Сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ

  • 10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 26 верасня сустрэчу з прадстаўнікамі ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі.

На сустрэчу з Кіраўніком беларускай дзяржавы прыехалі прадстаўнікі інфармацыйных агенцтваў "Укрінфарм" і "Інтэрфакс-Украіна", тэлеканалаў "Украіна", "112 Украіна" і "1+1", газеты "Правительственный курьер".
 
Размова Прэзідэнта з журналістамі прадаўжаўся амаль тры з паловай гадзіны. Аляксандр Лукашэнка падрабязна адказаў на пытанні аб перспектывах развіцця беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў розных галінах, ролі і прапановах Беларусі па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Прэзідэнт таксама расказаў аб прыярытэтах унутрыпалітычнага курсу Беларусі, асаблівасцях узаемадзеяння з ключавымі партнёрамі, у тым ліку Расіяй, Еўрапейскім саюзам і Кітаем. Па просьбе журналістаў Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў шэраг падзей на сусветнай палітычнай арэне, выказаўся аб сітуацыі ў рэгіёне ў сферы бяспекі.

Аб сутнасці сустрэчы

"Мы ўпершыню, на жаль, сустракаемся ў фармаце прамой размовы з прадстаўнікамі такіх буйных сродкаў масавай інфармацыі Украіны. Гэта добрая практыка, і я прапанаваў бы такую сустрэчу зрабіць традыцыяй. Па-першае, я даведваюся вельмі шмат ад вас аб тым, што адбываецца цяпер ва Украіне. З другога боку, у мяне ёсць магчымасць без усялякіх крыватолкаў, выдумак данесці сваю пазіцыю па фундаментальных пытаннях нашых адносін, - сказаў Прэзідэнт. - Тут вы прадстаўляеце не толькі сродкі масавай інфармацыі, але і ўвесь народ Украіны. І для нас гэта сустрэча - магчымасць сумленнага і адкрытага дыялогу".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы і ўкраінцы настолькі цесна звязаны агульнымі каранямі - гістарычнымі, духоўнымі, сямейнымі, што не маюць права страціць гэта адзінства. "Мы проста абавязаны захаваць гэту славянскую кроўную роднасць дзеля будучых пакаленняў. Перадаць яе дзецям у імя захавання міру і стабільнасці на нашых землях, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Мы заўсёды адчувалі падтрымку адзін аднаго, нягледзячы на тыя ўзрушэнні, якімі нас выпрабоўваў і выпрабоўвае час. Але мы ведаем, што нам па сілах разам пераадолець усе цяжкасці і знайсці рашэнні на карысць нашых краін і народаў".

Прэзідэнт адзначыў, што Украіна - важнейшы сусед Беларусі, адзін з галоўных гандлёва-эканамічных партнёраў, і менавіта таму адносіны з ёй заўсёды былі ў прыярытэце. Беларусь і Украіна супрацоўнічаюць па шырокім спектры пытанняў: міжнародная бяспека, эканоміка і гандаль, культура, навука, спорт, гуманітарныя праекты. І кожны з гэтых напрамкаў мае вельмі істотнае значэнне, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняе мерапрыемства праводзіцца напярэдадні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры ў пачатку кастрычніка. "Гэты праект вельмі значны не толькі для нашых краін, але і, адкрыю сакрэт, для мяне асабіста", - прызнаўся Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што два гады таму кіраўніцтва Украіны падтрымала гэту ідэю, і праз год ужо ў Гомелі адбыўся першы такі форум. "Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Такія сустрэчы дапамагаюць нарошчваць вельмі патрэбныя міжрэгіянальныя сувязі, у першую чаргу ў гандлі і эканоміцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны - ключавы складнік беларуска-ўкраінскага партнёрства, і дасягненні тут значныя. У мінулым годзе тавараабарот паміж краінамі склаў амаль $5,5 млрд. "Працуюць сумесныя прадпрыемствы, ёсць нямала агульных інфраструктурных праектаў. Нас аб'ядноўваюць цесныя кааперацыйныя сувязі. І трэба сказаць, што гэты працэс пастаянна ўзмацняецца, нарастае", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не раз гаварыў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў трывалым міры і стабільнасці ў нашых украінскіх сяброў. Гэта пазіцыя грунтуецца не толькі на платформе добрасуседства. Цяперашні канфлікт на ўсходзе Украіны - гэта боль у сэрцах і беларусаў. Наш боль", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь робіць і прадоўжыць рабіць усё, што ад яе залежыць, для дасягнення міру ва Украіне: ад забеспячэння работы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, аказання гуманітарнай дапамогі да ўдзелу ў аднаўленні інфраструктуры Данбаса. "Мы зробім любыя крокі, якія дапамогуць наблізіць нас да міру", - сказаў Прэзідэнт.

Аб міждзяржаўных адносінах

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заўсёды на сустрэчах з прадстаўнікамі ЗША заяўляе, што размовы не атрымаецца, калі яна будзе ісці ў плоскасці беларускага выбару паміж Усходам і Захадам. "Гэта наша пазіцыя. Мы самі будзем вызначаць, якія будуць адносіны з Расіяй і Кітаем з аднаго боку, ЕС і ЗША з другога. Ніколі ніхто не пакрыўдзіўся з амерыканцаў, нават высокапастаўленых. Наадварот, некаторыя загадзя папярэджвалі такую маю ўмову перад перагаворамі і публічна заяўлялі, што перад Беларуссю не ставяць пытанне выбару, а хочуць скарыстаць дзеля міру і спакою ва Усходняй Еўропе, хочуць бачыць Беларусь суверэннай і незалежнай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусі падабаецца такая пазіцыя ЗША. "Мы яе вітаем. Гэта буйнейшая краіна, уплывае на ўсе працэсы ў свеце. Чаму мы павінны з імі мець дрэнныя адносіны? Ні ў якім разе!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што часам кантакты Беларусі з заходнімі партнёрамі выклікаюць нейкую заклапочанасць у Расіі. У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і сама Расія імкнецца наладзіць і развіваць адносіны з Захадам і ў прыватнасці з ЗША. "Чаму гэта (развіццё ўзаемадзеяння Беларусі з заходнімі партнёрамі. - Заўвага) павінна некага напружваць у Расіі. Мы ж не дружым з Амерыкай супраць Расіі", - сказаў Прэзідэнт.

