Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
17 студзеня 2020 года

Уручэнне дзяржаўных узнагарод

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці.

"Мы ўшаноўваем працавітых, таленавітых і мэтанакіраваных людзей. Людзей, чый трыумф сёння падзеліць уся краіна. Перш чым уручыць вам заслужаныя ўзнагароды, хацеў бы адзначыць, што праца кожнага з вас вельмі важная для нашай дзяржавы, вашы сумленнасць і адданасць справе захапляюць, а высокія вынікі выклікаюць пачуццё шчырага гонару за наш народ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На цырымонію ўручэння ўзнагарод у Палацы Незалежнасці сабраліся амаль 40 прадстаўнікоў практычна ўсіх важнейшых сфер жыцця.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу выказаў удзячнасць работнікам вытворчай галіны: "Дзякуючы вам прадукцыя пад маркай "Зроблена ў Беларусі" высока цэніцца ў розных кутках нашай планеты. Давер людзей да якасці нашых тавараў дарагога варты, але патрабуе пастаяннай самааддачы і ўпартасці ў рабоце". Дыплом аб прысваенні ганаровага звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дырэктару агракамбіната "Ждановічы" Рыгору Чуйко, заслужанага будаўніка Беларусі - дырэктару ААТ "Мінскі Прамтранспраект" Аркадзю Спаткаю.

Падзякаваў за працу Прэзідэнт і беларускім вучоным. Паводле яго слоў, займаючыся навуковай і даследчай дзейнасцю, яны ствараюць тэхналагічную аснову развіцця Беларусі. Ганаровых званняў "Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь" удастоены адпаведна галоўны саветнік ЗАТ "Галаграфічная ідустрыя" Леанід Танін і галоўны навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур Інстытута пладаводства Валерый Мацвееў.

Высокіх узнагарод і званняў удастоены дзеячы культуры і мастацтва. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што творчыя праекты многіх айчынных музыкантаў, вакалістаў, мастакоў і кінематаграфістаў з'яўляюцца залатым фондам, нацыянальным здабыткам Беларусі. Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь" прысвоена прафесару кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Георгію Лойку. Заслужанымі артыстамі Беларусі сталі саліст Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Мікалай Бабашко і акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Валерый Шушкевіч. Званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі прысвоена члену Беларускага саюза кінематаграфістаў Веры Савінай.

"Вітаю таксама атлетаў, якія папоўнілі рады заслужаных майстроў спорту. Праслаўляючы краіну сваімі перамогамі, вы аб'ядноўваеце ўсіх нас у самым шчырым пачуцці - пачуцці нацыянальнага гонару", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Званне заслужанага майстра спорту Беларусі прысвоена трохразоваму чэмпіёну свету, васьміразоваму ўладальніку Кубка свету, чэмпіёну свету сярод прафесіяналаў, майстру спорту міжнароднага класа па кікбоксінгу і тайландскім боксе Сяргею Скібу. Заслужанымі майстрамі спорту Беларусі таксама сталі спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па падводным спорце Дзмітрый Гаўрылаў, спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды па радыёспорце Ганна Шавяленка і Сяргей Швядко.

Дзяржаўныя ўзнагароды ўручаны і беларускім педагогам. На іх плячах, адзначыў Прэзідэнт, адказнасць за самае каштоўнае - будучыню краіны і ўмацаванне самасвядомасці беларусаў. Ордэнам Францыска Скарыны Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў першага прарэктара БДПУ імя Максіма Танка Святлану Копцеву. Дыпломы аб прысваенні ганаровага звання заслужанага работніка адукацыі ўручаны загадчыку кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ Сяргею Рашэтнікаву і дырэктару Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільчанка.

"У год 75-годдзя Вялікай Перамогі неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу пытанням захавання гістарычнай памяці і традыцыйных маральных каштоўнасцей, выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах гераічнага подзвігу нашага народа", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў ваенным, супрацоўнікам праваахоўных органаў і судовай сістэмы. Любыя мэты дасягальныя, калі ў грамадстве пануюць мір, стабільнасць і парадак, падкрэсліў ён. У ліку ўзнагароджаных - начальнік Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС Ігар Абярэмка і следчы па асабліва важных справах упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Дзмітрый Васюковіч. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім ордэн "За службу Радзіме" III ступені.

Звяртаючыся да ўсіх узнагароджаных, Прэзідэнт адзначыў, што, ажыццяўляючы свае самыя амбіцыйныя планы, яны натхняюць суайчыннікаў на новыя здзяйсненні. "Быць лідарам у сваёй сферы - вялікая адказнасць і велізарная штодзённая праца. Дзяржаўнае прызнанне - гэта высокі давер. І я перакананы, што вы яшчэ не раз апраўдаеце яго новымі дасягненнямі на карысць сваёй Айчыны", - сказаў на заканчэнне беларускі лідар.

Тэгі:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць