Сустрэча з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ "Вялікая размова з Прэзідэнтам"

  • 17

На сустрэчу з Прэзідэнтам, якая доўжылася амаль сем з палавінай гадзін, былі запрошаны амаль дзвесце чалавек. Журналісты беларускіх і замежных масмедыя. Эксперты - вядомыя палітолагі, эканамісты. Прадстаўнікі партый, грамадскіх аб'яднанняў і рэлігійных канфесій, рэктары ўніверсітэтаў. Але без перабольшвання ўдзельнічала ў вялікай размове ўся краіна - людзі змаглі звярнуцца да Прэзідэнта. Размова была шчырай і сумленнай, без закрытых тэм.

Аб фармаце

"Наша сённяшняя сустрэча праходзіць у незвычайным фармаце для многіх. Гэта і не прэс-канферэнцыя, і не інтэрв'ю. Форму нашай сённяшняй размовы дыктуе само жыццё. Без дыялогу сёння нікуды, заўтра - тым больш, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Не сказаць, што раней мы не размаўлялі з нашым экспертным супольніцтвам, палітыкамі, журналістамі. Але мы заўсёды або ў канцы года, або ў пачатку наступнага збіраліся, давалі ацэнку мінуламу, адкрыта гаварылі аб тым, што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць. Таму гэта традыцыйная наша сустрэча, але сёння менавіта ў такім фармаце. Я вас прасіў бы, каб вы згадзіліся на такую размову".

"У сувязі з гэтым у зале, зразумела, прысутнічаюць не толькі журналісты, але і шырокае кола беларускай грамадскасці. І вядома, галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства будуць звычайныя, простыя грамадзяне. Абмяркоўваць прапаную абсалютна ўсё, што хвалюе вас, вашых знаёмых, блізкіх. Закрытых тэм няма. І не проста пытайце, калі ў вас будуць пытанні, але выказвайце і сваё меркаванне шчыра і адкрыта. Спадзяюся, што пры вашым удзеле дыялог атрымаецца яшчэ больш насычаным і плённым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што вельмі шмат чуў: "Ну што там гэты Лукашэнка скажа? Зноў - бяспека, нейкая стабільнасць?" І гэтак далей і да таго падобнага. Каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова.

"Не сакрэт, ёсць сілы, і тут, і за межамі, якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Тут сабраліся людзі розных перакананняў, поглядаў, але ў адным мы адзіныя - у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут ёсць людзі апазіцыйна мыслячыя, але гэта людзі, якія любяць сваю краіну. З такімі людзьмі я гатовы размаўляць у любы час".

Аб зарплатах і пенсіях

"Зарплаты і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ёсць другі шлях: можна ў некага пазычыць, адабраць, узяць. Але гэта не наш шлях. У нас і так запазычанасць вялікая - дзяржаўная, карпаратыўная і г.д. Асабліва спадзявацца на тое, што мы будзем пазычаць і за кошт гэтага павышаць зарплаты і пенсіі, не трэба".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: "што заробім, тое і атрымаем". Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павінен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасці працы.

Патрабаванне аб павышэнні ў Беларусі сярэдняй заработнай платы да $500 у 2017 годзе павінна быць выканана. "Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат".

"Сярэдняя зарплата ў краіне $500 - гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500) - не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы - хто колькі заробіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб дзяржпадтрымцы і льготах

"Ільгатаваць будзем толькі тое, што заўтра дасць вынік", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Яшчэ раз падкрэсліваю - мы жывём у рыначнай эканоміцы. Тым больш, усе хочуць у СГА - вы ведаеце, як ставяцца ў СГА да льгот", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што ў пытанні прадастаўлення льгот трэба ўлічваць эфектыўнасць выкарыстання прадастаўленых сродкаў. "Станьце на месца дзяржавы: у вас ёсць нейкія невялікія грошы - каму вы іх дасце? Проста "закапаць у пясок", або вы падумаеце, што прынясе гэта пазыка, якую вы некаму дасце? Гэтак жа і ў дзяржаве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Усе льготы і іншае - вы ж разумееце, што гэта ўсё з кішэні нашага народа. Нехта ў бюджэт аддае грошы, а некага мы з бюджэту льгатуем", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. З улікам гэтага льготы даюцца ў першую чаргу тым, каго дзяржава абавязана падтрымліваць, - сярод іх шматдзетныя сем'і, ваенныя.

