Удзел у мерапрыемстве, прысвечаным памяці ахвяр нацызму на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец"

  • 17
  • 7:21

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з федэральнымі прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Беленам наведаў мемарыяльны комплекс "Трасцянец", дзе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр нацызму.

Кіраўнікі дзяржаў па шляху да мемарыяльных могілак "Благаўшчына" - месца правядзення мітынгу-рэквіема - прайшлі міма архітэктурна-скульптурных збудаванняў, што сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер. У вокнах гэтых "вагонаў" былі бачны запаленыя лампады і кветкі. Пры гэтым на фанаграме былі чутны гукі поезда, які набліжаецца, галасы людзей на розных мовах, дзіцячыя крыкі.

У ходзе выступлення на мітынгу-рэквіеме Кіраўнік беларускай дзяржавы аб'явіў мінуту маўчання. Пра важнасць помніць урокі гісторыі гаварылі прэзідэнты Германіі і Аўстрыі, іншыя высокія госці. Агучана пасланне Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства быў прадстаўлены музычны эпізод "Мінута памяці і смутку", які сімвалізуе памяць аб ахвярах фашысціх катаў і заклік не дапусціць паўтарэння жахаў вайны. Прагучалі таксама вершы і музыка ў выкананні зводнага ансамбля скрыпачоў. На завяршэнне ў неба былі выпушчаны белыя галубы, а Прэзідэнт Беларусі і высокія госці ўсклалі кветкі да памятнай пліты мемарыяльных могілак "Благаўшчына".

У час выступлення на мерапрыемстве, прысвечаным памяці ахвяр нацызму на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец", Аляксандр Лукашэнка заклікаў захаваць праўду аб мінулай вайне і не дапусціць адраджэння страшнага мінулага.

"Маючы ўнікальную магчымасць ведаць праўду той вайны з расказаў відавочцаў, галоўнае, што мы павінны зрабіць, - захаваць гэту праўду, не дапусціць адраджэння страшнага мінулага. Бо гісторыя жорстка паказала, што нельга ігнараваць зло, нават існуючае на стадыі ідэі. Яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу ў такім выпадку - проста пытанне часу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы - прадстаўнікі розных народаў, веравызнанняў, жыхары розных дзяржаў, палітыкі і грамадскія дзеячы - знаходзімся тут, таму што помнім трагічныя ўрокі агульнай гісторыі. Ведаем, як абясцэніла чалавечае жыццё ідэалогія нацызму, якая перавярнула свет злачынствамі, якім няма роўных па сваёй бязлітаснасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, самай неспасціжнай з'явай Другой сусветнай вайны сталі лагеры смерці. На тэрыторыі аднаго з іх, буйнейшага па колькасці ахвяр, пабудаваны новы памятны аб'ект у Благаўшчыне. "Дарогай смерці тут наканавана было прайсці яўрэям з Берліна, Брэмена, Вены, Дортмунда, Прагі і іншых еўрапейскіх гарадоў. Тут пахаваны прах і беларускага мірнага насельніцтва, падпольшчыкаў і савецкіх ваеннапалонных, якія былі знішчаны, - адзначыў Прэзідэнт. - Каты, замбіраваныя і кіруемыя антыгуманнай нацысцкай ідэяй, знішчалі ўсіх, хто не адпавядаў іх ненармальнаму ўяўленню аб новым парадку і светаўладкаванні".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларускім архітэктарам удалося ўвасобіць у мемарыяле тонкую грань паміж жыццём і смерцю, пераступіўшы якую жывы чалавек ператвараўся ў жменю попелу. Ён выказаў шчырыя словы ўдзячнасці прысутным на мерапрыемстве прэзідэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячам, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый, кіраўніцтву і жыхарам еўрапейскіх гарадоў, усім неабыякавым людзям, агульнымі намаганнямі якіх захоўваецца памяць аб ахвярах "Трасцянца".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх падтрымаць ініцыятыву беларускага боку па стварэнні электроннай Кнігі памяці ахвяр "Трасцянца".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўдзельнікаў мерапрыемства сабраў боль памяці аб страшных падзеях Другой сусветнай вайны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны сімвал цяперашняй сустрэчы - гэта тое, што ўсе яе ўдзельнікі сабраліся разам, як адна сям'я.

"Пасляваенны лад на многія дзесяцігоддзі забяспечыў баланс бяспекі і міру на кантыненце. І здавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўсёды засвоены чалавецтвам. Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Многія не прызнаюць дзяржаўных граніц. Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з "дэманамі нецярпімасці", якія распальваюць нянавісць і правакуюць насілле", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пераканана ў неабходнасці пачаць новы маштабны міжнародны дыялог, накіраваны на пераадоленне ўсіх супярэчнасцей. "Дыялог, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў цяперашніх геапалітычных адносінах", - адзначыў ён.

Толькі праз давер, павагу і адкрытую, сумленную размову магчыма прыйсці да рэальнага ўмацавання міжнароднай бяспекі, разам процістаяць варожасці, нянавісці і фанатызму, забяспечыць дзецям шчаслівую будучыню, упэўнены беларускі лідар.

"І абсалютна не важна, дзе адбудзецца гэты дыялог, і нават не важна ў рамках якой арганізацыі - дзеючай ці навастворанай намі, але гэты дыялог нам вельмі патрэбны. І ўсе мы гэта разумеем. Мы адчуваем холад ужо не халоднай вайны. Нам трэба спыніцца. І тое, што мы сёння аб гэтым гаворым, - гэта залог таго, што мы навучыліся атрымліваць урокі з гісторыі. Ніколі больш не павінна паўтарыцца ў свеце трагедыя, якая паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва", - рэзюмаваў беларускі лідар.