Віншаванне з Днём медыцынскіх работнікаў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў аховы здароўя краіны з прафесійным святам.

    "Вы знайшлі прызванне ў адной з самых важных, адказных і паважаных прафесій, выбраўшы высакародны шлях - дапамагаць людзям, штодзённа змагацца за здароўе і жыцці пацыентаў, праяўляць цярплівасць і міласэрнасць у адносінах да кожнага", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на клопат аб чалавеку нацэлена і сістэма аховы здароўя Беларусі. "Даступнасць і якасць паслуг, выкарыстанне ў дыягностыцы і лячэнні найноўшых тэхналогій гарантаваны ўсім грамадзянам нашай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што многія дасягненні айчыннай медыцыны атрымалі міжнароднае прызнанне. Назапашаны вопыт, высокае майстэрства і адданасць справе спецыялістаў галіны зрабілі беларускія клінікі і цэнтры прывабнымі для замежных гасцей.

    "Дзякую за працу ўрачам і вучоным, правізарам і фармацэўтам, фельчарам, медыцынскім сёстрам і прадстаўнікам малодшага медыцынскага персаналу - усім, хто застаецца верным абавязку, шчыра служыць людзям і дзяржаве", - дадаў беларускі лідар.