Памер шрыфту:
A
A
A
Колер сайта:
К
К
К
Настройкі
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
23 студзеня 2020 года

Уручэнне дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам

Навуковая галіна мае стратэгічнае значэнне для развіцця краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

"Дзве галоўныя сілы забяспечваюць моц нашай дзяржавы (напэўна, любой, але нашай асабліва) - інтэлект нацыі і жыватворная крыніца культурных традыцый. Ушаноўваючы ў Палацы Незалежнасці напярэдадні Дня беларускай навукі яе лепшых прадстаўнікоў, мы падкрэсліваем стратэгічную значнасць важнейшай для развіцця нашай краіны галіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Удзельнікі цырымоніі сваё прафесійнае свята ў гэтым годзе ўжо сустрэнуць у новым статусе. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прысваенне званняў доктара навук і прафесара стане іх чарговай перамогай на вельмі складаным шляху пазнання законаў прыроды і грамадства, а таксама асновай для новых здзяйсненняў.

"Кажуць, што многія адкрыцці ў навуцы робяцца выпадкова, але абсалютна дакладна не выпадковымі людзьмі. За кожным вашым вынікам стаяць гады самаадданай напружанай працы. Я вельмі часта гавару, што самая цяжкая праца, якую чалавецтва зведала, - гэта праца вучонага. Навуковую ісціну спасцігаюць толькі самыя таленавітыя, настойлівыя і мэтанакіраваныя", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, навука ў Беларусі карыстаецца асаблівай падтрымкай і даверам з боку дзяржавы. "Але і патрабаванні вельмі сур'ёзныя. Я перакананы (можа, у нечым памыляюся, але ў асноўным маю рацыю): вучоным у Беларусі стаць складана. Проста так вучоным ты не станеш, а калі і станеш, то атрымаць званне, абараніць кандыдацкую, доктарскую дысертацыю з кожным годам становіцца ўсё складаней. Па многіх прычынах. Прынамсі, за грошы, як гэта было шмат-шмат гадоў таму (я застаў гэты час), наўрад ці гэта магчыма", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што айчынныя вучоныя актыўна ўключаны ў многія грамадска-палітычныя працэсы жыцця краіны. І гэта высокая місія патрабуе ад кожнага з іх вялікай самааддачы і адказнасці за прымаемыя рашэнні.

"Менавіта навука і сучасныя інавацыі змяняюць аблічча свету, адкрываюць гарызонты цывілізаванага развіцця трэцяга дзесяцігоддзя новага XXI стагоддзя. Сёння як ніколі жыццёва важна ўвайсці і замацавацца ў групе краін - распрацоўшчыкаў, вытворцаў высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. У нас ёсць усе падставы для паспяховага руху ў гэтым напрамку", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь ужо набыла шырокую вядомасць дзякуючы даследаванням і распрацоўкам у галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, атамнай энергетыкі, фізікі, машынабудавання, аграпрамысловых і біятэхналогій, медыцыны і фармацэўтыкі. "Усё, што дасягнута на карысць чалавека і нашай дзяржавы, - гэта заслуга такіх, як вы, - самаадданых і верных высакародным мэтам людзей. На вашых плячах, як бы пафасна гэта ні гучала, - адказнасць за будучыню нашых дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы: сёння трэба глядзець на многія дзесяцігоддзі наперад і рабіць усё, каб кожнае новае пакаленне беларусаў ганарылася сваімі вытокамі, берагло гістарычны здабытак і ўдасканальвала лепшыя пачынанні. "Больш таго, вашы дасягненні абавязкова павінны знайсці развіццё ў выніках працы лепшых вучняў - перспектыўных, амбіцыйных, з дзяржаўным мысленнем. Іх будучы поспех і стане сапраўдным пацвярджэннем высокіх званняў і навуковага аўтарытэту настаўніка. Няхай гэта традыцыя пераемнасці інтэлектуальнага патэнцыялу паслужыць галоўным мэтам далейшага развіцця нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім прынцыповым патрабаванні, каб навуковыя распрацоўкі рабіліся з прыцэлам на практыка-арыентаванасць. "Што датычыцца практыка-арыентаванасці - гэта строгае маё патрабаванне. Нам разглагольстваванні ніякія не патрэбны, пачынаючы ад гуманітарных да прыродазнаўчых, дакладных навук. Нам патрэбны распрацоўкі вучоных, якія можна прымяніць у нас на справе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў пажаданне больш дэталёва вывучыць сітуацыю ў гэтай сферы: "Трэба нам выбраць час, каб распытаць у Кіраўніка Акадэміі навук аб выкананні тых даручэнняў, якія былі дадзены мною ў мінулым і пазамінулым гадах. Я маю на ўвазе і электрамабіль, яшчэ нейкія напрамкі... Дзе яно, на якім узроўні? Трэба вызначыцца, можа, пасля першага квартала, і перагаварыць у Акадэміі навук з вучонымі на прадмет рэалізацыі іх адкрыццяў".


Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вывучыць пытанне, наколькі аптымальна існуючая сістэма пры падачы апеляцый наконт ацэнкі і абароны навуковых работ. Ён лічыць няправільным, калі апеляцыю разглядаюць тыя ж, хто раней прымаў рашэнне па гэтым жа пытанні. "Усё ж такі давайце не будзем спяшацца. Давайце вывучым гэта пытанне на прадмет адпаведнасці класічным прынцыпам: калі гэта просьба рассудзіць, ёсць крыўда на тых, хто прыняў рашэнне, трэба зыходзіць з таго, што гэта павінен зрабіць нехта іншы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць разабрацца ў гэтым пытанні без усякіх асобасных падыходаў. "Не, значыць, не, пакінем гэту сістэму. Калі вы палічыце патрэбным, што гэта павінна быць крыху іншая сістэма, разгледзім гэта пытанне. Калі ў гэтым ёсць неабходнасць", - рэзюмаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў вучоным натхнення і не спыняцца на дасягнутым. "Хацеў бы пажадаць вам, каб гэта была база, фундамент, платформа, якая паслужыць далейшаму руху вас як вучоных наперад", - сказаў ён.

Дыпломы доктара навук з рук кіраўніка дзяржавы атрымалі 11 вучоных. У іх ліку былі прадстаўнікі медыцынскіх, педагагічных, тэхнічных, фізіка-матэматычных, філалагічных і эканамічных навук.

Атэстаты прафесара Прэзідэнт уручыў сямі работнікам адукацыйных, навуковых і медыцынскіх устаноў па спецыяльнасцях "мастацтвазнаўства", "будаўніцтва", "фізіка", "тэхналогія (машынабудаванне)", "права", "медыцынская біялогія".

Прысваенне вучонай ступені доктара навук Аляксандр Лукашэнка параўнаў з уручэннем генеральскіх пагонаў, назваўшы гэтыя званні "народнымі". "Усе вышыні, якія мы бяром у жыцці, вельмі важныя. Але "народнае" званне (прафесар, генерал) - гэта вялікая справа. Я з найвялікшай павагай стаўлюся да вас, гераічных людзей, таму што навука - гэта вельмі складана. Можа, таму што ў свой час я адмовіўся займацца навукай, разумеючы, што гэта вельмі цяжка і да гэтага трэба мець сапраўды вялікую схільнасць. Таму я заўсёды з хваляваннем стаўлюся да гэтых пытанняў і вельмі ўважлівы да вучоных", - заявіў Прэзідэнт.

Пасля цырымоніі Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з наваспечанымі дактарамі навук і прафесарамі, адразу ж папрасіўшы іх адкрыта гаварыць аб праблемах - "аб тым, што хвалюе, а не на што арыентавалі". "Ёсць такая практыка: перш чым з'явіцца ў Прэзідэнта, пальцам трасуць - гэта скажыце, гэта і гэта закраніце. Я не супраць. Можаце закрануць любое пытанне. Але хацелася, каб гэта было ад душы. Калі не ад душы - я адразу заўважу, у мяне вопыт работы з людзьмі ўжо вялікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён са шкадаваннем дадаў, што з вучонымі сустракаецца рэдка, і папрасіў Старшыню Вышэйшай атэстацыйнай камісіі звярнуць на гэта ўвагу. "Вы павінны мяне да вучоных часцей запрашаць. Гаворым аб тым, што навука - гэта аснова, а Прэзідэнт цялёпкаецца там, дзе павінны міністры і губернатары працаваць. Хоць без рэальнага сектара эканомікі, той жа няшчаснай нафты і газу, нам нікуды", - адзначыў Прэзідэнт.

Удзельнікі сустрэчы расказалі аб сутнасці сваіх навуковых прац і даследаванняў, праблемах, з якімі сутыкаюцца ў рабоце.

Асобна закраналася тэма змяненняў клімату. Як растлумачылі вучоныя, анамальныя з'явы надвор'я гэтай зімой у Беларусі выкліканы комплексам агульнасусветных фактараў. Паводле іх слоў, апошнія пяць гадоў былі самымі цёплымі ў гісторыі метэаназіранняў. З ростам тэмпературы павялічваецца рызыка ўзнікнення экстрэмальных з'яў.

"Скажу шчыра, што я з вялікім недавер'ем да вашага брата стаўлюся, асабліва да тых, хто прагназуе надвор'е, - сказаў Прэзідэнт. - У мяне вельмі строгія з імі былі разборы ў мінулым годзе. Бывалі часы, калі аграрыям трэба займацца сяўбой, уборкай, а нашы прагнозныя службы не могуць на тры дні прадказаць надвор'е. Хоць ва ўсім свеце тыдзень дакладна па гадзінах прадказваюць, а нашы не могуць".

