Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
22 кастрычніка 2019 года

Уручэнне дзяржаўных узнагарод

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 22 кастрычніка ўзнагародзіў дзяржаўнымі ўзнагародамі шэраг ваеннаслужачых Службы бяспекі Прэзідэнта, а таксама ўручыў пагоны старшаму афіцэрскаму складу СБП.

Урачыстае мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці адбылося напярэдадні 25-годдзя Службы бяспекі Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка назваў гэту дату чарговай значнай вяхой у гісторыі гэтага падраздзялення.

"Чвэрць стагоддзя таму мы стваралі службу практычна з нуля. Мы не ўяўлялі, якой яна павінна быць, не ведалі, чым яна павінна займацца. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі з'явілася такое падраздзяленне. Не было асаблівых рэсурсаў, ды і вопыту. Але былі людзі і глыбокія традыцыі той вялікай краіны. Фарміруючы падраздзяленне з новымі кампетэнцыямі, мы адбіралі лепшых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Беларусі - прафесіяналаў, патрыётаў з высокім пачуццём абавязку перад краінай і народам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы тады стваралі нашу Службу бяспекі, можна сумленна сказаць, на абломках структур разбуранай краіны: адпаведнага падраздзялення КДБ - групы "Альфа", адпаведнага падраздзялення МУС і іншых сілавых структур", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што сёння ў распараджэнні СБП ёсць самая сучасная зброя, а супрацоўнікі службы здольны якасна вырашаць самыя складаныя задачы ў любой кропцы Беларусі, у экстрэмальных сітуацыях гатовы дзейнічаць спакойна, дакладна, зладжана, непрыкметна, але эфектыўна.

"Гарантаванне бяспекі, абарона нацыянальных інтарэсаў краіны і народа - гэта ваша штодзённая работа. Вы штогадзінна і штохвілінна знаходзіцеся ў баявым страі і поўнай баявой гатоўнасці. Гэта ў многім вызначае прэстыж нашай суверэннай дзяржавы. А выдатную вывучку пацвярджаюць вашы поспехі на міжнародных спаборніцтвах рознага ўзроўню. У тым ліку і дзякуючы вам сёння ў Беларусі захоўваецца мір і парадак", - заявіў беларускі лідар.

Разам з гэтым Прэзідэнт заўважыў, што на планеце не па днях, а літаральна па гадзінах расце напружанасць, абвастраецца сітуацыя паблізу граніц Беларусі. "Замест пояса добрасуседства, які мы прапануем, вырысоўваецца дуга нестабільнасці. І ў гэтай сітуацыі вы павінны зрабіць усё, каб нават не даць падставы дэструктыўным сілам разбурыць мір, створаны на гэтай зямлі", - сказаў ён.

"У мірны час вы не толькі забяспечваеце свой фронт работ, але і дэманструеце ўсім, асабліва ўнутры нашага грамадства, што мір і спакой у нашай краіне - рэч нязменная, мір непахісны. У выпадку, не дай бог, агрэсіі супраць нашай дзяржавы, усе мы - воіны элітнага падраздзялення, і наша задача - быць наперадзе ўсіх падраздзяленняў, каб абараніць краіну, айчыну і грамадзян", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што супрацоўнікі СБП павінны максімальна выкарыстоўваць свой інтэлектуальны патэнцыял, падлічваць магчымыя варыянты і дзейнічаць на апярэджанне, быць неадольнай сцяной на шляху любой пагрозы, абараняць жыцці людзей. "Выконваючы свой прафесійны абавязак на найвышэйшым узроўні, па факце вы забяспечваеце нацыянальную бяспеку Беларусі і, як бы пафасна гэта ні гучала, з'яўляецеся апорай міру і стабільнасці ў нашым грамадстве", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што беларусы цэняць і паважаюць усіх тых, хто па закліку сэрца справай свайго жыцця выбірае самаадданае служэнне Айчыне. "Вельмі хачу, каб вы былі дастойныя гэтага даверу! Перакананы, словы, размешчаныя на адваротным баку Сцяга Службы бяспекі: "Доўг, Гонар, Айчына" - не проста дэвіз, а рэальны арыенцір для кожнага з нас", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за службу ўсім дзеючым супрацоўнікам і ветэранам, пажадаў моцнага здароўя, шчасця і поспехаў у прафесійнай дзейнасці на карысць краіны.

На заканчэнне, яшчэ раз даючы наказ удзельнікам мерапрыемства, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Помніце, што ў вас павінны заўсёды быць чыстыя рукі, светлыя, чыстыя твар і вочы. Таму што гэта не толькі вашы рукі і вочы. Гэта і рукі, і вочы Прэзідэнта, Кіраўніка дзяржавы. Поспехаў вам!"

Аляксандру Лукашэнку таксама быў уручаны юбілейны медаль "25 год Службе бяспекi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь".


Тэгі:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць