Выступленне на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім фармаце

  • 36

Паважаныя калегі!

Перш за ўсё дазвольце падзякаваць арганізатарам гэтага пасяджэння і асабіста Эмамалі Шарыпавічу за аказаны нам цёплы прыём, а таксама адзначыць паслядоўную і эфектыўную работу Таджыкістана ў гэтым годзе ў якасці старшыні Садружнасці.

Нязменным прыярытэтам членства Беларусі ў СНД застаецца ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва.

Сёння сусветныя рыначныя адносіны ўсё больш страчваюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяння паміж краінамі. Мы бачым, як з падачы Захаду безапеляцыйна, у аднабаковым парадку разбураецца ствараемая дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю.

Выкарыстанне неправавых механізмаў ператвараецца ў норму і ставіць нашы эканомікі ў нестабільнае становішча.

Толькі разам мы зможам паспяхова процістаяць гэтым новым выклікам.

З аднаго боку, мы павінны аб'яднаць намаганні для сумеснай абароны інтарэсаў на глабальным рынку.

З іншага - актывізаваць узаемны гандаль і інвестыцыі, пашыраць прамысловую кааперацыю. У цэлым адказаць кансалідацыяй і павышэннем ролі Садружнасці як рэгіянальнага іграка.

Сёння, на жаль, у нас адсутнічае агульнае бачанне і "генеральны" план развіцця СНД.

Не ўдалося да канца сфармуляваць тэарэтычную мадэль і стварыць практычную стратэгію эканамічнай інтэграцыі нашых краін.

У рамках адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій мы пачалі рэвізію Канцэпцыі далейшага развіцця СНД. Прапаную даручыць урадам абнавіць у гэтым дакуменце эканамічны блок.

Ён можа стаць ідэалагічнай асновай для больш поўнага выкарыстання навукова-вытворчага і інвестыцыйнага патэнцыялу ў рамках Садружнасці. Неабходна разумна ўвязаць гэта з распрацоўкай Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд пасля 2020 года.

І ў Канцэпцыі, і ў Стратэгіі трэба замацаваць сучасныя арыенціры, вызначыць агульныя кропкі эканамічнага росту. Лічу, што нашай Міжпарламенцкай Асамблеі таксама неабходна цесна падключыцца да гэтай работы.

Мяркую, што ўзаемадзеянне ў фармаце СНД павінна быць сінхранізавана з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікай Еўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Трэба вызначыць напрамкі для спалучэння магчымасцей нашых краін з буйнымі міжнароднымі праектамі, у першую чаргу з Эканамічным поясам Шаўковага шляху.

Беларусь ужо ўдзельнічае ў ім, развіваючы Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".

Стабільным адносінам паміж дзяржавамі СНД будзе садзейнічаць шырокі дыялог Садружнасці з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Прапаную даручыць Сяргею Мікалаевічу Лебедзеву і Тыграну Сурэнавічу Саркісяну актывізаваць падрыхтоўку да падпісання абноўленага Мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж ЕЭК і Выканкамам СНД.

Гэты дакумент дасць магчымасць нашым партнёрам па Садружнасці аператыўна і ў поўным аб'ёме атрымліваць інфармацыю аб развіцці еўразійскай інтэграцыі, аб'ектыўна ацэньваць перспектывы нарошчвання супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках.

Паважаныя калегі!

З 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску адбудзецца грандыёзнае спартыўнае мерапрыемства - Другія Еўрапейскія гульні.

Іх правядзенне - вялікі гонар для Беларусі. Вы ведаеце, што ў нашай краіне актыўна падтрымліваецца і прапагандуецца развіццё спорту.

Мы перакананы, што ён з'яўляецца інструментам умацавання даверу і ўзаемаразумення паміж народамі.

Запрашаю ўсіх вас прыняць удзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця і закрыцця Гульняў. Спадзяюся, што вам удасца наведаць і самі спаборніцтвы.