Пасля таго як на гэту праблему звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, былі праведзены кадравыя змяненні ў складзе гідраметэаралагічнай службы, і сітуацыя змянілася да лепшага. "Цяпер на тры дні - 120% дакладнасці", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Трэба, каб мы ў сваіх разважаннях, стратэгічным апісанні, адыходзячы далёка, не забылі аб тым, што нам трэба кожны дзень. Тое, што будзе праз 100 гадоў... Нас з вамі не будзе тады", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён асабліва падкрэсліў неабходнасць такога разумнага спалучэння стратэгічнага і тактычнага падыходу ў навуковых распрацоўках па медыцыне. У цэнтры ўвагі павінны быць інтарэсы пацыента.

Прадстаўнікі навуковай сферы запэўнілі, што і цяпер дзейнічаюць па такім прынцыпе. Напрыклад, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава дзякуючы распрацоўкам вучоных укаранёны аперацыі, якія даюць магчымасць захоўваць пашкоджаныя ракам органы, што яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму было немагчымым. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця" распрацавана комплексная праграма прэнатальнай дыягностыкі і акушэрскай тактыкі пры шматплоднай цяжарнасці.

У час сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы зайшла размова пра беларускую адукацыю. Першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар педагагічных навук Дзмітрый Мядзведзеў расказаў аб сваёй дысертацыі, якая спрабуе адказаць на вечныя пытанні: чаму і як вучыць.

"Галоўная, напэўна, тэма не толькі нашай адукацыі, навукі, але і наогул нашага жыцця - чаму вучыць і як вучыць", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што не па чутках знаёмы са школьнымі падручнікамі, аднак іх якасць у яго часта выклікае пытанні. "Нібыта вучоныя нешта там вынайшлі, зразумелі, чаму вучыць, як вучыць, а калі пачынаем падыходзіць туды, дзе гэта павінна працаваць, - бяда, - канстатаваў ён. - Праблема, чаму вучыць і як, застаецца. Мы ў бягучым годзе вернемся да гэтага пытання. Нам трэба паглядзець, чаму вучыць, праграмы пад гэта зрабіць. Не на чатыры-пяць-сем гадоў - а скараціць, дзе гэта можна, аж да таго, каб павыкідваць тэмы: вы гэту тэму ў школе прайшлі - на гэтым узроўні для ўрача і дастаткова".

Кіраўнік дзяржавы заклікаў педагогаў не баяцца магчымага скарачэння тэм і не трымацца за гадзіны. "Мы лепш вам за меншыя гадзіны будзем больш плаціць. Нам трэба стварыць ёмістую сістэму адукацыі, каб сюды прыязджалі. Яны едуць, але заўтра могуць не паехаць. Нам трэба пастаянна ўдасканальваць адукацыю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Часам толькі зламаць бы, а замены няма. Дык не спяшайцеся. Новае павінна расці са старога. Нешта павінна адмерці, яно так і ў жыцці бывае. Але не трэба рэвалюцыйна: новы свет пабудуем, але не ведаем які і не ведаем як".

На заканчэнне сустрэчы Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за сустрэчу і запрасіў яго пабываць у вучоных у гасцях. "Гатовы паказаць і электратранспарт, і іншыя распрацоўкі. Усе даручэнні на кантролі", - адзначыў ён.

"Добра, я прыеду на "Тэсле", пастаўлю побач, - заявіў Прэзідэнт. - Абавязкова прыеду для такой адкрытай, як сёння, размовы, таму што разумею, што мы проста нашых вучоных не арыентуем. Яны атрымліваюць нешта са сродкаў масавай інфармацыі, іншых нейкіх крыніц. Раней, у савецкі час, усё ж такі было па-іншаму. Нам трэба інфармаваць не толькі працоўныя калектывы - мы гэта робім часцей, чым вучоных. А што такое вучоны? Ты яго праінфармаваў - ён заўтра тысячы людзей павядзе за сабой у ідэалагічным плане".

"Таму мы сустрэнемся з вучонымі для таго, каб адкрыта пра жыццё пагаварыць, пра палітыку нашай дзяржавы. Мне вельмі важна было б, каб вучоныя шчыра выказаліся", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

Тэгі:
Прэзідэнт Падзеі Дакументы Дзяржава Беларусь
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Настройкі шрыфту
Шрыфт:
Trebuchet MS
Georgia
Iнтэрвал памiж лiтарамі:
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема:
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Цёмна-сінім
па блакітным
Карычневым
па бэжавым
Вярнуць стандартныя настройкі
Закрыць