Тэлефонная размова з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

    Тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Расіі адбылася 30 снежня.

    У першай частцы гутаркі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяняліся цёплымі віншаваннямі ў сувязі з надыходзячым Новым годам, пажадаўшы ўзаемнага працвітання братэрскім народам дзвюх краін. Другая частка размовы доўжылася больш за гадзіну і была прысвечана ўзгадненню канкрэтных аб'ёмаў, тэрмінаў і цэн на пастаўкі вуглевадародаў і іншых відаў сыравіны.

    Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі таксама нявырашаныя пытанні інтэграцыі, якія знаходзяцца цяпер на парадку дня.

    У выніку прэзідэнты дамовіліся даручыць урадам у бліжэйшыя дні арганізаваць работу суб'ектаў гаспадарання з выхадам на заключэнне кантрактаў па нафце і газу. У выпадку, калі да 1 студзеня гэтыя пытанні вырашыць не паспеюць, згодна з дамоўленасцямі кіраўнікоў дзяржаў, члены ўрадаў выпрацуюць кампрамісны прамежкавы варыянт умоў паставак нафты і газу ў нашу краіну да канчатковага прыняцця рашэнняў прэзідэнтамі. Якія, у сваю чаргу, пры неабходнасці сустрэнуцца для абмеркавання і прыняцця гэтых рашэнняў пасля калядных свят у сярэдзіне студзеня.