Аб прадпрымальніцтве і праверках

У Беларусі прапануецца перагледзець сістэму праверак прадпрымальнікаў у бок скарачэння кантрольных мерапрыемстваў. "Хутчэй за ўсё, будзе так, як з ільготамі: мы поўнасцю перакрэслім гэтыя ўсе нарматывы МНС, міліцэйскія, санітарныя і іншыя і пакінем толькі тыя, якія патрэбны, без якіх не абысціся", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Напрыклад, пры адкрыцці новага прадпрыемства яго праінспектуюць санстанцыя і МНС, якія дадуць дазвол на работу. Калі ў будучым на прадпрыемстве здарыцца няштатная сітуацыя, адказнасць будзе несці кіраўнік. "Мы ўзмацнім законы ў адносінах да кіраўнікоў. Тады ні МНС, ні санстанцыя будуць бегаць, а кіраўнік будзе дрыжаць, каб на вытворчасці было ўсё нармальна. Так павінна быць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"У гэтым напрамку канцэптуальна працуе сёння Урад. Я думаю, што нам не абысціся без абмеркавання грамадскасцю ўсіх гэтых новаўвядзенняў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб штамтвектарнасці

"У нас няма іншага лёсу, як будаваць нашу знешнюю палітыку як шматвектарную, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта было маё строгае патрабаванне - шматвектарнасць палітыкі, я хутчэй інтуітыўна гэта адчуў".

Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што "ў нас не ўсё атрымалася з гэтай шматвектарнасцю".

"Вы гэта ведаеце, не хачу паўтарацца - ляцелі на адным крыле. Куды прыляцелі - таксама ведаеце. Таму мы, знаходзячыся сёння ў эпіцэнтры (нават не ў цэнтры Еўропы) гэтага еўразійскага кантынента, не маем іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - На народнай мове гэта традыцыйныя, згодна з нашым менталітэтам паняцці - мы павінны сябраваць з усімі нашымі суседзямі. Нам ні Расія, ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не чужыя. Таму што гэта нашы суседзі. Кропка. Больш нічога не трэба гаварыць, хоць можна паставіць коску і пералічыць многае".

"Што датычыцца далей вектараў - у нас адкрытая эканоміка. Што нам рабіць? Калі маглі б нашым суседзям прадаць усё (што вырабляецца ў краіне), каб нармальна жыць (45 працэнтаў або палавіну), тады не трэба ехаць на гэту далёкую дугу, як мяне нядаўна крытыкавалі некаторыя - чаго паехаў у Егіпет, Судан, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Лабіраваць сваю прадукцыю паехаў, як бы ні сорамна гэта было гаварыць. Іду туды, дзе адкрыты дзверы. Дзякуй богу, апошнім часам дзверы адкрылі многія, вось туды і едзем. І ні адна паездка Прэзідэнта стратнай не была".

Аб вытворчасці цэменту

Усе сродкі транспартнага збору да капейкі накіраваны на рамонт і будаўніцтва дарог. "Пабудаваць другую кальцавую аўтадарогу ў бетоне была мая ідэя, маё патрабаванне, - падкрэсліў Прэзідэнт, закрануўшы таксама пытанне вытворчасці цэменту ў Беларусі. - Нам не было куды дзяваць цэмент, за гэта мяне таксама крытыкуюць - закрану і гэта пытанне. Мы калісьці выраблялі 4,5 млн т цэменту, сёння вырабляем 9 млн т, а то і 10 млн т можам вырабіць. Раней быў вялікі попыт на цэмент. І я прыняў рашэнне, калі самі будуем, цэменту не хапае, давайце нашы цэментныя заводы мадэрнізуем і пашырым. Тым больш рэсурсы свае, сыравіна свая", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі надышоў крызіс, Расія і іншыя суседзі пачалі купляць менш цэменту, таму давялося пашырыць сферу яго прымянення. "Адсюль і ўзнікла ідэя выкарыстоўваць яго пры будаўніцтве другой кальцавой. Калі нехта не разумее гэтага, мне шкада. Мы пабудавалі дарогу, але і там не хапіла гэтай крыхі, якую мы збіралі, і давялося з бюджэту дабаўляць грошы. І калі вы намякаеце, што яны расходаваны кудысьці не туды, я гарантую, што гэта не так", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Як быццам можна на аўтамабілі перамяшчацца без дарог? Гэта ж для вас дарогі рабіліся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб школе

"Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны і так дзесяць гадзін у школе занятыя ўжо ў сёмым класе".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава. "Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу - паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей... Добра, няхай будзе факультатыў. Трэба да гэтага па-чалавечы падысці", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень. "А ў нас сёння чатыры, у старшых класах - пяць, і яшчэ рэпетытарства", - заўважыў Прэзідэнт.

"Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна. Працуем мы над сістэмай адукацыі. Мы яе адрэгулюем. Хацеў бы атрымаць дапамогу ад нашага рэктарскага корпуса. Хоць некаторыя ўжо, сапраўды, засядзеліся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Дэкрэце № 3

"Гэты Дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. "Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу - заплаці", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

"Няма падстаў сёння далей раскручваць гэту тэму", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аб аптымізацыі

"Што датычыцца дзяржрасходаў, то іх аптымізацыю, якую мы сёння праводзім, мы пачынаем якраз з сябе, вось непасрэдна з Прэзідэнта", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, у Палацы Незалежнасці, дзе праводзяцца важнейшыя мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню, працуюць усяго тры чалавекі. "Я беру канкрэтны прыклад, каб прадэманстраваць, што скарачэнне дзяржаўных расходаў - гэта праграмнае палажэнне Прэзідэнта Лукашэнкі. Я ведаю, чаго гэта ўсё каштуе", - адзначыў ён.

"Вы думаеце, што можна прыйсці - і, раз, касой усё выкасіць. Нічога падобнага. Гэта ад лёсаў людзей да канкрэтных мерапрыемстваў, якіх можна пералічыць мноства. Ні з сяго ні з таго гэтага адразу не зробіш", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мне зусім нядаўна прынеслі прапанову аб аптымізацыі, палічылі па людзях і іншае, атрымліваецца 15 працэнтаў. Я сказаў - не. Калі толькі дзяржапарат браць... - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Там жа аптымізацыя не толькі дзяржапарату. Не, кажу, гэта народам не будзе ўспрынята".

"Але праўда яшчэ ў тым, што я пастаянна паскараю гэты ход, павялічваю скорасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Напрыклад, у раёне, дзе я працаваў, у сельскай гаспадарцы было 32 гаспадаркі, па-мойму, 32 кіраўнікі. Сёння 10 або 12. Таксама аб'ядналі, аптымізавалі, працаваць пачалі лепш", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

Аб беларускай мадэлі

"Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў - сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г.д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей. "Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка - гэта эканоміка для людзей", - растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. "Я дзейнічаю зыходзячы з той канцэпцыі, якую прапаноўваў на прэзідэнцкіх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. А як? Абяцаў адно, а рабіць іншае буду? Гэта не мая палітыка. Я прыхільнік адкрытай, сумленнай і справядлівай палітыкі. У законе ўсё не прапішаш. А калі не прапісана, рабі справядліва. І я справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб адносінах з Расіяй

Расіяне заўсёды былі для Беларусі блізкімі людзьмі. "Пакуль я Прэзідэнт, ніводны камень у бок рускага чалавека, расіяніна кінуты не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін важнейшым пытаннем. "Тэма вельмі вострая. Баюся сказаць лішняе, з аднаго боку. А з іншага - сітуацыя ўжо дайшла да таго, што я мала што маю права ўтойваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго складваюцца часам няпростыя, але ў цэлым добрыя адносіны з расійскім Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Але, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Расіі дзейнічаюць розныя сілы, у тым ліку і ў кіраўніцтве краіны. У выніку "некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем і рашэннямі самога Прэзідэнта", канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы пра беларуска-расійскія ўзаемаадносіны, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю.

