёсць прыклады недалёка, калі ўсе глядзяць збоку і нічога не робяць. І вы ведаеце, якая рэакцыя народа", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра "папулізм"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя намякаюць на выбары і кажуць аб тым, што прынятыя рашэнні - гэта папулізм. "Я калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзідэнцкія... Аказваецца, у нас у 2020-м годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ паўтэрміну. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра або паслязаўтра. Але я ўжо на гэта пытанне адказваў. Выбары прэзідэнцкія мы правядзём строга па Канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасці сёння або заўтра праводзіць прэзідэнцкія выбары і пад гэта развіваць нейкі папулізм. Дурасць несусветная!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пра сістэму ўлады

"Некаторыя глыбей глядзяць: "Гэта - прыгавор сістэме". Гэта значыць, сістэма ўлады, палітыка ўнутры краіны не тая, сістэма дрэнная", - расказаў Прэзідэнт пра некаторыя каментарыі людзей.

"Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прыгавор сістэме. Ці, як некаторыя кажуць: "Сістэма пахіснулася". Дык вось гэтыя рашэнні якраз і прыняты, каб сістэма не пахіснулася", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, іншай сістэмы ў Беларусі няма, і ніхто не прапанаваў іншай сістэмы і ўлады, і развіцця Беларусі ўзамен той, якая існуе. "Адна балбатня", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"І потым, я ўжо таксама звяртаў увагу. Бо, калі я прымаю нейкія рашэнні, даю ўказанні, гэта не экспромт. Гэта выпакутаваныя рашэнні разам з Урадам, з вамі", - сказаў Прэзідэнт.

"Альтэрнатывы ніхто не прапанаваў", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што некаторыя гавораць пра неабходнасць прыцягваць на дзяржпасады кіраўнікоў са сферы бізнесу. "Няважна адкуль. Галоўнае, каб ён быў прафесіяналам, дасведчаным чалавекам. І калі ты ідзеш ва Урад, ты хаця б уяўляць павінен сістэму гэтага Урада", - лічыць Прэзідэнт.

Гучаць таксама прапановы аб'явіць адкрыты конкурс на пасады ва Урадзе. "Мы нагледзеліся ў краінах Усходняй Еўропы, у Расіі іх праводзілі, ва Украіне, мы наглядзеліся на гэтыя конкурсы. І што?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што патрэбны дасведчаныя людзі, якія ўмеюць нешта рабіць.

Пра кадравую палітыку

"Некаторыя кажуць, што Лукашэнка цяпер назначыць "блізкіх да сябе". Слухайце, я да прэзідэнцтва Сяргея Мікалаевіча (Румаса) наогул не ведаў. Ведаў яго бацьку. Малайчына, дужы быў чалавек. І ўважліва да яго (Сяргея Румаса) прыглядаўся, некалькі разоў яму гаварыў сваё меркаванне пра яго бацьку. Пра Турчына я атрымаў уяўленне, калі даручыў развіваць IT-сферу. І пра многіх іншых... І няхай Кухараў не думае, што ён проста так перамясціўся ў Камітэт дзяржкантролю, а потым вярнуўся назад. Ды не, гэта мая практыка правяраць людзей у розных іпастасях. І тое, што ён пабыў у Камітэце дзяржкантролю, тое, што ён убачыў праз прызму КДК развіццё нашай эканомікі, усе недахопы ўбачыў - гэта добра, вопыт. Што Петрышэнка разам з Сяргеем Мікалаевічам займаліся фарміраваннем ЕАЭС, добра ведаюць галоўнага нашага эканамічнага і палітычнага партнёра - Расію - гэта таксама вельмі важна. Ім давядзецца займацца гэтымі пытаннямі", - расказаў Прэзідэнт аб тым, па якіх крытэрыях ажыццяўляўся падбор кандыдатур.

Аналагічна і ў дачыненні да Рамана Галоўчанкі, які раней працаваў у ваенна-прамысловым комплексе, а затым на дыпламатычных пасадах.

