Выступленне ў Народнай скупшчыне Сербіі

  • 67

Галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі - магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 снежня ў час выступлення ў Народнай скупшчыне Сербіі.

"Сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі спадаром Аляксандрам Вучычам я сказаў аб тым, што прыбыў да сваіх блізкіх сяброў, у краіну, з якой нас многае звязвае. Гэта сапраўды тыя пачуцці, якія я і ўся наша дэлегацыя кожны раз зведваем, знаходзячыся ў Бялградзе. Але цяперашні візіт для мяне мае асаблівае значэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў бягучым годзе краіны адзначылі 25-годдзе дыпламатычных адносін. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за гэты час пройдзены няпросты гістарычны шлях. "Наша галоўнае дасягненне - магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, самастойна вызначаць напрамкі развіцця, якія адпавядаюць духу часу і дзяржаўным інтарэсам", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як 20 гадоў таму наведваў Бялград, каб выказаць падтрымку брацкаму сербскаму народу. "Тады ж, у ходзе жорсткай, бесчалавечнай агрэсіі НАТА супраць суверэннай Югаславіі, загінулі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей. Водгукі гэтай вайны вы перажываеце і цяпер, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - У тыя хвіліны мы былі побач і ўсяляк падтрымлівалі вас. Беларусь пастаянна выступае на баку Сербіі па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Наша пазіцыя застаецца нязменнай ужо доўгія гады і будзе такой надалей".

На думку Прэзідэнта, менавіта чалавечая салідарнасць, суперажыванне, што ідуць ад сэрца, фарміруюць культурную і духоўную еднасць, з'яўляюцца фундаментам беларуска-сербскіх адносін. "Гэта наша вялікая спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць сваім дзецям і ўнукам. Бо сербы, як і беларусы, не па чутках ведаюць, што такое вайна, яе разбуральныя наступствы і незаменныя страты", - падкрэсліў ён.

У 2019 годзе краіны адзначылі 75-годдзе вызвалення ад нацызму. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жывых відавочцаў самай страшэннай трагедыі ў гісторыі чалавецтва з кожным годам застаецца ўсё менш. Таму асабліва важна захаваць памяць аб героях і бязвінных ахвярах вайны. "Гэта трэба зрабіць для нашай жа бяспекі ў імя мірнай будучыні Еўропы і планеты ў цэлым", - заявіў беларускі лідар.

У Сербіі хутка стартуе кампанія па выбарах у Народную скупшчыну. Прэзідэнт пажадаў дэпутатам паспяхова здаць гэты важны экзамен перад народам. "Не змагайцеся адзін з адным. Сербы - гэта адзіная магутная апора, што засталася ад некалі вялікай дзяржавы, Югаславіі. Можа, нехта не згодны са мной, што гэта была вялікая краіна, але так нам у Савецкім Саюзе бачылася. Мы вам вельмі зайздросцілі за ваша развіццё, развітую эканоміку, грамадства, парадак, які заўсёды быў у вашай краіне. Вы тады шмат чаго дабіліся, і нашы ўлады да вас часам вельмі раўніва ставіліся, аж да варожасці на нейкіх этапах. Таму будзьце адзіным цэлым, таму што праціўнікаў і ворагаў у сербаў і беларусаў дастаткова. Яны навокал, іх хапае. Дык трэба супакоіцца, думаць аб гэтай святой зямлі, аб народзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Сербія павінна быць у ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні праблем сусветнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на нарастанне напружанасці ў адносінах паміж краінамі, разладжванне асноў глабальнай бяспекі, павелічэнне колькасці рэгіянальных канфліктаў. На яго думку, неабходна выступаць за вырашэнне любых спрэчак выключна мірным шляхам, на аснове норм міжнароднага права.

"Беларусь вылучыла ініцыятыву аб абнаўленні шырокага дыялогу ад Атлантыкі да Уладзівастока па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. Лічу, што Сербія будзе ў ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні гэтых праблем. Югаславія ж у свой час была адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. Гэта арганізацыя дала магчымасць краінам так званага трэцяга свету заявіць аб сабе на міжнароднай арэне, данесці свой голас да вялікіх дзяржаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт лічыць, што сёння Рух недалучэння існуе фармальна і не аказвае ніякага ўплыву на вялікія дзяржавы. Ён перакананы, што калі вялікія ігракі не могуць дамовіцца, то гэта не азначае, што малыя і сярэднія дзяржавы павінны сядзець склаўшы рукі і пакорліва чакаць, пакуль нехта з вялікіх вызначыць іх лёс. "Думаю, голас наш павінен быць чутны. Разам мы зможам зрабіць значна больш на карысць нашых краін і народаў, у імя міру і стабільнасці", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

З другога боку, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь пастаянна заклікае вырашаць праблемы мірным шляхам, на аснове міжнароднага права. Аднак яго ўжо не існуе, усе дзейнічаюць з пазіцыі сілы, заявіў Прэзідэнт. "Я часам з вышыні пражытых прэзідэнцкіх гадоў пачынаю думаць, ці не пачаўся новы перадзел нашай планеты. І ўсе мы добра ведаем, да чаго гэта можа прывесці", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што традыцыйная дружба беларускага і сербскага народаў, пазітыўная гісторыя двухбаковых адносін садзейнічаюць узаемадзеянню дзвюх краін ва ўсіх сферах: у палітыцы, гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, высокіх тэхналогіях, інавацыях. "Нам удалося аднавіць страчаныя кааперацыйныя сувязі. Вынікам з'яўляюцца беларускія трактары і аўтобусы, якія збіраюцца ў Сербіі і атрымалі прызнанне спажыўцоў. На чарзе - новыя праекты, якія могуць дапамагчы нам сур'ёзна замацавацца на балканскім рынку і забяспечыць сабе выхад на рынкі краін Еўрапейскага саюза", - заявіў Прэзідэнт.

