Віншаванне дырэктару Дзяржаўнага Эрмітажа Міхаілу Піятроўскаму

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў дырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа Міхаіла Піятроўскага з 75-годдзем.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу многіх гадоў унікальны музейны комплекс, які ўзначальвае Міхаіл Піятроўскі, адпавядае высокім патрабаванням часу і застаецца вядучай установай сусветнага ўзроўню. "Вы паспяхова рэалізуеце сябе як на прафесійнай ніве, так і ў грамадска-палітычным жыцці. Вашы веды і вопыт у справе захавання і папулярызацыі нацыянальнага здабытку, гістарычных і сучасных каштоўнасцей свайго народа па праву прызнаны на радзіме і за мяжой", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі Міхаіла Піятроўскага ведаюць і паважаюць як таленавітага вучонага, вядомага мастацтвазнаўца і цудоўнага чалавека. "Перакананы, што ваша шматгранная дзейнасць і ў далейшым будзе садзейнічаць развіццю і ўзбагачэнню культурнага дыялогу паміж нашымі народамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.