У Беларусі ўзмоцнена дзяржпадтрымка дзяцей-сірот і шматдзетных сем'яў у вырашэнні жыллёвага пытання
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 снежня падпісаў указы № 474 "Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" і № 473 "Аб долевым будаўніцтве".
Указам "Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" павялічваецца памер такой падтрымкі для некаторых катэгорый грамадзян.
У адносінах да дзяцей-сірот памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах у адпаведнасці з Указам № 240 павялічваецца з 35% да 50%.
Для малазабяспечаных грамадзян, якія ажыццяўляюць будаўніцтва жылля і працоўную дзейнасць у населеных пунктах на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, памер субсідыі на выплату часткі працэнтаў па камерцыйных крэдытах павялічваецца на 4 працэнтныя пункты.
Акрамя таго, грамадзянам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, прадастаўляецца права на атрыманне субсідыі на пагашэнне 50% асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах.
Для шматдзетных сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, устанаўліваецца першачарговае права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі (як гэта прадугледжана для шматдзетных сем'яў, якія выхоўваць чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей).
Таксама Указам устанаўліваецца, што з 1 сакавіка 2019 года абмяжоўваецца права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылля для працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Дзяржаўная падтрымка не будзе аказвацца сем'ям, у якіх усе працаздольныя члены сям'і не заняты ў эканоміцы. Пры гэтым яны будуць мець права паўторна звярнуцца за яе атрыманнем, калі адпалі падставы для аднясення іх да грамадзян, не занятых у эканоміцы.
Указ "Аб долевым будаўніцтве" прыняты ў мэтах удасканалення праваадносін бакоў пры долевым будаўніцтве аб'ектаў у Беларусі і адмяняе дзеянне Указа ад 6 чэрвеня 2013 года № 263.
Дакументам уводзіцца шэраг новых норм. У прыватнасці, шматдзетным сем'ям прадастаўлена пераважнае права на атрыманне накіраванняў на долевае будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў або жыллёвых памяшканняў у блакіраваных жылых дамах.
Грашовыя сродкі ад продажу кватэр, пабудаваных за кошт уласных сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў, будуць пералічвацца на бягучыя рахункі гэтых прадпрыемстваў.
З улікам практыкі прымянення Указа № 263 удакладняюцца істотныя ўмовы дагавораў долевага будаўніцтва, парадак апублікавання праектнай дэкларацыі, прыцягнення грашовых сродкаў дольшчыкаў, функцыянавання спецыяльных рахункаў, а таксама парадак фарміравання і змянення цаны дагавора.
Савету Міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін вызначыць парадак заключэння, выканання і скасавання дагавора долевага будаўніцтва і зацвердзіць тыпавую форму такога дагавора.
Дзеянне Указа не распаўсюджваецца на аб'екты, дазвольная дакументацыя на будаўніцтва якіх дадзена да ўступлення ў сілу гэтага дакумента.
Асноўныя палажэнні Указа ўступаюць у дзеянне праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.