"Я ніколі не нарываюся на непрыемнасці. Я ўжо шмат што паспрабаваў і апёкся на ўсім, што папала. Дзе трэба, магу адступіць і быць гібкім, але, калі зневажаюць маю дзяржаву і народ, я з гэтым ніколі не зміруся", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аб нафтагазавай і харчовай праблемах

Аляксандр Лукашэнка канстатуе адсутнасць прагрэсу ў перагаворах з Расіяй па пастаўках у Беларусь нафты і газу. Ён нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па гэтым напрамку. "Дамовіцца пакуль не змаглі. І пачалася ўжо нейкая валакіта: то яны згаджаюцца, добра, давайце па-старому працаваць, то праз суткі гэта не падыходзіць, таму што начальнікі нібыта не згадзіліся. Ідзе гэта цяганіна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. "І Беларусь плаціла гэту цану", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ. Раней агавораная для Беларусі цана - $132,77 за тыс. куб.м, цяпер па формуле краіна павінна плаціць $83-82. Аднак расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па такой цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках. "Так яно і атрымліваецца - мы ўжо да меж дайшлі", - заўважыў Прэзідэнт.

"Ніводнага дагавора з Расіяй мы не парушылі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Іншая справа - расійскі бок. "Па нафце дамовіліся 24 млн т штогод пастаўляць. Да 18-ці скарацілі, потым да 16-ці нібыта хочуць, а наогул гавораць - 12 будзем пастаўляць", - расказаў Прэзідэнт.

Закранаючы перагаворы па кошце расійскага газу для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь у 2016 годзе плаціла $107 за тыс. куб.м, хоць павінна была плаціць $83 - па формуле роўнадаходных цэн і з улікам спаду кошту нафты на сусветных рынках. Раней агавораная для Беларусі цана складала $132,77 за тыс. куб.м. Расійскі бок, як адзначыў Прэзідэнт, палічыў, што Беларусь недаплаціла $550 млн, калі зыходзіць з цаны ў памеры $132,77 за тыс.куб.м, і запатрабаваў гэту суму вярнуць. "Вярніце нам $550 млн і іншае. І ўсё там зайшло ў тупік", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Прэзідэнта, расійскім кіраўніцтвам прапаноўваліся розныя варыянты ўрэгулявання гэтай сітуацыі, праблема пакуль застаецца нявырашанай.

"Што датычыцца прадуктаў харчавання, я толькі аб галоўным скажу - розныя Данкверты і іншае. Трэба вывучыць пытанне, Ігар Анатольевіч (Міністр унутраных спраў Беларусі), і ўзбудзіць крымінальную справу па Данкверце, як некалі па Керымаве і Баумгертнеры было, за нанясенне ўрону дзяржаве", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "ўсе гэтыя Данкверты - людзі зацікаўленыя". "У кожнага - вялікія латыфундыі, яны самі часта з'яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту. Яны, вядома, па якасці і цане не могуць канкурыраваць з беларускай прадукцыяй. Цяпер вы разумееце, чаму ўстанаўліваюцца гэтыя бар'еры", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы і нагадаў, што Расія закупляе каля 7 млн т малочнай прадукцыі. "Мы ж пастаўляем ім крыху больш за 4 млн т - 3 млн т яшчэ свабодна. Дык чаго вы ўпіраецеся, чаго блакіруеце беларускі тавар? Нам жа яго трэба прадаць, каб заплаціць за нафту і газ. Я расійскаму боку заўсёды аб гэтым кажу - мы на гэтым не нажываемся", - канстатаваў ён.

