Тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі прадоўжаны да 30 дзён
Тэрмін бязвізавага знаходжання
замежных грамадзян у Беларусі павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду ў
краіну і далейшага выезду праз Дзяржаўную граніцу ў Нацыянальным аэрапорце
Мінск. Адпаведны Указ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24
ліпеня.
У дакуменце актуалізаваны
пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца рэжымам бязвізавага
ўезду і выезду: з яго выключаны краіны, з якімі Беларусь заключыла двухбаковыя
пагадненні аб узаемнай адмене віз.
Для бязвізавага ўезду ў
Беларусь замежным грамадзянам неабходна пры сабе мець дзеючы пашпарт або
дакумент, які яго замяняе, прызначаны для выезду за мяжу, грошы (на кожны дзень
знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм
базавым велічыням, або 50 базавым велічыням, калі знаходжанне складзе поўныя 30
дзён), дзеючы ў Беларусі медыцынскі страхавы поліс на суму не менш як 10 тыс.
еўра.
Для грамадзян В'етнама, Гаіці,
Гамбіі, Індыі, Лівана, Намібіі і Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем
з'яўляецца наяўнасць у пашпарце дзеючай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай
зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з
пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 30 дзён з
даты ўезду.
У адносінах да грамадзян Кітая
такі парадак бязвізавага ўезду ў Беларусь будзе прымяняцца да 10 жніўня 2018
года - да ўступлення ў сілу двухбаковага пагаднення аб узаемным бязвізавым
рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў.
Парадак бязвізавага
перамяшчэння праз аэрапорт не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у
Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама плануюць вылецець у расійскія
аэрапорты, паколькі гэтыя рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на
іх не ажыццяўляецца.
Бязвізавы рэжым таксама не
распаўсюджваецца на замежных грамадзян, якія накіроўваюцца ў Беларусь для працаўладкавання,
вядзення камерцыйнай дзейнасці і навучання, працягласць якога перасягае 30
сутак.
Тэрмін бязвізавага знаходжання
вылічаецца ў цэлых каляндарных сутках. Першым суткам адпавядае дата прыбыцця,
апошнім - дата выбыцця (незалежна ад часу прыбыцця або выбыцця). Пры гэтым
тэрмін бязвізавага знаходжання не можа быць прадоўжаны звыш устаноўленых 30
сутак.
Замежныя грамадзяне, якія
плануюць знаходзіцца ў Беларусі больш за пяць рабочых дзён, павінны будуць
зарэгістравацца ў органах унутраных спраў па месцы свайго знаходжання ў краіне.
Пры пражыванні ў гасцініцах, хостэлах, санаторыях і іншых калектыўных сродках
размяшчэння рэгістрацыя ажыццяўляецца адміністрацыямі гэтых устаноў па
змоўчанні ў час засялення.
Прыняцце Указа прызначана
садзейнічаць далейшаму развіццю беларускай турыстычнай галіны, забяспечыць
даступнасць санаторнага і медыцынскага турызму ў Беларусі, стаць адным з
немалаважных фактараў садзейнічання развіццю эканомікі краіны, уключанасці
Беларусі ў светагаспадарчыя сувязі, узмацніць яе пазіцыю як зручнай пляцоўкі
для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый, фестываляў, спартыўных
спаборніцтваў.
Дакумент уступае ў сілу пасля
афіцыйнага апублікавання.