Уручэнне пашпартоў юным грамадзянам Беларусі
- 19
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Дзень Канстытуцыі ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Такая ўрачыстая цырымонія ўпершыню адбылася ў Палацы Незалежнасці.
Удзельнікамі
мерапрыемства сталі 25 юных беларусаў з розных рэгіёнаў краіны. Усім ім
споўнілася па 14 гадоў. Пры гэтым яны ўжо дабіліся значных для свайго
ўзросту поспехаў у вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай,
спартыўнай, культурнай дзейнасці, спрабуюць свае сілы на алімпіядах,
творчых конкурсах, спаборніцтвах.
Цырымонія
праходзіла ў зале ўручэння даверчых грамат Палаца Незалежнасці, дзе
Прэзідэнт звычайна прымае замежных дыпламатаў. Гэта надало асаблівую
значнасць і ўрачыстасць мерапрыемству.
Аляксандр
Лукашэнка цёпла і шчыра павіншаваў прысутных са святам - Днём
Канстытуцыі і асабіста ўручыў кожнаму навучэнцу пашпарт і кнігу "Я -
грамадзянін Рэспублікі Беларусь".
"Сімвалічна,
што ў той год, калі вы з'явіліся на свет, нашай маладой дзяржаве
таксама споўнілася ўсяго 14 гадоў. Бачыць сёння вас, такіх
мэтанакіраваных, паспяховых і таленавітых - дастойных дзяцей нашай
суверэннай Беларусі - шчасце не толькі для вашых бацькоў, але для ўсяго
беларускага народа, і перш за ўсё для мяне, - сказаў Аляксандр
Лукашэнка. - Для ўсіх, хто стаяў ля вытокаў стварэння незалежнай краіны,
вы самая вялікая каштоўнасць".
Кіраўнік
дзяржавы падкрэсліў, што ў кожным з юных удзельнікаў сённяшняй
цырымоніі ўвасабляецца шматвяковая мара нашых продкаў быць гаспадарамі
на сваёй зямлі. "Для вас гэта мара стала рэальнасцю. Вы вывучаеце
гісторыю краіны і напэўна разумееце, якое гэта шчасце нарадзіцца і жыць у
моцнай і незалежнай дзяржаве", - адзначыў Прэзідэнт.
Звяртаючыся
да прысутных, Аляксандр Лукашэнка назваў іх і іх равеснікаў пакаленнем
новай фармацыі, грамадзянамі свету па сваім светапоглядзе. "Лічбавая
рэальнасць, якая стала часткай вашага штодзённага жыцця, даўно сцерла
геаграфічныя межы і бар'еры ва ўзаемадзеянні, такія як адлегласць,
культурныя і моўныя адрозненні. Але вы заўсёды павінны помніць, што ваша
Радзіма, ваш родны дом - гэта ваша родная Беларусь, - падкрэсліў
Кіраўнік дзяржавы. - Сувязь з роднай зямлёй, сваімі каранямі - гэта тое,
што будзе заўсёды насычаць вас жыватворнай энергіяй, даваць вам сілы на
здзяйсненне вашых самых запаветных жаданняў".
Прэзідэнт
заўважыў, што, атрымліваючы пашпарт, падлеткі робяць першыя крокі ў
дарослае жыццё. "Гэты дакумент сімвалізуе пачатак новага этапу
самастойнага жыцця, насычанага цікавымі і значнымі падзеямі. У тым ліку і
палітычнымі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пройдзе зусім няшмат часу,
і вы ўжо будзеце прымаць важныя рашэнні ў гісторыі Беларусі, стаяць на
варце дзяржаўных інтарэсаў. Будзеце ствараць будучае краіны, думаць пра
яе дабрабыт, пра тое, што пакінеце сваім дзецям. А значыць, зробіце ўсё
магчымае, каб захаваць нашы духоўныя каштоўнасці, культурны здабытак і
самае галоўнае - мір на сваёй зямлі".
Юныя
грамадзяне Беларусі акрамя пашпартоў і кніг ад Кіраўніка дзяржавы
атрымалі ў гэты святочны дзень магчымасць наведаць з экскурсіяй Палац
Незалежнасці - адзін з сучасных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і
суверэнітэту.
Юнакі
і дзяўчаты з цікавасцю азнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва і стварэння
ўнутранага ўбрання Палаца Незалежнасці, пабывалі ў залах, дзе праходзяць
важнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы, міжнародныя сустрэчы і саміты, у
ліку якіх і шматгадзінны перагаворны марафон у нармандскім фармаце. Яны
ажыўлена дзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы з Прэзідэнтам і рабілі
памятныя фатаграфіі ў інтэр'ерах палаца.
Азнаёміліся
дзеці і з экспанатамі спецыяльнага музея, дзе выстаўлены разнастайныя
падарункі, паднесеныя Прэзідэнту Беларусі кіраўнікамі іншых дзяржаў і
замежных дэлегацый, вядомымі дзеячамі розных сфер. А галоўны эксклюзіўны
музейны экспанат, які яны змаглі ўбачыць, захоўваецца ў кабінеце
Прэзідэнта - першы экзэмпляр дзеючай Канстытуцыі Беларусі. Тым больш
сімвалічна, што гэта адбылося ў дзень 25-годдзя Асноўнага Закона краіны.
На заканчэнне юным грамадзянам ад імя Кіраўніка дзяржавы ўручылі ў падарунак ласункі.