"Таму няма тут выпадковых людзей! Які тут яшчэ конкурс можа быць? Што, такіх як Петрышэнка і Галоўчанка, куча, пад трыста чалавек, каб паміж імі конкурс праводзіць? Гэта вырашчанае новае пакаленне кіраўнікоў. І дай бог, каб мы не памыліліся, і вы былі адданымі і надзейнымі людзьмі, каб не здарылася, як у нас у сістэме аховы здароўя: карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе. І прытым дабрабыт свой забяспечвалі за кошт росту цэн на лякарства і тэхніку, якую мы закуплялі ў бальніцы. Гэта значыць, залезлі ў кішэнь людзей. Гэта вышэйшая ступень карупцыі!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Ніякай блізкасці, ніякай любові ў мяне да маіх падначаленых ніколі не было. Так, я паважаю людзей, якія аддаюць сябе цалкам справе. Якія выконваюць, можа, нават і неўласцівыя для іх функцыі. Таму што яны любяць сваю краіну і народ. Вось калі вы ўсе будзеце хаця б так, як я, любіць нашу Беларусь і наш народ, у нас з вамі атрымаецца работа", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пра адносіны з Расіяй і знешнюю палітыку

"Некаторыя, асабліва расіяне, плявузгаюць, інакш не скажаш: "Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну". Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго гэтак жа ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся аб нашых узаемаадносінах. У нас самыя развітыя адносіны - у саюзе Беларусі і Расіі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створана пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны", - сказаў Прэзідэнт.

"Але што мы хочам ад Расіі? Калі Расія падпісала з Беларуссю дагавор, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта выконвалася бездакорна. І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ні адной краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: "Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расіі і Беларусь туды скінуць".

"Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расіяй і вырашаць нашы агульныя задачы без усялякіх праблем. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна. Мы ад аднаго кораня - беларусы, расіяне і ўкраінцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расіяй, - канфлікт гэты. Нам гэта не патрэбна. І Расіі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў памеры 1 тыс. км з усходу на захад - гэта Беларусь. Расія мае патрэбу ў стабільнай Беларусі", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расія баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка развярнулася на Захад. "Ды нікуды мы не разварочваліся і разварочвацца не збіраемся. Наш лёс вызначаны богам быць тут - у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мастом паміж Усходам і Захадам", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі бліскучыя адносіны не толькі з Расіяй, але і, напрыклад, з КНР. "Захад - гэта наш сусед. Суседзяў не выбіраюць. І мы павінны з імі выбудоўваць добрыя адносіны. Там тэхналогіі. Там ёсць свабодныя інвестыцыі, што яны і ажыццяўляюць у Беларусі. Тое ж самае - КНР. Цяпер з магутнай Індыяй выбудоўваем адносіны, яны інвесціруюць сюды", - прадоўжыў беларускі лідар.

"І потым, калі некаторыя расіяне нас увесь час папракаюць, што мы з Захадам размаўляем, дык, я думаю, трэба на сябе паглядзець. Напэўна, больш, чым Расія, ніхто не імкнецца на Захад або наладзіць адносіны з Захадам і з Амерыкай. Дык у чым вы нас папракаеце?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

"Таму быць беларуска-расійскім адносінам на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ніколі не будзем разбураць ні адно інтэграцыйнае аб'яднанне. Прабачце за нясціпласць, я быў ініцыятарам многіх гэтых інтэграцыйных аб'яднанняў, яшчэ пачынаючы з часоў Ельцына, і адмаўляцца ад гэтага я не маю намеру. Але калі нас штурхаюць нагамі, мы вымушаны адказваць", - дадаў Прэзідэнт.

Пра радыкальныя парады і недапушчальнасць карупцыі

"Некаторыя нашы грамадзяне вельмі радыкальныя. І раяць Прэзідэнту: "Саджаць усіх трэба, а не звальняць". Вінаватыя сядуць. Але ў краіне павінен быць закон, і ўсё павінна быць у адпаведнасці з законам. І іх нямала ўжо пасадзілі - тых, хто парушае гэты закон. І гэты закон для ўсіх аднолькавы: і для чыноўнікаў, і для рабочых, і для вяскоўцаў, для спецыялістаў, настаўнікаў і ўрачоў... Усё будзе ў адпаведнасці з законам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што карупцыя недапушчальная. "І вас хачу аб гэтым папярэдзіць асабліва. Таму што заўтра вакол вам пачнуць віцца бізнесмены і іншыя, якія хочуць лёгкага жыцця. Вы з усімі сустракайцеся, размаўляйце, хадзіце з імі ў лазню, калі хочаце. Можаце з імі нават сто грам выпіць. Але помніце, што вы - людзі дзяржаўныя. Маральнае ваша аблічча і паводзіны на вачах у людзей. У мяне няма прывычкі хадзіць за чыноўнікам, і нават членам Урада, глядзець, куды ён пайшоў. Хадзіце, куды хочаце. Гэта ваша права. Вы павінны бачыць, чым жыве грамадства, і вы жывяце ў гэтым грамадстве. Але помніце: на любое парушэнне, асабліва хабар, карупцыйныя і іншыя праявы, будзе імгненная рэакцыя з майго боку, як бы мне балюча гэта ні было", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

