Удзел у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях"

  • 27
Паважаны Старшыня Сі Цзіньпін!

Дарагія калегі, сябры!

Ініцыятыва "Пояс і шлях" дае магчымасць нам пераканацца ў мудрасці нашых продкаў, якія даўно ўсвядомілі, што развіццё асобна ўзятай краіны без узаемадзеяння з іншымі дзяржавамі практычна немагчыма.

Сучасныя тэхналогіі робяць свет больш кампактным. Геаграфічная аддаленасць ужо не з'яўляецца такой перашкодай для выбудоўвання цеснага партнёрства, якой была ў часы стварэння Шаўковага шляху.

З надыходам эры лічбавізацыі, якая прынесла новую хуткасць работы з інфармацыйнымі і грашовымі патокамі, лагічна было б чакаць істотнага прагрэсу і ў гандлі.

Аднак на шляху перамяшчэння тавараў усё яшчэ прысутнічаюць штучна створаныя тарыфныя, нетарыфныя, тэхнічныя, адміністрацыйныя бар'еры.

Калі мы хочам пашырыць наша эканамічнае супрацоўніцтва, надаць магутны імпульс развіццю эканомік, нам неабходна больш рэзультатыўна працаваць над устараненнем усіх відаў бар'ераў.

Але рабіць гэта толькі на тэрыторыі асобна ўзятай дзяржавы - усё роўна што ў вялікім горадзе на адным скрыжаванні ліквідаваць аўтамабільную пробку. Ты проста хутчэй даедзеш да наступнай.

Наша агульная задача - каардынацыя дзеянняў краін на ўсёй працягласці Пояса і Шляху.

Беларусь, праз якую ідуць таварныя патокі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, як ніхто іншы, зацікаўлена ў існаванні справядлівай, раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю.

На наш погляд, у бліжэйшы час належыць дабіцца практычнага выніку ў трох пытаннях.

Па-першае, фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, перш за ўсё паміж Кітаем і Еўропай.

Прымяненне сучасных спадарожнікавых навігацыйных пломб дае магчымасць зняць залішнія мытныя і іншыя надгляды, скараціць час руху кантэйнерных паяздоў на 4-5 дзён.

У Беларусі паспяхова ўжо вядуцца эксперыменты па ўкараненні такіх пломб. Прапануем спалучыць намаганні ўпаўнаважанага кіраўніцтвам Кітая аператара і нацыянальнага беларускага аператара для сумеснай рэалізацыі гэтага праекта.

Па-другое, скасаванне дазвольнай сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, што стане дадатковым стымулам для развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці.

Па-трэцяе, актыўнае ўмацаванне ўзаемасувязі інфраструктур. Патрэбны далейшая рэканструкцыя прыгранічных станцый, аўтамабільных і чыгуначных дарог, мастоў, стварэнне мультымадальных транспартных вузлоў.

Узаемазвязаная інфраструктура - базавы элемент развіцця праз супрацоўніцтва.

Ад нас залежыць, ці прытрымлівацца новых стандартаў эканамічнага супрацоўніцтва, ствараць новую вялікую сям'ю або вярнуцца да ўстарэлых геапалітычных манеўраў.

"Моцны пераадолее перашкоду, мудры - увесь шлях". Жадаю ўдзельнікам форуму сілы для пераадолення ўсіх перашкод, якія ўзнікаюць у сумеснай рабоце па будаўніцтве "Пояса і шляху", а таксама мудрасці, каб паспяхова рэалізаваць праекты гэтай глабальнай ініцыятывы на карысць народаў нашых краін.

Дзякуй за ўвагу!