Сустрэча з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэзідэнту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Суме Чакрабарці за супрацоўніцтва з Беларуссю і прапанаваў у яго гонар назваць адну з дарог краіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 6 лютага на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР.

"На вялікі жаль, Вы вырашылі завяршыць свой перыяд кіраўніцтва банкам. Я яшчэ раз падкрэсліваю: вельмі шкада, - адзначыў Прэзідэнт, вітаючы кіраўніка банка. - Тым не менш жыццё ёсць жыццё, яно на гэтым не заканчваецца. Будзе вельмі правільна, калі я ад імя беларускага народа выкажу Вам удзячнасць за ўсё, што было зроблена у перыяд кіраўніцтва Вамі банкам у Беларусі".

За гады супрацоўніцтва ЕБРР інвесціраваў у краіну 3 млрд еўра. Толькі за мінулы год аб'ём інвестыцый склаў амаль 400 млн еўра. "Мы ачышчалі ваду, уцяплялі дамы, будавалі самыя сучасныя дарогі за гэтыя грошы. Гэта звязана з Вашым імем, і я тут нічога не перабольшваю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і з доляй гумару прапанаваў: - Трэба адну з дарог назваць Чакрабарці, таму што лепшыя дарогі пабудаваны з падтрымкай банка".

Паводле яго слоў, Беларусь спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з банкам у сферы будаўніцтва і рэканструкцыі дарог. "Паколькі дарогі, якія мы з вамі пабудавалі, яны не толькі для беларусаў, а можа, і не столькі для беларусаў, колькі для Расіі, іншых усходніх дзяржаў і Еўрапейскага саюза, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Толькі за мінулы год па дарогах Беларусі з усходу на захад перамешчана 110 млн т грузу. І больш як 70% - гэта грузы не для Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка таксама разлічвае на прадаўжэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння з новым кіраўніцтвам ЕБРР, а таксама з Сумам Чакрабарці на новай пасадзе. "Вы вельмі значны чалавек у Вялікабрытаніі. Калі Вы застаняцеся ў Лондане, мы вельмі разлічваем, што Вы дапаможаце нам устанавіць такія ж дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, якія ў нас склаліся з Вашым банкам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Улічваючы, што Вы наш надзейны, лепшы сябар, ведайце, што ў Беларусь Вы можаце прыехаць у любы час, - дадаў ён. - Мы Вас з задавальненнем заўсёды сустрэнем".

У сваю чаргу Сума Чакрабарці падзякаваў беларускаму лідару за такую высокую ацэнку яго дзейнасці на чале банка: "Вы прымусілі мяне крыху засаромецца". Ён падкрэсліў, што адносіны паміж Беларуссю і ЕБРР умацоўваліся дзякуючы падтрымцы з боку Аляксандра Лукашэнкі. "Менавіта пад Вашым кіраўніцтвам мы праводзілі тут шмат праектаў і прыкладалі намаганні для развіцця дзяржавы", - адзначыў прэзідэнт ЕБРР.