Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам

  • 1

Беларусь і Малдова павінны адкрываць новыя напрамкі супрацоўніцтва і выходзіць на ўзаемны тавараабарот у памеры $500 млн. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 лістапада на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

"У вас ёсць магчымасць яшчэ раз глянуць на Беларусь, паглядзець, дзе мы недапрацоўваем, - гэта вельмі важна асабліва з пункту гледжання Урада - і, магчыма, знайсці новыя напрамкі супрацоўніцтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы можаце знайсці гэтыя напрамкі, калі гэта будзе цікавіць Малдову. Мы заўсёды адгукнёмся".

Прэзідэнт адзначыў, што пры развіцці эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі больш эфектыўна вызначаць некалькі канкрэтных напрамкаў або праектаў і паступова рэалізоўваць іх. "З Малдовай у нас супрацоўніцтва даўняе, ідзе па многіх напрамках. У нас і тавараабарот добры ўжо. Але на паўмільярда трэба выходзіць адназначна, мы маем такія магчымасці, і дабаўляць да традыцыйных напрамкаў нашага супрацоўніцтва напрамкі, якія адсутнічаюць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтымі днямі былі адкрыты прамыя авіязносіны паміж Мінскам і Кішынёвам - аб гэтым краіны дамаўляліся ўжо даўно. Прэзідэнт упэўнены, што рэйс будзе карыстацца папулярнасцю ў грамадзян абедзвюх дзяржаў. "Асабліва ў плане бізнесу, новых кантактаў, ды і турызму. Гэта новае акно магчымасцей, - лічыць ён. - Пажадана, каб мы з Малдовай пакрыху дабаўлялі ўсё новыя і новыя напрамкі супрацоўніцтва".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў беларускага боку абсалютна няма закрытых тэм для супрацоўніцтва з Малдовай. "Мы супрацоўнічаем не ў плане дабрачыннасці. Любыя нашы кантракты рэнтабельныя, яны выгадныя і вам, і Беларусі. Мы купляем тое, што вы вырабляеце, а мы не вырабляем", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу ён прывёў супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы, у прыватнасці, пастаўкі насення кукурузы з Малдовы ў Беларусь. "У гэтым годзе 85 цэнтнераў з гектара атрымалі. Але для паўночнай краіны, я думаю, гэта нядрэнны ўраджай, - адзначыў Прэзідэнт. - Дзякуючы вашаму насенню, сумеснай рабоце мы атрымліваем насенне для вельмі важнай для нас культуры".

"Мы знайшлі добрыя напрамкі супрацоўніцтва, не прад'яўляем ніякіх папярэдніх умоў адзін да аднаго. Мы ўспрымаем Малдову такой, якая яна ёсць, разумеем ваш выбар асноўных арыенціраў. Вы разумееце нас, таксама не ставіце ніякіх папярэдніх умоў. У сувязі з гэтым у нас добрыя адносіны. Я хачу вас запэўніць, што так яно і будзе", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што на нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Гомелі абмяркоўваў у тым ліку развіццё адносін з Малдовай. "Ён мне расказваў аб сваім бачанні развіцця Малдовы. Я, вядома, перажываў за тое, каб не было перашкод нашаму супрацоўніцтву. Я атрымаў поўную падтрымку і запэўненне, што Украіна заўсёды будзе садзейнічаць нашаму супрацоўніцтву", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Прэзідэнт выказаў кіраўніцтву малдаўскага Урада словы падтрымкі ў сувязі з маючымі адбыцца ў пачатку 2019 года парламенцкімі выбарамі. "Жадаю вам прайсці гэты перыяд спакойна, а дружалюбнаму, паважанаму народу Малдовы - стабільнасці, спакою і руху да працвітання", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.