Віншаванне калектыву Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне калектыву Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта з 65-годдзем з дня заснавання гэтай вядучай установы па падрыхтоўцы інжынерна-тэхнічных кадраў для аграпрамысловага комплексу краіны.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады работы ва ўніверсітэце падрыхтаваны больш як 57 тысяч кваліфікаваных спецыялістаў, сярод якіх вядомыя вучоныя, лаўрэаты прэстыжных прэмій і ўзнагарод, акадэмікі, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, дзяржаўныя дзеячы.

    "Ідучы ў нагу з часам, прафесарска-выкладчыцкі склад ВНУ актыўна асвойвае і ўкараняе новыя напрамкі, методыкі і тэхналогіі навучання. Вучоныя ўніверсітэта праводзяць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, вынікі якіх прызнаны айчыннай і сусветнай навуковай грамадскасцю", - гаворыцца ў віншаванні.

    Прэзідэнт падзякаваў калектыву ўстановы адукацыі за высокі прафесіяналізм і пастаяннае імкненне да ўдасканалення, а таксама пажадаў моцнага здароўя, шчасця і поспехаў у іх высакароднай працы.