Пытанне ад прадстаўнікоў украінскіх СМІ таксама датычылася таго, ці можа пацяпленне ў беларуска-амерыканскіх адносінах паўплываць і пакласці пачатак новаму этапу і ў беларуска-ўкраінскім узаемадзеянні. "Пазіцыя ЗША не будзе вызначальнай у адносінах паміж Беларуссю і Украінай, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нашы адносіны залежаць толькі ад нас. Так, мы будзем аглядвацца на Расію, на амерыканцаў. Але гэта не значыць, што мы будзем такія ўжо залежныя. Чым больш цеснымі будуць адносіны, тым большым гэтаму будзе процідзеянне. Нікому не патрэбны нашы самыя блізкія, самыя цесныя адносіны. Ні там, ні там".

"Навошта на кавалкі падзялілі Югаславію. Каму гэта выгадна? Лягчэй кіраваць. Падумайце, каму выгадна, каб Украіна не была Украінай", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праведзеная напярэдадні сустрэча ў Нью-Ёрку прэзідэнтаў ЗША і Украіны Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага прайшла добра.

"Вы гаворыце: ААН, гарачы дзень... Звычайны дзень. Я стары палітык, шмат разоў бываў у ААН. Звычайны дзень, але вы яго зрабілі гарачым. Прытым добра, прыгожа зрабілі, - сказаў Прэзідэнт. - І сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам так, як я яе бачыў, - прыстойна, разумна, прыгожа. Усё было прыгожа. Але такіх гарачых кропак з вашай падачы ў ААН бываюць дзясяткі, толькі менш звяртае нехта ўвагі. Цяпер яшчэ афарбоўку надалі гэтыя тэлефонныя размовы, канспіралогія нейкая з'явілася. Вось гэта прыцягнула пэўную ўвагу".

"А наогул гэта было знаёмства двух прэзідэнтаў сам-насам. Яно прайшло, на мой пункт гледжання, вельмі добра. Яны спадабаліся адзін аднаму. Можна сказаць, што гэты гарачы дзень быў нармальным для амерыкана-ўкраінскіх адносін", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што, вядома, у Беларусі і Украіны з Расіяй вельмі розныя адносіны. І ў беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць моцная ўзаемасувязь. Так, Беларусь імпартуе з Расіі шэраг жыццёва неабходных тавараў, у першую чаргу вуглевадароды, прысутнічаюць моцныя кааперацыйныя сувязі. "Я закаранелы савецкі чалавек і гісторык. Вельмі добра ведаю гісторыю нашых узаемаадносін. Мы заўсёды былі разам. Як Украіна-Беларусь, а яшчэ больш - Расія-Беларусь на ўзроўні сямейных, міждзяржаўных адносін. Куды ні кінь, усюды цяснейшыя сувязі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы правялі рэферэндум у краіне аб узаемаадносінах Расіі і Беларусі. У нас няма граніц. Бываюць на перасячэнні адміністрацыйнай граніцы праблемы з пастаўкамі нашых тавараў у Расію. Заўсёды няпроста. Гэта не толькі ўзровень міждзяржаўных адносін, а тая ступень карупцыі, якая ўласціва чыноўнікам у Расіі. Я аб гэтым адкрыта гавару Прэзідэнту Расіі, з якім мы вельмі дружныя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў яго наогул няма ніякіх праблем у адносінах з расійскім калегам: "У нас вельмі добрыя адносіны. Хоць, хапае і іншых праблем, якія трэба вырашаць".

"І з Украінай у нас ёсць праблемы. Дзякуй богу, за гэты кароткі перыяд знаходжання на чале ўлады новага Прэзідэнта (Уладзіміра Зяленскага. - Заўвага) мы неяк рухаемся, абмяркоўваем. І нават тыя негатыўныя моманты, якія маглі б настаць, не насталі дзякуючы той тэлефоннай размове двух прэзідэнтаў (Беларусі і Украіны. - Заўвага). Гэта абнадзейвае. Тое, што я гадамі не мог, дамовіўшыся з былым Прэзідэнтам, вырашыць, я спадзяюся, што мы зможам вырашаць гэтыя праблемы. Таму пытанняў хапае", - адзначыў беларускі лідар.

Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Не трэба драматызаваць сітуацыю, што недзе жывуць венгры ва Украіне, палякі і іншыя. Гэта ўкраінскія венгры, гэта ўкраінскія палякі. Я так гэта разумею. Няхай на мяне ні венгры, ні палякі не пакрыўдзяцца. І для мяне свята: Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - На гэтай платформе ў гарачыя аанаўскія дні або без іх мы будзем будаваць адносіны з нашымі суседзямі, і перш за ўсё з нашай Украінай".

Прэзідэнт прывёў у прыклад Югаславію, якую падзялілі на часткі, праводзілі бамбардзіроўкі. "Каму гэта выгадна? Лягчэй кіраваць. Падумайце, каму выгадна, каб Украіна не была Украінай", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў сваё стаўленне да жыхароў заходніх абласцей Украіны, з якімі сустракаўся яшчэ ў час ваеннай службы: "Я пазнаёміўся з "варожай" Заходняй Украінай. Слухайце, на мяне надзвычайнае ўражанне зрабіла: я такіх прыстойных, працавітых людзей нідзе не бачыў. І калі я пайшоў з войскаў, працаваў у сельскай гаспадарцы, я меў з імі вельмі цесныя адносіны, запрашаў да сябе працаваць".

"Так, яны больш нацыяналістычныя. А што, расіяне не нацыяналістычныя ў адносінах да сваёй краіны. Або мы менш нацыяналістычныя, калі размова ідзе аб краіне?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Аб канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны

"Трэба рабіць любыя крокі для таго, каб вайна была спынена і гэта тэрыторыя пачынала вяртацца да Украіны, - сказаў Прэзідэнт. - Вайна скончыцца рана ці позна. Галоўнае пытанне, каб гэты кавалак добрай зямлі вярнуўся Украіне. Гэта найвялікшая каштоўнасць".

Прэзідэнт лічыць, што калі ўкраінскія ўлады хочуць адзінства краіны, то павінны для гэтага рабіць любыя спробы вярнуць мір. "Я пайшоў бы на ўсё. На правядзенне выбараў? Я пайшоў бы на правядзенне выбараў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Так, там трэба даць гарантыі людзям, якія, як яны гавораць, ваююць за свой кавалак зямлі, сваю сям'ю. Хоць я лічу, гэта таксама не пытанне".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, сёння аднаго жадання вырашыць канфлікт ва Украіне недастаткова - патрэбны канкрэтныя дзеянні. "Людзям патрэбны дзеянні, якія прынясуць жаданы мір і вынікі. Вось што сёння там чакаюць людзі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба рабіць любыя крокі, трэба адкінуць усе амбіцыі, усім унутры краіны трэба аб'яднацца, каб у галовах з'явілася: трэба захаваць адзінства ва Украіне".

Раней Кіраўнік беларускай дзяржавы заяўляў, што канфлікт неабходна вырашыць сіламі самой Украіны, Расіі і Беларусі. Гэтай пазіцыі ён прытрымліваецца і цяпер. "Забудзьце аб усялякіх формулах. Сядзьце ва Украіне і паклічце тых, хто хоча міру, у тым ліку беларусаў. Мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт, таму што гэта наш дом. І там ужо не выкруцішся: або вырашай, або гавары, што не хачу вырашаць гэты канфлікт", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.


Аднак такім шляхам канфліктуючыя бакі пакуль ісці не хочуць, заўважыў Прэзідэнт. Магчыма, дадаў ён, да ўрэгулявання канфлікту трэба падключыць Злучаныя Штаты Амерыкі. "Калі яны ўключацца, будуць нацэлены на мірнае ўрэгуляванне пытання і захаванне цэласнасці дзяржавы ў рамках тых граніц, якія павінны быць ва Украіне, пытанне будзе вырашацца, па меншай меры, на ўсходзе Украіны. Але амерыканцы занялі такую пазіцыю: калі нас паклічуць, то мы прыедзем. Гэта публічна. Але палітыка звычайна робіцца тайна, скрыта - якая там пазіцыя, я магу толькі здагадвацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў час, калі канфлікт на ўсходзе Украіны толькі пачынаў завязвацца. Паводле слоў Прэзідэнта, ён быў уключаны ў абмеркаванне гэтых падзей з усімі бакамі. "Пуцін мне заўсёды, калі я задаваў яму непрыемныя пытанні, тлумачыў, адказваў не толькі наконт Крыма, але і больш за ўсё Данецка. Так я быў уключаны ў абмеркаванне гэтай праблемы з еўрапейцамі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Магчымыя шляхі вырашэння гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці абмяркоўваў у тэлефоннай размове са Старшынёй Еўрапейскага савета Дональдам Тускам. "Захаду я прапанаваў сваё бачанне ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, - адзначыў Прэзідэнт. - І папярэдзіў Туска: "Калі вы не прыміце гэту пазіцыю, я буду ведаць, што як мінімум у Еўропе ёсць людзі, зацікаўленыя ў канфлікце ва Украіне". Ён памаўчаў і сказаў: "Спадар Прэзідэнт, відаць, так". Пасля таго як мы давялі ім наша бачанне, ніякіх зрухаў не настала".

Беларусь нават была гатова ўвесці міратворчыя войскі ва Украіну на ўмовах канфліктуючых бакоў. "Ні ад Украіны, ні ад Расіі адказу на гэта пытанне не было", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што зможа абмеркаваць магчымыя шляхі вырашэння канфлікту на бліжэйшай сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. "Але вы павінны ведаць: мы не будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, пасрэднікі. Гэта наогул выключана, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я проста па-чалавечы, па-мужчынску хачу, каб гэта пытанне вырашалася. Калі гэта патрэбна будзе, мы гатовы адыграць пэўную ролю. Але пакуль і такія прапановы былымі кіраўнікамі Украіны адхіляліся".

Аб транспартным калідоры па Дняпры

Для рэалізацыі праекта па аднаўленні суднаходства па Дняпры патрэбны больш актыўныя дзеянні ўкраінскага боку. "Што датычыцца Беларусі, мы зрабілі ўсё (для рэалізацыі праекта. - Заўвага). Пытанне стаяла толькі ў адным (яно і цяпер у вас у адным) - гэта паглыбленне дна, трэба паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра. Мы на сябе ўзялі абавязацельствы - паглыбілі дно Прыпяці, - сказаў Прэзідэнт. - Пытанне за вамі. Трэба паглыбіць дно, каб усюды па Дняпры маглі прайсці судны "рака-мора".

Па праекце ў Беларусі планавалася будаўніцтва порта "рака-мора" на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай. Прадугледжваецца і паглыбленне фарватару ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам.

"Гэты порт (там мы прыцягнулі і прыватныя інвестыцыі), ён фактычна гатовы прымаць судны. Калі ўбачым, што Украіна вельмі зацікаўлена, мы тут дабавім, зробім порт і вырашым іншыя пытанні на яшчэ больш высокім узроўні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Упэўнены, што гэта быў бы сур'ёзнейшы штуршок. Тым больш з улікам таго, што ў нас выдатная лагістыка па сушы (і не толькі па сушы) з Балтыкай. Мы маглі б з поўначы па рацэ ў Чорнае мора пусціць патокі грузаў. Прывабнасць лагістычная, транзітная для Украіны і Беларусі значная, рабочыя месцы, будзем залежаць больш адзін ад аднаго. Чаму гэтым не займацца?" - пералічыў перавагі праекта Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што цяпер патрабуюцца больш актыўныя дзеянні з боку Украіны.

Аб суверэнітэце і незалежнасці

"Занадта шмат не толькі пустых, але абсалютна няправільных, недакладных размоў вакол абмеркавання нашых інтэграцыйных працэсаў з Расіяй. Усе апасаюцца. А чаго апасаюцца? Мы - суверэнная, незалежная дзяржава. Не менш, чым Украіна. Так, на нас уплывае Украіна, Польшча ў рознай ступені. Балтыйскія краіны ў меншай ступені. У большай - Расійская Федэрацыя. Свет узаемазалежны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы суверэнныя і незалежныя. Гэта наша права, як выбудоўваць гэту палітыку, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы як ёсць суверенныя, так і будзем суверенныя. Мы будзем толькі ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць, чаго б нам гэта ні каштавала".

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане расказаў падрабязнасці сваіх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: "Мы калі з Уладзімірам Пуціным абмяркоўвалі гэту праблему (я яе ўзняў), я яму адкрыта сказаў: "Калі ў вас ва ўрадзе або ў цябе думка аб тым, што мы можам увайсці ў склад Расіі або неяк аб'яднацца з Расійскай Федэрацыяй у адну дзяржаву, - выкінь гэта з галавы".

Прэзідэнт растлумачыў, чым абумоўлена такая яго пазіцыя: "Чыста эмацыянальна: я першы Прэзідэнт у гісторыі незалежнай і суверэннай дзяржавы. Скажыце, я што, першы Прэзідэнт для таго, каб пабудаваць гэту дзяржаву і куды-небудзь яе ўключыць? Унутр нейкай дзяржавы?.. Не!"

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, расійскі Прэзідэнт запэўніў яго, што такога намеру няма. "Ён гаворыць: "Ды бог з табой, у нас нават думкі такой няма". Такі быў адказ", - расказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што некаторыя і ў Беларусі яго папракаюць у тым, што ён нібыта мае намер здаць суверэнітэт і незалежнасць. "Глупства поўнае. Пляваць мне на маю гэту ўладу. Я 25 гадоў Прэзідэнт, і я што, на 26-м годзе свайго прэзідэнцтва павінен паставіць крыж не толькі на незалежнай Беларусі, але і наогул на жаданні беларусаў, якія стагоддзямі марылі быць незалежнымі?" - заявіў ён.

"Цяпер мы суверенныя і незалежныя. Я што, зноў пад бізун павінен некаму беларусаў аддаць? Не настолькі я трымаюся за гэта крэсла, каб здаць краіну. Гэта маё перакананне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб уяўнай ваеннай пагрозе з боку Беларусі

"Беларускія ваенныя могуць апынуцца на Данбасе, толькі калі я прыму такое рашэнне. Я галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Беларусі. У нас абсалютна мабільная, узброеная, прыстасаваная да сучаснага бою армія. І што самае важнае - дысцыплінаваная. Там не можа быць нейкіх шараханняў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Яны могуць з'явіцца там толькі тады, калі ім будзе загадана галоўнакамандуючым, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Маю пазіцыю па вайне на ўсходзе (Украіны. - Заўвага) я выклаў, не закранаючы пэўныя нюансы. Што датычыцца ўдзелу ў баявых дзеяннях і каб вы ад нас труны атрымлівалі - я тады не Прэзідэнт Беларусі. Не чакайце ад нас гадасцей".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу на дружалюбны характар двухбаковых адносін. "Мы не можам быць ворагамі вашага народа. І ўсё наша кіраўніцтва, і я як Прэзідэнт, які мае ў тысячу разоў больш паўнамоцтваў, чым у вашага Прэзідэнта, я ніколі на гэта не пайду", - падкрэсліў ён.

Прынцыповая пазіцыя Беларусі зафіксавана таксама ў абарончай дактрыне. "Мы публічна разам з парламентам, мясцовымі ўладамі выпрацоўваем дактрыну. У лістападзе мы прымем новую абарончую дактрыну (у 2020 годзе заканчваецца старая). Калі хочаце, вам накіруем", - прапанаваў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Расія таксама не зацікаўлена ў тым, каб Беларусь аказалася ўцягнута ва ўзброены канфлікт. "Расіі гэта не патрэбна - каб мы ўцягваліся ў бойку", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў сумненне аб намерах Расіі ўзброеным шляхам захапіць тэрыторыю Украіны: "Для таго, каб захапіць Украіну, учора трэба было (дзейнічаць. - Заўвага), калі з Крымам была сітуацыя - адны суткі. Цяпер будзе больш складана. І яны самі могуць вырашыць гэту праблему, без нас. Але адразу агаваруся: цяпер гэта будзе вельмі складана. І не толькі таму, што ўкраінская армія стала арміяй і накачала мускулы. А таму, што туды ўцягнута шмат сусветных ігракоў. Таму спроба Расіі, Беларусі або некага захапіць Украіну - адказ будзе імгненным. Перш за ўсё з боку НАТА. Таму што яны будуць адчуваць для сябе сур'ёзную пагрозу".

Прэзідэнт выказаў меркаванне наконт размоў у СМІ аб тым, што Расія і ЗША нібыта вядуць перагаворы аб размене Украіны і Венесуэлы. "Калі толькі Трамп сабе дазволіць гэты размен, а Пуцін - размен па Венесуэле - імгненна страцяць адзін і другі Украіну і Венесуэлу. Украіна ніколі на гэта не згодзіцца, - сказаў беларускі лідар. - Яна нават у бок Трампа перастане глядзець, калі ён асмеліцца гэта зрабіць. Гэта нейкія ўкіды ідуць, прашчупваюць грамадскае меркаванне".

"Я абсалютна перакананы, што Расія ніколі не дазволіць сабе захапіць Украіну, калі вы, вядома, вайну не пачняце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Не перажывайце. Наконт Беларусі абсалютна не перажывайце. Мы не будзем ствараць Расіі залішняе напружанне або праблемы. У Расіі іх і так цяпер шмат. Мы не будзем ствараць Расіі праблемы ў сувязі з узаемаадносінамі з Украінай, хоць гэта і няпроста. І вы ніколі не адчуеце, што з-за Расіі ў вас будуць праблемы з намі. Гэта я вам абяцаю. І не толькі я. І пасля мяне нехта будзе, ён не пойдзе па гэтай дарозе, таму што яна настолькі выбудавана і вымашчана, што звярнуць з яе немагчыма, гэта ўкаранілася ў нашых адносінах", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

Аб верагоднасці вяртання Крыма

"Мне здаецца, не. Я веру, што, як гаворыць Прэзідэнт (Расіі. - Заўвага), гэта пытанне закрыта сёння і назаўсёды. Гэта гаворыць і акуратны спакойны Лаўроў, і ўсё кіраўніцтва. Кансэнсус у расійскім грамадстве - няма такога пытання, дзе расіяне так падтрымлівалі б уладу, як па Крыме, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Няма такой сілы, якая супраць жадання Расіі, можа гэта зрабіць. Гэта тэрыторыя ўжо Расіі, як яны лічаць або думаюць аб ёй. І я не бачу нават у гэтым напрамку нейкіх дзеянняў. Можа, калі-небудзь у спакойным ключы, калі зменіцца палітыка, можа, новае пакаленне расіян будзе ва ўладзе - можа".

На яго думку, нават калі ў Расіі прыйдуць да ўлады людзі, якія асуджаюць далучэнне Крыма, яны не вернуць яго Украіне. "Паверце, я ведаю, пра што кажу. Не ўяўляю, якія павінны быць абставіны, каб Расія адмовілася ад Крыма сама", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўзнікненне сітуацый, аналагічных далучэнню Крыма, было б немагчымым, калі б пасля распаду СССР Беларусь і Украіна не адмовіліся ад валодання ядзернай зброяй. Акрамя таго, абодва бакі зрабілі шмат памылак у канфлікце за Крым.

Аб адзінай групоўцы

"Што датычыцца нашай (беларуска-расійскай. - Заўвага) арміі, у нас няма агульнай арміі. У нас ёсць беларуская армія. У іх ёсць армія Расійскай Федэрацыі. Але ў нас створана ў рамках АДКБ, і нават не АДКБ, а Саюзнай дзяржавы, адзіная групоўка Узброеных Сіл на заходнім напрамку, аснову якой складае беларуская армія. 75 тысяч чалавек цяпер. Мы яе скарачаем, давядзём, я думаю, да 50 тысяч. Нам дастаткова. Галоўнае - узбраенне і мабільнасць, каб абарончыя баі весці на тэрыторыі Беларусі, калі раптам нам гэта спатрэбіцца. Не дай бог, вядома, мы не хочам ніякай вайны. У нас агульная проціпаветраная абарона. Агульная ў якім плане? Наша ППА працуе на Расію. Тут (у Беларусі. - Заўвага) няма ніякай расійскай ППА. Тут дзве базы расійскія. База сувязі з падлодкамі, якія знаходзяцца ў Атлынтыцы, база кантролю за пускамі ракет. Гэта значыць калі, не дай бог, з Амерыкі накіруюць ракеты ў напрамку Беларусі і Расіі, з любымі боегалоўкамі, наша станцыя бачыць гэта ўсё. Вось дзве такія базы, дзе служаць, напэўна, 5% расіян, а 95% беларусаў. Я на гэтых базах быў, яны для мяне не закрыты. Іншых баз тут няма, яны нам і не патрэбны, таму што па адзінай нашай абарончай задуме мы забяспечваем тут поўную бяспеку Беларусі і заходняга напрамку Расіі. У выпадку гарачага канфлікту, вайны, баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі вядзе беларуская армія і ў нейкі час, калі будуць адмабілізаваны, падключаюцца (часткі. - Заўвага) з боку Расіі. Вось задума, і ніякай агульнай арміі. Каб Расіі правесці якія-небудзь мерапрыемствы на тэрыторыі Беларусі, дапусцім, самалётам-разведчыкам праляцець над граніцай, увесці ваенных сюды - гэта патрэбны мой дазвол. Тыя вучэнні, якія праходзяць, яны якраз і накіраваны на адпрацоўку магчымых варыянтаў дзеянняў на выпадак вайны. Вось цяпер у Ніжнім Ноўгарадзе вучэнні "Шчыт Саюза" завяршыліся, нашы часці вяртаюцца адтуль. 8 тысяч ваеннаслужачых, сотня бранятэхнікі, самалёты. Там адпрацоўваліся антытэрарыстычныя варыянты вядзення бою, таму што тэрарызм стаў пагрозай не толькі для нас, Расіі, але і вы таксама гэта, напэўна, адчуваеце. Вось тэма была такіх вучэнняў. Праз два гады яны праходзяць. У гэтым годзе былі ў Расіі, праз два гады будуць у Беларусі", - растлумачыў беларускі лідар.

"Вы ж супрацоўнічаеце з замежнымі дзяржавамі, вашы ваенныя?! Супрацоўнічаеце! Мы гэта таксама ведаем, фіксуем, больш таго, вы нам паведамляеце - з амерыканцамі і іншымі, зброю ў іх купляеце і гэтак далей. Гэтак жа, як і мы з Расіяй. Але гэта не значыць, што мы будзем ваяваць з вамі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы ў наш бок страляць не будзеце, мы ніколі не павернем зброю ў бок Украіны. Я ўпэўнены, што ўкраінцы наогул супраць нас ніколі ваяваць не будуць".

Аб граніцы


"Ніколі ў вашых прыстойных людзей не будзе праблем з перасячэннем беларускай граніцы", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што граніца "закрываецца" ад злачынцаў і паставак зброі з украінскай тэрыторыі. Паводле яго слоў, былі выпадкі, калі ў Беларусі ўчыняліся злачынствы з выкарыстаннем такой зброі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што граніца не павінна быць бар'ерам паміж дзяржавамі і людзьмі, аднак павінна спыняць у тым ліку тэрарыстаў. "Мы вымушаны былі ўзмацніць ахову граніцы перш за ўсё з пункту гледжання паступлення да нас зброі", - адзначыў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым годзе на граніцы з Украінай было спынена каля 70 спроб правозу зброі - гэта практычна палова ад усіх выпадкаў на беларускай граніцы.

Адказваючы на пытанне, каму магла прызначацца ў Беларусі зброя з Украіны, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пакупнік можа быць і з іншай краіны. Гэта значыць Беларусь выкарыстоўваецца для транзіту. "Нядаўна быў трафік Украіна - Літва. І беларусы былі задзейнічаны. Спынілі гэты трафік зброі. Мытнікі дапамаглі, нават не пагранічнікі", - расказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, паводле яго слоў, у Беларусі могуць знаходзіцца зацікаўленыя ў куплі зброі асобы з суседніх дзяржаў. "А ёсць - проста вязуць для таго, каб знайсці пакупніка", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб міратворчых ініцыятывах Беларусі

Беларусь гатова разгледзець любыя просьбы па садзейнічанні ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не важна, як назавуць тую якасць, у якой выступае Беларусь, - міратворцы або пасрэднікі. "Галоўнае, каб гэта было патрэбна вам і іншым, якія ўцягнуты ў гэты канфлікт. Скажу шчыра: каб гэта было трэба нам, вам і расіянам, калі гаварыць пра славянскую еднасць", - сказаў ён.

Што датычыцца прапаноў і просьбаў, з якімі можна звяртацца да Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта справа ўцягнутых у канфлікт бакоў. "Вы можаце прыйсці, але майце на ўвазе адразу, што ёсць тут і больш моцны бок. Ці захоча ён? Калі вы дамовіцеся з расіянамі, і там даверу няма (аксіёма - тады ўводзіцца новая сіла, шукаюць пасрэднікаў), і вы палічыце, што беларусы могуць адыграць сваю ролю і аказаць якую-небудзь пасільную дапамогу, калі ласка, мы гатовы разгледзець любыя просьбы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аб перспектывах беларуска-ўкраінскіх адносін

Прэзідэнт адзначыў, што маючая адбыцца сустрэча з Уладзімірам Зяленскім дасць магчымасць не проста азнаёміцца асабіста на чалавечым узроўні, але і лепш зразумець і даведацца пра пазіцыю адзін аднаго па тых ці іншых пытаннях. "Абяцаю, што буду сумленным і адкрытым у размове. Гэта мая фішка. Я прывык гаварыць сумленна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы з ім агульную мову, гарантую вам, знойдзем", - запэўніў беларускі лідар.

Гаворачы пра цяперашнія адносіны з Уладзімірам Зяленскім, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пакуль яны ў асабістым плане яшчэ не сфарміраваны: "Я не магу сказаць, што ў нас існуюць не тое што камяні, а нават пясок у нашых узаемаадносінах. У асабістым практычна няма ніякіх узаемаадносін. Мы проста не пагаршаем тое, што ёсць. У нас пакуль няма асабістых адносін".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі і з боку субяседніка адчуе сумленнасць і шчырасць, то паміж імі складуцца добрыя адносіны, і ніхто не зможа гэтага парушыць.

"Ён (Уладзімір Зяленскі. - Заўвага) на мяне робіць добрае ўражанне. Так, памылак таксама не пазбегнуў, вопыту такога няма. Пэўныя памылкі былі. Калі яго будзе гэта цікавіць, я яму таксама скажу пра свой пункт гледжання", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб адмоўным сальда Украіны ў гандлі з Беларуссю

Прэзідэнт звярнуў увагу, што адмоўнае для Украіны сальда фарміруецца ў многім за кошт паставак нафтапрадуктаў. "Мы дабаўленую вартасць невялікую маем ад гэтага, таму што з дарагой нафты вырабляем нафтапрадукты. Мы фактычна за нафту велізарныя грошы плацім. Таму асабліва нічога не выйграём", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

"Скараціць пастаўку нафтапрадуктаў? Дык вы наадварот просіце яе павялічыць. Але гэта не галоўнае - калі імкненне, жаданне будзе, мы пакрыху скароцім гэта сальда і выйдзем на раўнаважны гандаль, - лічыць беларускі лідар. - У нас да вас вельмі вялікі інтарэс, па вельмі многіх напрамках".

Аб перспектыўных праектах

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок прапаноўваў Украіне праект нават па ракетабудаванні. "Гэта вам вельмі выгадны быў праект. І Прэзідэнт (Пётр Парашэнка. - Заўвага) гаварыў - вельмі выгадна, будзем у гэтым напрамку працаваць. Работы няма. А гэта мільярды, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Такіх праектаў было нямала, і сальда было б меншым".

"У нас мноства мірных праектаў, як дарога па Прыпяці і Дняпры - які сінергетычны эфект мела б гэта супрацоўніцтва", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб запісах тэлефонных размоў

"Магу здзівіць вас: я не запісваю перагаворы з Пуціным або Зяленскім. У нас няма гэтай практыкі. Калі мне двойчы прапаноўвалі запісваць размовы, я гаварыў: "Не, гэта нашы размовы, не трэба, каб яны былі недзе запісаны", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што і ён некалі можа прыйсці да таго, каб тэлефонныя перагаворы запісваліся, але цяпер гэтага няма. Ён растлумачыў, што ў такіх размовах, напрыклад з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, абмяркоўваюцца ў тым ліку будучыя сустрэчы і перагаворы, размова мае свабодны характар.

Аб сумесным будаўніцтве дарог

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўныя трасы, якія праходзяць цераз Беларусь, знаходзяцца ў добрым стане. Асобныя рэканструююць, у прыватнасці дарогу з Мінска ў Вільнюс. Гэты праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. "Хочам пракласці дарогу па поўдні з Гомеля на Брэст паралельна граніцы Украіны, кіламетраў за 200-300 ад яе, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Там ёсць дарога, але яна не для вялікага патоку. Мы маглі б з Кітая, Казахстана, Расіі па паўднёвай частцы накіраваць грузапаток па гэтай дарозе". Рэалізацыя праекта плануецца ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

"У нас сетка дарог вялікая, але хочам дабавіць яшчэ тры-чатыры напрамкі", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, калі будуць эканамічна абгрунтаваныя маршруты з Украіны цераз Беларусь, наша краіна гатова "хоць заўтра прапрацоўваць і ўкладваць грошы". Тым больш што Беларусь мае апрабаваную сучасную тэхналогію будаўніцтва дарог, ёсць прафесійныя, навучаныя кадры ў гэтай галіне. Беларускія дарожна-будаўнічыя арганізацыі ўжо маюць паспяховы вопыт па рэканструкцыі і мадэрнізацыі трас ва Украіне.

Аб чаканнях ад сустрэчы з Зяленскім

Закранаючы тэмы, якія будуць абмяркоўвацца ў Жытоміры, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў любых міждзяржаўных адносінах ёсць свой парадак дня. "У гэтым парадку дня нашых перагавораў будзе эканоміка, сумесныя праекты. Напрыклад (гэта не галоўнае), ракетабудаванне - для нас гэта важная тэма. Мы самі пачалі ўжо будаваць новую ракету, але ў нас не хапае кампетэнцый, вопытных людзей. Яны ёсць у вас. Нам жа не трэба міжкантынентальную ракету будаваць. Чаму не абмеркаваць гэты праект і не даць спецыялістам даручэнне на прапрацоўку, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі важнае для вас і для нас пытанне вуглевадародаў".

Аб магчымых парадах новаму Прэзідэнту Украіны

"Я вельмі шмат вяду перагавораў з людзьмі, якія новыя ва ўладзе. Дапусцім, Такаеў - Прэзідэнт Казахстана. Паміж людзьмі хімія павінна быць нейкая. Вось у нас з ім бліскучыя адносіны, мы разумеем адзін аднаго. Ён адукаваны чалавек, кітайскую мову вывучыў у свой час. У мяне асаблівая да яго павага, хоць мы і з першым прэзідэнтам Казахстана ў вельмі добрых адносінах", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ён можа ўсё даверыць цяперашняму лідару Казахстана і гаварыць з ім абсалютна адкрыта. "Ён не будзе тлумачыць некаму інакш мае словы. Думаю, што такі і ваш Прэзідэнт. У мяне не будзе закрытых тэм, недагаворванняў, але калі гэта патрэбна будзе вашаму Прэзідэнту", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Я змагу, калі я буду бачыць, што магу яму нешта параіць, - я яму параю. Але я не сяду перад ім і не пачну з нейкіх парад. Яму, магчыма, і не патрэбны гэтыя парады. Калі я буду бачыць, што яны патрэбны, я буду раіць. І ад яго буду патрабаваць таго ж. Я яго папрашу: калі ты будзеш бачыць, нешта я не так раблю, ты мне скажы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Адкрытая частка (перагавораў. - Заўвага) - гэта звычайна такая, ведаеце, банальна-традыцыйная частка, а закрытая - залежыць ад парадку дня, які выпрацоўваецца гадамі. Нейкія пытанні знімаюцца, вырашаюцца або наогул не вырашаюцца і не будуць вырашаны, нейкія новыя з'яўляюцца, але ён сфарміраваны, гэты парадак дня. Урад і Адміністрацыя Прэзідэнта мне да перагавораў усё гэта аб'ядноўваюць, фармулююць - і на стол. А я ўжо гляджу, па якіх пытаннях весці дыялог. Вось, лічу, вось гэтыя пытанні трэба абмеркаваць, а тут - як пойдзе. Калі мы закранём іх - значыць, я яго магу, гэта пытанне, тое ці іншае, уключыць у парадак дня. Руціна такая", - расказаў беларускі лідар.

Аб моўным пытанні

"Я пабойваюся палітызаваць і ўводзіць у абсалют гэта пытанне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што рашэнне прынялі людзі ў час рэферэндуму, падтрымаўшы менавіта роўны статус дзвюх моў. Прэзідэнт адзначыў: "Мы наконт гэтага не бачым вялікай насцярожанасці... Не хочам зрабіць яблыкам разладу рускую мову".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яго часам крытыкуюць па моўным пытанні: "У нас дзве дзяржаўныя мовы, роўны статус беларускай і рускай. Гэта рашэнне рэферэндуму". Гэтак жа і па дзяржаўнай сімволіцы рашэнне беларусы прынялі на рэферэндуме. Прэзідэнт нагадаў, што раней у краіне была іншая сімволіка, якая выкарыстоўвалася ў тым ліку на прэзідэнцкім аўтамабілі. "Гэта быў закон, і я яго выконваў", - растлумачыў ён.

