Ускладанне вянка да Мемарыяла памяці загінулых воінаў у Абу-Дабі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка ўсклаў вянок да Мемарыяла памяці загінулых воінаў у Абу-Дабі. Гэта падзея стала галоўным пратакольным мерапрыемствам рабочага візіту Кіраўніка дзяржавы ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам зводнай роты ганаровай варты. Прэзідэнт усклаў вянок да манумента і ўшанаваў памяць загінулых за краіну герояў мінутай маўчання.

Аляксандра Лукашэнку пры наведванні мемарыяла суправаджаў дырэктар службы па справах сем'яў пакутнікаў Адміністрацыі Наследнага прынца Абу-Дабі шэйх Халіфа бен Тахнун бен Мухамед аль-Нахаян. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з архітэктурнымі асаблівасцямі комплексу і зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Затым бакі абмяняліся падарункамі.

Мемарыял размешчаны насупраць Вялікай мячэці шэйха Заіда і ўяўляе сабой архітэктурную кампазіцыю з 31 панэлі, на якіх нанесены імёны загінулых воінаў. Манумент з'яўляецца нацыянальным і культурным арыенцірам, ён увасабляе сабой каштоўнасці адзінства і салідарнасці нацыі.