"Другі момант - Украіна, Захад, эмбарга і іншае. Калі Расія ўвяла эмбарга - яны з намі не раіліся. Пры гэтым мы як знешняя граніца з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй выконваем ролю адзінай граніцы. Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну - малако, яблыкі, рыбу і іншае - мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку. Раз мы яе перапрацавалі - гэта іншы тавар, гэта прадукт ужо глыбокай перапрацоўкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што практычна ўся прадукцыя, вырабленая з імпартуемай сыравіны, пастаўляецца на ўнутраны рынак. "Мы ім паставім выключна беларускае, у нас пры гэтым, як у савецкія часы, на экспарт якасць павінна быць ідэальная. Транзіту мы ў Расію не накіроўваем", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы ў НАТА не імкнёмся. Мы свята беражом нашу дамоўленасць аб абароне нашай прасторы, як я заўсёды гавару, нашай Айчыны - Беларусі і Расіі", - адзначыў Прэзідэнт.

Прадаўжаючы тэму адносін з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Я хацеў бы, каб гэты канфлікт наверсе ні ў якім разе не апусціўся да нізоў. Таму, я вас вельмі прашу, ніколі не крыўдзіце расіян, яны да нас прыязджаюць, адпачываюць, і не бясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Прэзідэнты прыходзяць і адыходзяць, а народы застаюцца - гэта галоўнае".

Аб пагранічнай зоне

Прэзідэнт заўважыў, што ўстанаўленне пагранічнай зоны расійскі бок апраўдвае ўвядзеннем пяцідзённага бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян 80 краін. Аднак пры гэтым не гаворыцца, што такі загад быў падпісаны Федэральнай службай бяспекі Расіі яшчэ ў канцы снежня 2016 года.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што ў свой час Беларусь неаднаразова прымала рашэнне не закрываць граніцу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не паўплывае на нацыянальную бяспеку Расіі, паколькі мытны і пагранічны кантроль у пункце прыбыцця іншаземцаў беларускі бок адмяняць не мае намеру. Да таго ж Беларусь і Расія карыстаюцца адзіным спісам грамадзян, чыё знаходжанне ў краінах непажадана.

"Мы свята аберагаем агульную прастору. Для нас расіянін ніколі не быў чужым чалавекам і не будзе. Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга", - лічыць беларускі лідар.

Аб санкцыях Захаду

Зняцце краінамі Захаду санкцый павінна даць дадатковыя магчымасці айчыннай эканоміцы. "Мы не заслугоўвалі санкцый. Знялі іх - добра. Мы пачалі дамаўляцца, напрыклад, па тэкстылі і г.д. Мы хочам, каб наша эканоміка не тое што ўздыхнула за кошт Захаду, але хаця б дадатковы глыток яна павінна атрымаць", - сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што запатрабуе немалых намаганняў прасоўванне на заходнія рынкі прадукцыі айчыннага машынабудаўнічага, а таксама нафтахімічнага комплексу і іншай.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі лічыць першачарговым пытаннем фінансаванне. "На Захадзе вялікая колькасць грошай, і калі б мы маглі падкрэдытоўвацца там хаця б пад сярэдні невялікі працэнт, гэта для нас было б добра. Гэта значыць, мы змаглі б атрымаць больш танныя грошы. Працуем цяпер па розных напрамках, такая магчымасць ёсць, яна адкрываецца. Што ў гэтым дрэннага?" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб ваенным супрацоўніцтве з Расіяй

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней ён прапанаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну праводзіць вучэнні рознага маштабу з перыядычнасцю праз два гады, прычым па чарзе. Вучэнні "Захад-2017" будуць адкрытымі, "на іх запросяць тых, хто хоча пераканацца ў тым, што мы ні на каго не збіраемся нападаць". "Неймаверна, што мы станем агрэсарам супраць нейкай краіны. У нас толькі абарончая пазіцыя", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Гаворачы аб крытыцы маючых адбыцца сумесных вучэнняў у некаторых СМІ, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Расія не ставіць мэту акупіраваць Беларусь. "Расійскія войскі, якія будуць уведзены ў Беларусь, гэтак жа адсюль і пойдуць. Расія ніколі не акупіруе Беларусь", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што абарона дзяржавы з'яўляецца фундаментальным крытэрыем. "Ніякая эканоміка не патрэбна дзяржаве, калі людзі не будуць адчуваць сябе ў бяспецы, калі яны будуць не абаронены", - рэзюмаваў ён.

