Выступленне на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з нагоды 74-й гадавіны Вялікай Перамогі

  • 30
Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі, замежныя госці!

Віншую Вас з вялікім святам - Днём Перамогі.

Восьмае дзесяцігоддзе беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Магчымасць дыхаць свабодай, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню даў нам ратны подзвіг нашых бацькаў, дзядоў і прадзедаў.

Сёння мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызан і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу.

Менавіта на беларускай зямлі савецкія салдаты развянчалі міф аб непераможнасці ваеннай машыны Трэцяга рэйха. Яны змагаліся за Радзіму. Стаялі насмерць пад Мінскам і Магілёвам, на берагах Дняпра і Бярэзіны, і кожны рубеж абароны для ворага быў Брэсцкай крэпасцю.

Бяда прыйшла амаль у кожную беларускую сям'ю. Дзве трэці загінулых і памерлых у гады ваеннага ліхалецця - мірныя жыхары.

Страшныя адрасы генацыду беларускага народа ведае ўвесь свет - Хатынь, Дальва, Азарычы, Шунеўка, Трасцянец... Гэтаму сумнаму спісу канца няма.

Асобная тэма - лёсы дзяцей вайны. Сёння гэтыя людзі старога ўзросту - жывыя сведчанні і сведкі зверстваў акупантаў. На іх вачах забівалі родных і блізкіх. Яны раслі ў голадзе і холадзе першых пасляваенных гадоў. Нараўне з дарослымі адстойвалі і адбудоўвалі потым краіну.

Найбольш змрочныя старонкі ў смутнай кнізе вайны - дзіцячыя донарскія канцлагеры. Праз іх прайшлі тысячы дзяцей, а выжылі адзінкі. Усім, хто сёння падтрымлівае мітынгі неанацыстаў і шэсці састарэлых ваяк з батальёнаў СС, варта прыехаць у Беларусь і пабываць у пасёлку Чырвоны Бераг, дзе быў такі канцлагер. Убачыць пранізлівы мемарыял няздзейсненых дзіцячых мар.

Вялікая Перамога - безумоўная перамога жыцця над смерцю. І наступныя пакаленні павінны ведаць, якую цану заплаціў наш народ за свабоду. У імя дабра, міру і справядлівасці. Каб такое ніколі не паўтарылася.

Мы смуткуем аб ахвярах вайны - жанчынах, старых, дзецях. Яны спаўна зазналі гора акупацыі. - Вечная памяць тым, хто вельмі хацеў жыць, але злажыў галаву ў баях за Радзіму, памёр ад ран, загінуў у канцлагерах і гета!

 Схілім жа галовы перад тымі, хто не прыйшоў з той вайны, ушануем памяць іх мінутай маўчання.

(Гучаць дваццаць удараў метранома)

Час няўмольны, усё менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны застаецца з намі ў страі. Наш святы абавязак - падтрымаць, паклапаціцца пра франтавікоў і працаўнікоў тылу, забяспечыць ім дастойнае жыццё.

А вам, паважаныя ветэраны, як звычайна, ад мяне наказ - жыць! Сёння вы можаце ганарыцца сваімі дзецьмі і ўнукамі. Цяперашняе пакаленне ваенных свята захоўвае пераможныя традыцыі. Бо галоўны ўрок Вялікай Перамогі ў тым, што за мір трэба змагацца. Асабліва ў нашы дні, калі ён знаходзіцца пад прыцэлам глабальнага тэрарызму і не толькі яго. Прычым усім разам, адзіным фронтам. Як гэта было тады, у далёкія суровыя саракавыя, калі ў радах беларускага супраціўлення змагаліся тысячы антыфашыстаў з еўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі і нават Германіі.

На жаль, у Еўропе сёння такога адзінства няма. Ідзе ўзмацненне ваеннай прысутнасці на нашых рубяжах. Перакрэслены Дагавор аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці.

Але мы ўпэўнены ў неабходнасці канструктыўнага дыялогу з усімі краінамі. Таму што мір - гэта жыццё. Таму што любы мір - гэта лепш, чым тыя гады ліхалецця, якія мы перажывалі не раз. І мы да гэтага дыялогу гатовы.

Дарагія сябры!

Падзеі лета 1941 года назаўсёды падзялілі гісторыю краіны на да і пасля вайны. Пра яе напісаны тысячы кніг, зняты сотні фільмаў. Але белых плям застаецца нямала. Найперш гэта датычыцца лёсаў канкрэтных людзей - воінаў і партызан, якія прапалі без вестак, падпольшчыкаў, закатаваных у засценках гестапа, вязняў гета, якія невядома калі і як загінулі.

Захаваць свяшчэнную памяць пра кожнага ўдзельніка вайны для нашчадкаў - галоўная мэта рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае!". Гэта праект, накіраваны ў будучыню, гэта сапраўды бяссмертны полк!

Нам чаго б гэта ні каштавала трэба зберагчы сувязную ніць паміж пакаленнямі. Трэба, каб дзеці, унукі, праўнукі праз лёсы воінаў-пераможцаў - сваіх родных і блізкіх, якія адстаялі мір і свабоду, - усвядомілі сябе часткай вялікай гісторыі роднай краіны, адчулі боль незаменных страт і ацанілі веліч подзвігу савецкага салдата.

Такім жа высакародным мэтам - захаваць памяць пра подзвіг народа - прысвечаны маштабны праект "На славу агульнай Перамогі!". На тэрыторыі ўсіх беларускіх раёнаў і прыгранічных рэгіёнаў Расіі і Украіны, якія абпаліла страшная вайна, з мясцін воінскіх пахаванняў і гібелі мірных жыхароў будзе ўзята зямля. Зямля, палітая крывёй савецкага салдата. А 9 мая 2020 года - у дзень 75-годдзя Перамогі - капсулы з гэтай свяшчэннай зямлёй і спісы з імёнамі загінулых змесцяць у нішы храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску - галоўнага нашага храма.

Толькі так, агульнымі намаганнямі, можна захаваць і ўвекавечыць для нашчадкаў імя кожнага воіна і зберагчы гераічную спадчыну, якая стала часткай генетычнага кода нашага народа.

Дарагія суайчыннікі!

У гэты святы для нас дзень я жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і самае галоўнае - мірнага неба над галавой.

Са святам!

З Днём Перамогі, дарагія сябры!