Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 28
  • 5:39

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер, шматдзетным маці, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася 6 сакавіка ў Палацы Незалежнасці.

"Бадай, самая прыемная прэзідэнцкая місія - уручаць узнагароды заслужаным людзям, быць сярод тых, хто штодзённай працай робіць Беларусь мацнейшай і прыгажэйшай, а жыццё беларусаў - бяспечней і багацей", - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы ў пачатку цырымоніі. Яна традыцыйна прайшла напярэдадні свята - Дня жанчын і вызначаецца асаблівай атмасферай урачыстасці і душэўнасці. "Яе ствараеце вы, жанчыны, сваімі ўсмешкамі, прыгажосцю, прывабнасцю. А бляск і раскошны выгляд Палацу Незалежнасці надаюць парадныя мундзіры нашых ваенных", - сказаў беларускі лідар.

Удзельнікамі цырымоніі сталі больш за 30 чалавек - прадстаўнікі арміі і сілавых структур, а таксама шматдзетныя маці і жанчыны, якія дасягнулі вялікіх прафесійных вышынь. "Такі гендарны баланс - гэта не перайманне заходніх трэндаў. Высокі статус людзей у пагонах у нашай краіне і паважлівае, беражлівае стаўленне да жанчыны - абсалютна базавыя каштоўнасці беларускага грамадства", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Міру не бывае без тых, хто служыць народу і ўмее яго абараняць. Мы добра помнім, хто захаваў нам свабоду 75 гадоў таму. Беларусы ўдзячныя ветэранам за іх подзвіг і шануюць гераічнае пакаленне нашых бацькаў і дзядоў. З упэўненасцю магу сказаць, што дзеці і ўнукі салдат-пераможцаў дастойныя іх", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў учынак супрацоўніка ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях капітана ўнутранай службы Алега Бойнічава. Ён разам з таварышамі, рызыкуючы жыццём, прадухіліў выбух на чыгунцы: калі з рэек сышлі некалькі цыстэрнаў з выбухованебяспечным газам, ён змог ліквідаваць уцечку. "Такія мужныя і смелыя людзі сёння берагуць мір і спакой беларусаў. Гонар ім і слава!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Словы асаблівай удзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шматдзетным маці, якія выбралі для сябе цяжкую, але вельмі патрэбную для краіны місію. "Я сказаў бы: надзвычай важную і патрэбную, - удакладніў Прэзідэнт. - Вы клапоціцеся не толькі аб сваіх дзецях. Вы даяце жыццё новым пакаленням, дорыце надзею на паспяховую будучыню і працвітанне ўсёй нацыі. Бо якой яна будзе, шмат у чым залежыць ад вас, дарагія жанчыны. Ведаю, што большасць з вас не толькі шчаслівыя ў сям'і, але і адбыліся як спецыялісты на прафесійным полі дзейнасці. Гэта ўдвайне цудоўна".

Узнагароды і ганаровыя званні Кіраўнік дзяржавы ўручыў таксама жанчынам, якія маюць высокія дасягненні ў галіне культуры, мастацтва, навукі і педагогікі. "Ведаем і цэнім ваш уклад у выхаванне моладзі, захаванне духоўнай спадчыны і маральных каштоўнасцей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў беларускіх спартсменак з бліскучымі перамогамі на чэмпіянатах свету і Еўропы, за якія яны ўдастоены высокага звання "Заслужаны майстар спорту".

"Дзякуй за ўсё, што вы робіце для краіны і нашага народа, - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных. - Напярэдадні цудоўнага вясенняга свята самыя цёплыя віншаванні хачу адрасаваць жанчынам нашай Беларусі. Прыміце мае шчырыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту. Жадаю вам галоўнага - міру і дабра".

"Яшчэ раз віншую вас з высокімі ўзнагародамі - мужчын, нашых цудоўных жанчын не толькі з узнагародамі, званнямі, але і з надыходзячым святам. Будзьце шчаслівыя! Няхай дзеці, якіх вы нарадзілі не толькі для сябе, а для нашай суверэннай незалежнай Беларусі, радуюць вас і радуюць вашу краіну. Шчасця вам!" - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.

Традыцыйна для ўдзельнікаў урачыстасці была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці. Прадугледжаны таксама прыём ад імя Кіраўніка дзяржавы ў форме фуршэту.