"Але паверце, мне балюча больш, чым каму-небудзь. Таму што вы - мае "дзеці". Мне што, прыемна было гэтых людзей (з папярэдняга кіраўніцтва Урада) звольніць? Дапусцім, Сямашка столькі прапрацаваў. І той жа Кабякоў - і там, і там... І Васіль Іванавіч Жарко. Але калі правалы ў рабоце... Калі ў Васіля Іванавіча Жарко карупцыянеры вакол... І я тройчы папярэджваў: паглядзі, разбярыся... А там - абвал... Як я магу працаваць з такім чалавекам?" - сказаў беларускі лідар.

Пра "навядзенне марафету"

Некаторыя перажываюць, што да майго прыезду, візіту ў той ці іншы рэгіён Беларусі марафет наводзяць. Хто дарогі мяняе, хто яшчэ нешта... Я скажу таксама па-народнаму: а як вы думалі? Калі да Качанавай або Сяргея Румаса прыходзіць госць, яны што, у доме не прыбіраюць? А тут жа Прэзідэнт прыехаў. Ён, можа, адзін раз у пяцігодку або ў два-тры гады да цябе прыедзе. І ты што, парадак не навядзеш? Ну, гэта наогул абуральная была б непавага да Прэзідэнта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Ну і потым, тое, што будзе зроблена, яно ж там застанецца. Я ж з сабой гэта не забяру", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, недапушчальна толькі адно: калі наводзяць глянец з таго боку, адкуль пад'едзе Прэзідэнт. "Але вы ведаце маю практыку. Ніколі такога не было, каб я падышоў з боку гэтага глянцу і не зайшоў з адваротнага боку. Таму я ўсё бачу", - сказаў беларускі лідар.

"Але людзі павінны разумець, што дабрабыт, чысціня і парадак у горадзе, у вёсцы залежаць не толькі ад чыноўнікаў, але і ад саміх гэтых людзей, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму калі нехта да прыезду Прэзідэнта зробіць добрую справу, я буду толькі ўдзячны. Але гэта павінна быць планава, людзі павінны бачыць карысць ад гэтага, гэта не павінна быць паказушным. Ніякіх пацёмкінскіх вёсак у Беларусі няма і ніколі не будзе".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на некаторыя пісьмы, што паступаюць ад грамадзян Расіі.

"Мне прэс-служба паклала. З імі (пісьмамі і выкладзенымі ў іх фактамі) трэба разабрацца, дзе пішуць расіяне, рэагуючы на тое, што я пакрытыкаваў Расію за тое, што яны нас блакіруюць і не даюць нам роўных канкурэнтных магчымасцей. Яны там пра нашу тэхніку выказваюцца. Купіў тое, купіў гэта... дрэнна працуе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Зразумела, гэта жалеза. Не ўсюды нават жалеза вінавата: чалавек, магчыма, не так эксплуатаваў. Але ў гэтым ёсць сэнс. Я гаварыў пра якасць работы нашай прамысловасці перш за ўсё. Чаму не прад'яўляюць прэтэнзій да нашых прадуктаў харчавання... Ніхто не прад'яўляе ў Расіі. Наадварот, імкнуцца іх купіць. А асобныя віды тэхнікі крытыкуюць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай узяць гэта пытанне пад жалезны кантроль: "Вінаваты калі нехта... Кожны буйны выраб маркіруецца, аддзел тэхнічнага кантролю або нейкія там кантралёры штампы ставяць... Глядзіце - калі вінаваты - самым строгім чынам".

"Вось таго трэба саджаць. Таму што яны (тыя, хто дапускаюць выпуск няякаснай або бракаванай прадукцыі) шкоды не менш прыносяць, чым гэтыя карупцыянеры і дрэнныя чыноўнікі. Калі мы будзем рабіць няякасную прадукцыю, грош цана нашай краіне, а тым больш нашай эканоміцы. Якасць - гэта галоўнае пытанне", - падкрэсліў беларускі лідар.