Віншаванне народнаму артысту Беларусі Валянціну Дудкевічу з 75-годдзем

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста Беларусі Валянціна Дудкевіча з 75-годдзем.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што шматгадовы творчы шлях артыста з'яўляецца яркім прыкладам адданага служэння нацыянальнаму мастацтву. "Вы заваявалі аўтарытэт і павагу сярод работнікаў культуры, атрымалі шырокае прызнанне гледачоў не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі", - гаворыцца ў віншаванні.

    "Вашы пастаноўкі вызначаюцца жывасцю вобразаў і багаццем мастацкіх рашэнняў. Вы ўзнялі беларускі танец на вяршыню прафесійнага майстэрства і пры гэтым захавалі яго характарнасць, самабытнасць і каларыт", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шчырай удзячнасці заслугоўвае работа Валянціна Дудкевіча па пошуку і падтрымцы таленавітай моладзі, актыўная грамадская дзейнасць.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў народнаму артысту Беларусі моцнага здароўя, новых здзяйсненняў і далейшых поспехаў у рабоце.