"Што датычыцца тэндэнцыі - так, мы больш гаворым на рускай, чым на беларускай", - канстатаваў Прэзідэнт і падкрэсліў, што не бачыць у гэтым вялікай праблемы. Пры гэтым ён адзначыў, што ў краіне беларускую мову ведаюць практычна ўсе, і апошнім часам зроблена нямала для яе папулярызацыі.

"Не трэба ламаць насельніцтва і прымушаць размаўляць на той мове, на якой улада хацела б, нават калі гэта нечым абгрунтавана. На гэта патрэбны час. І ісці трэба вельмі акуратна і спакойна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аб верагоднасці перамогі ў Беларусі несістэмнага кандыдата

"У нас зусім іншы падыход, крыху іншая рэчаіснасць. У нас сацыяльна арыентаваная эканоміка, мы не станем усё рэзаць на кавалкі і прыватызаваць, у нас няма алігархату, алігархічных кланаў, якія ўплывалі б на ўладу і, не давядзі бог, на Прэзідэнта", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі ў аснове ўсяго ляжыць справядлівасць. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб нядаўняй сітуацыі ў гомельскай школе, калі давялося ўмешвацца Прэзідэнту. Рэзюмуючы сказанае, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў Беларусі пакуль немагчымы такі варыянт.

Разам з тым ён падкрэсліў, што справа не ў родзе заняткаў - артыст ці шоўмен, а ў самім чалавеку. "Людзі прывыклі, прывучаны ўжо ісці ад жыцця, глядзець, хто ён такі. Няма той сітуацыі, калі людзі, заплюшчыўшы вочы, могуць за некага прагаласаваць, гэта немагчыма", - звярнуў увагу беларускі лідар.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі - адукаваны і разумны чалавек, і, нягледзячы на тое, што ніколі не быў звязаны з дзяржаўнай службай, калі ён захоча, то навучыцца неабходнаму.

Беларускі лідар таксама выказаў меркаванне, што прэзідэнтамі нараджаюцца. "Ты будзеш называцца прэзідэнтам, але ты не станеш ім, калі ім не нарадзіўся. Сапраўдным прэзідэнтам, калі паміж табой і народам хімія нейкая, ты павінен нарадзіцца. Калі ў цябе ад нараджэння гэтага няма, ты не станеш прэзідэнтам, будзеш добрым кіраўніком, дрэнным ці сярэднім", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аб будучым Прэзідэнце Беларусі

"Наш Прэзідэнт будзе выбраны толькі народам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што не нагледжвае Прэзідэнта. "Як нагледжваць? Гэта ты павінен убачыць. Не трэба хадзіць з біноклем або думаць кожны дзень: "А хто?" Я так не думаю", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будзе працаваць на пасадзе Прэзідэнта столькі, колькі людзі давераць. "І пакуль ёсць здароўе. Калі нездаровы, дык няма чаго сюды лезці. Галоўнае - здароўе і давер людзей", - лічыць ён.

"Я не прыглядаюся, дзе гэты Прэзідэнт, але ён недзе ёсць ужо. Я ж не вечны, і да смерці я Прэзідэнтам не буду. Я проста хачу калі-небудзь пажыць, як усе людзі, - спакойна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У той жа час ёсць меркаванне, што пасля работы на пасадзе Прэзідэнта складана абстрагавацца ад бягучых падзей і не рэагаваць на іх, дадаў ён.

Адказваючы на пытанне аб дзецях, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Мае дзеці не хочуць прэзідэнцтва - ні адзін, ні другі, ні трэці. Яны "наеліся" майго прэзідэнцтва".

Аб адносінах з Кітаем

Прэзідэнт падкрэсліў, што не лічыць супрацоўніцтва з Кітаем пагрозай для суверэнітэту Беларусі. У той жа час, заўважыў ён, у беларуска-кітайскім партнёрстве, як і ў любых міждзяржаўных адносінах, ёсць свая мяжа, якую бакі не будуць пераходзіць.

"У мяне насцярожанасці амаль няма ў адносінах да Кітая. Тое, што яны экспансіруюць на рынкі, - а хто не ажыццяўляе экспансію? Усе. Вазьміце Еўрасаюз - яны падцягнулі Прыбалтыку і іншыя краіны, таму што перш за ўсё бачылі рынак. Інакш навошта ім з бюджэту выдаваць $2-3 млрд падтрымкі? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Гэта, як цяпер гавораць, бізнес, здзелка".

Слова на дарогу ўкраінскім журналістам

"Галоўнае, каб не пакрыўдзіліся, што прыехалі і не пагаварылі. Я заўсёды аб гэтым думаю, сустракаючыся з журналістамі. Журналісты павінны паехаць у добрым настроі, што прыехалі і пытанне задалі тое, якое патрэбна, і склалі ўражанне аб Прэзідэнце і беларуска-ўкраінскіх адносінах. Гэта ж галоўнае сёння для нас. Таму я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы прыехалі, асабліва тым, хто не першы раз у мяне. Дзякуй за тое, што вы беларусаў падтрымліваеце, добра да іх ставіцеся, у тым ліку і да мяне. Гэта вялікая гарантыя таго, што Лукашэнка будзе заўсёды вашым чалавекам і ніколі не зробіць ніякай подласці, дрэнных спраў у адносінах да блізкай нам з вамі Украіны. Дзякуй вам!" - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Удзельнікі сустрэчы сфатаграфаваліся на памяць і абмяняліся падарункамі. Аляксандру Лукашэнку падарылі вышыванку вядомага ўкраінскага дызайнера.