Віншаванне народнай артыстцы Беларусі Інесе Душкевіч

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з юбілеем народную артыстку Беларусі Інесу Душкевіч.

    "З вашым імем звязаны значныя дасягненні нацыянальнай харэаграфічнай школы. Створаныя вамі яркія вобразы ўвайшлі ў залаты фонд беларускага балета, пасадзейнічалі ўмацаванню яго высокага аўтарытэту ў сусветнай культурнай прасторы", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння Інеса Душкевіч паспяхова перадае свой багаты вопыт таленавітай моладзі. Яе работа накіравана на выхаванне новых пакаленняў майстроў сцэны, якія дастойна прадстаўляюць Беларусь на прэстыжных міжнародных конкурсах, дзе атрымліваюць самыя высокія ўзнагароды.

    "Няхай і ў далейшым ваша невычэрпная творчая энергія дорыць радасныя хвіліны аматарам класічнага мастацтва, папаўняе скарбніцу айчыннай культуры", - пажадаў Прэзідэнт.