Беларускі бок вітаў нядаўняе падпісанне Сербіяй пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перавагі пагаднення відавочны: сербскі бізнес атрымаў права свабоднага гандлю на прасторах вялікага кантынента. "Вы маеце магчымасць безлімітнага экспарту шырокай наменклатуры тавараў. Уваходам на гэты шматмільённы рынак з'яўляецца Беларусь", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бязвізавы рэжым, зразумелая лагістыка, прамыя авіязносіны ствараюць дадатковыя перадумовы для пашырэння дзелавых кантактаў. Ён паведаміў, што сёння ў час беларуска-сербскага бізнес-форуму падпісаны кантракты на пастаўкі беларускай прадукцыі на суму звыш $100 млн. Бакі таксама заключылі пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, адукацыі і інавацый. "Гэта добры прыклад для тых, хто пакуль сумняваецца або толькі абдумвае варыянты работы ў нашай краіне", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за сваю доўгую палітычную кар'еру яму давялося сустрэць шмат скептыкаў, якія, аднойчы пабываўшы ў Беларусі, кардынальна змянілі сваё стаўленне да краіны. Аляксандр Лукашэнка запрасіў сербскіх дэпутатаў адкрыць для сябе Беларусь: ветлівую, гасцінную, прадпрымальную і адказную, багатую сваёй культурнай і гістарычнай спадчынай, сапраўды славянскую, душэўную і вельмі блізкую Сербіі. "Запэўніваю, што кожны з вас адчуе сябе ў нашай краіне як дома і ніколі не будзе расчараваны", - заявіў беларускі лідар.

У сербскім парламенце Кіраўнік дзяржавы таксама пракаменціраваў вынікі праведзеных нядаўна ў Беларусі выбараў. "Паверце, больш той дэмакратыі і свабоды, у якой праходзілі выбары ў Беларусі, мы не зробім. Мы, напэўна, проста не зможам правесці лепш. Мы ўсяляк стараліся дагадзіць не толькі нашым спонсарам і балельшчыкам на Усходзе, але і ў Еўрасаюзе. І што ў выніку? Адны былі ўражаны вынікамі выбараў, а іншыя сказалі: апазіцыя не трапіла ў парламент - бяда, значыць, дрэнна, недэмакратычна, значыць, зноў няма свабоды, дыктатура. Глупства поўнае. Мы ні на каго не націскалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што заходнія наглядальнікі загадзя падрыхтавалі негатыўныя справаздачы аб выбарах у Беларусі, а потым толькі падпісалі іх. "Я хацеў, каб было тры-пяць-дзесяць апазіцыянераў, - дадаў ён. - Але як іх правесці, калі ў апазіцыянераў 3,5% галасоў? Максімум 4% у двух чалавек. Як іх можна правесці ў парламент, ды яшчэ дэмакратычным шляхам, як патрабуюць? Іх нават за руку нельга было ўзяць і прывесці".

На думку Кіраўніка дзяржавы, бяда беларускай апазіцыі ў тым, што яна працуе толькі ў перыяды электаральных кампаній. "Які народ выбера такую апазіцыю? І жыве апазіцыя на замежныя гранты: фонды Эберта, Адэнаўэра, амерыканскія фонды. Нідзе не працуюць - у добрых асабняках жывуць, на добрых аўтамабілях раз'язджаюць. Народ задаецца пытаннем: адкуль? Адказу няма", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

На праведзеных парламенцкіх выбарах у Беларусі грамадзяне падтрымалі тых кандыдатаў, якія працуюць і прыносяць карысць грамадству, упэўнены кіраўнік дзяржавы. "У ходзе парламенцкай работы будзе відаць, хто якую пазіцыю займае і адстойвае, але я абсалютна перакананы, што гэта адданыя сваёй краіне людзі і патрыёты", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што заходнім партнёрам не падабаецца праводзімая Беларуссю палітыка, таму ў свой час ЗША і Еўрасаюз увялі супраць краіны санкцыі. Аднак з часам яны зразумелі, што гэта была памылка, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Яны шукалі прычыну, каб, захаваўшы твар, выйсці з гэтай сітуацыі. І наша пазіцыя па асноўным парадку дня міжнародных адносін стала для свету прымальнай. Таму сітуацыя рэзка змянілася, і мы сёння спрабуем наладзіць нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, выступаючы катэгарычна супраць усялякіх брэксітаў і супраць яго распаду", - адзначыў беларускі лідар.