Каментарый да Указа № 174 ад 11 мая 2018 г.
У Беларусі карэкціруюцца пытанні вядзення адраснай сістэмы. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Дакумент уносіць змяненні ва Указ № 160 "Аб адраснай сістэме" ад 9 красавіка 2012 года з улікам практыкі прымянення, а таксама прыводзіць яго ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі па пытаннях дзейнасці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
У прыватнасці, канкрэтызуюцца паўнамоцтвы Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ў галіне вядзення адраснай сістэмы, а таксама замацоўваецца прававы статус рэестра найменняў вуліц і дарог (гэты рэестр вызначаны як састаўная частка рэестра адрасоў Рэспублікі Беларусь).
У 2017 годзе індустрыяльны парк "Вялікі камень" стаў тэрытарыяльнай адзінкай Беларусі, яго адміністрацыя атрымала права прысвойваць найменні элементам вулічна-дарожнай сеткі на тэрыторыі парка. У сувязі з гэтым указам устанаўліваецца наяўнасць элементаў вулічна-дарожнай сеткі не толькі ў населеных пунктах, але і ў індустрыяльным парку. Рэгламентуюцца асобныя пытанні адносна змянення адрасоў аб'ектаў нерухомай маёмасці, узведзеных на гэтай тэрыторыі.
Акрамя таго, для выканання ўскладзеных заканадаўствам функцый па прысваенні найменняў элементам вулічна-дарожнай сеткі прадугледжваецца магчымасць прадастаўлення адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" інфармацыі аб адрасах шляхам дыстанцыйнага доступу да рэестра адрасоў Беларусі.