Аб атамнай станцыі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларуская атамная электрастанцыя будзе самай таннай, але ў той жа час надзейнай. На асобных вузлах і агрэгатах станцыі ўжо ўдалося аптымізаваць затраты на сотні мільёнаў долараў, сказаў ён. "Сямашка (намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі) адказвае за кожны болт і гайку", - запэўніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што станцыю будуе Расія - ядзерная краіна. І ў яе інтарэсах пабудаваць так, каб прадэманстраваць новае пакаленне атамных станцый - самае бяспечнае. Беларусь жа зацікаўлена ў бяспечнасці гэтай АЭС больш, чым хтосьці: у постчарнобыльскай краіне людзі ставяцца да пытанняў бяспекі вельмі сур'ёзна. Таму калі здарыўся выпадак з рэактарам, без размоў было прынята рашэнне яго замяніць, нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я літоўцам гавару: навошта вы ваюеце супраць нас? Мы ж не крычым, што ў вас небяспечная Ігналінская станцыя, якую вы закрываеце. Не дай бог што здарыцца, гэта ж горшая станцыя ў свеце! Мы вас разумеем і не крычым", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што БелАЭС гатова прыняць на работу літоўскіх спецыялістаў, якія вызваліліся, сюды гатовы прыехаць і пераязджаюць працаваць мноства людзей. Але галоўнае, што выпрацаваную ў Беларусі электраэнергію гатовы прадаць Літве па нармальных цэнах. "Яны згаджаюцца, а потым на публіцы пачынаюць палітызаваць гэта пытанне. Але палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю справу зробіць: калі з'явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся", - сказаў Прэзідэнт.

Аб бежанцах

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму, якая прагучала ў СМІ, маўляў, Беларусь стварае лагеры для бежанцаў, 7 млн еўра Еўрасаюз выдзеліў. "Мы хочам пабудаваць ізалятары часовага ўтрымання на граніцы, калі мы затрымліваем, каб яны хаця б у чалавечых умовах там знаходзіліся, пакуль вырашым, што з імі рабіць. І ніякіх лагераў па прыёме бежанцаў мы ніколі не будавалі і будаваць не будзем", - запэўніў Прэзідэнт.

Аб нацыянальнай ідэі

"Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэта ідэя ўдарыла ўсіх па розуму і па сэрцу. Я супакоіўся: калі грамадства нічога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмі адказна. Таму мы жывём як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма, а хацелася б", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава. Нават Расія не можа яе (нацыянальную ідэю) сёння сфармуляваць, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Тут трэба быць вельмі дакладнымі і акуратнымі, каб гэта захапіла ўсіх. Але фармуляваць яе трэба, таму што гэта кароткі рух наперад, пасланне ўсім пакаленням - вось наша будучыня".

Аб карупцыі

"Я часам пабойваюся: у нас столькі на пасадку пайшло чыноўнікаў, і немалога калібру. Але гэта павінна быць справядліва: узяў - сеў, не браў - жыві і працуй. У нас не павінна быць паліцэйскай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнім часам шэрагу банкіраў прабачылі парушэнні заканадаўства. "Плаці ў бюджэт у трохразовым памеры тое, што зафіксавана, і з мятлой на вуліцу. Банкірам ты ўжо ніколі не будзеш, ты ўжо на ўліку стаіш", - канстатаваў ён.

"Але трэба адвыкаць з-за вугла паглядаць суседу ў кішэнь, у агарод. Часы мяняюцца, мы далі свабоду людзям, далі магчымасць зарабіць, не парушыўшы закон. Так, я бачу, што ён багаты, але закон ён не парушыў, мы ж не можам яго даймаць. Давайце шукаць кансэнсус, каб праз 25 гадоў незалежнасці з-за соткі зямлі або нейкай халупы не пачалі касіць адзін аднаго - тыя часы мінулі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аб мове

"Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай. Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра - час пакажа", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя. Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове? Я не магу сказаць "не" і не магу сказаць "так", таму што гэта трэба прапрацаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Ну не трэба!"

"Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы. Таму што вы адмовіцеся ад свайго, роднага. Руская мова - гэта вялікае і гэта наша", - падкрэсліў ён.

Аб смяротнай кары

"Я падпісваю кожны ўказ па смяротнай кары. Вы не ўяўляеце, што са мной адбываецца. Я разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мне адразу нясуць папку - за што: фатаграфіі, аператыўныя матэрыялы і іншае. Я калі гэта бачу, у мяне кроў стыне ў жылах".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пытанне аб смяротнай кары часта палітызуецца: "Я часта кажу еўрапейцам: давайце пачнём з Амерыкі. Вы іх прымусіце адмяніць смяротную кару. І іншых, у каго грошы вялікія бераце, з кім абдымаецеся. Давайце з іх пачнём. Вось яны, двайныя стандарты".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не мае права адмяніць смяротную кару або накласці мараторый на яе прымяненне, паколькі праведзены ў Беларусі рэферэндум паказаў: большасць насельніцтва падтрымлівае вышэйшую меру пакарання. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгарнуць у грамадстве (у Парламенце, партыях, грамадскіх аб'яднаннях) дыскусію па гэтым пытанні, каб вывучыць усе за і супраць. "І калі мы потым у грамадства спытаем, і людзі прагаласуюць большасцю супраць смяротнай кары, я ў гэты ж дзень падпішу па выніках гэтага рэферэндуму", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб акцыянаванні сельгаспрадпрыемстваў

Кіраўнікам паспяховых сельгаспрадпрыемстваў Прэзідэнт рэкамендаваў працаваць, як працавалі. "Калі вы нават без статута будзеце працаваць так, вас ніхто не кране. Таму што ў вас ёсць свае грошы, вы нават стратныя гаспадаркі бераце з каленяў і ставіце на ногі. Я вам за гэта вельмі ўдзячны", - дадаў ён.

"Гэта ў нашых руках, калі нейкі дакумент не падыходзіць да жыцця, мы павінны яго паправіць. Займіцеся гэтым неадкладна", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да віцэ-прэм'ера.

"Вырашым гэту праблему абавязкова. Мы ж падыходзілі ўжо да праблем сельскай гаспадаркі, выпрацавалі некалькі нарматыўна-прававых актаў. У красавіку-маі павінны правесці абяцаную нараду па гэтай галіне. Мы паглядзім, што пасля гэтага змянілася", - заявіў ён.

Аб ЖКГ

Адносна павышэння кошту жыллёва-камунальных паслуг Прэзідэнт сказаў, што ў пачатку 2017 года яно склала $5 у эквіваленце. "Мне не хацелася б ламаць існуючую сістэму. Гэта будзе балюча для людзей. Пакуль мы гэту зламаем, потым выбудуем новую, і яшчэ не вядома, што атрымаецца. Можа, яна і архаічная, але яна працуе. І людзі ў нас у адрозненне ад некаторых суперрыначных краін, якія ўчора з намі разам былі, жывуць і не скардзяцца. Так, хацелася б большую зарплату, хацелася б, каб ствараліся рабочыя месцы, можа, больш хуткімі тэмпамі. Але ніхто нас не папракне, што мы гэтага не робім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мэра Мінска я назначыў як былога Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі - менавіта каб вырашыць гэту праблему. Але пакуль руху вялікага няма", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб беларускай мары

"Я быў бы рады, калі б у беларуса заўсёды ў кішэні былі грошы, каб ён мог задаволіць свае патрэбнасці. Што датычыцца дзяржавы, я вельмі хацеў бы, каб мая дзяржава, мая краіна, у якой я першы Прэзідэнт, была ціхай, спакойнай і вельмі зручнай для жыцця людзей. Каб камфортна вам было ў ёй жыць, каб, ад'язджаючы куды-небудзь, на другія суткі вельмі хацелася дадому, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу, каб кожнага беларуса, усіх, хто пабываў у нас, цягнула сюды. Калі ваша душа будзе тут, у Беларусі, значыць, я не дарэмна пражыў сваё прэзідэнцтва".