Сустрэча з Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан Масудам Ханам Раджой

  • 1

Высокі ўзровень беларуска-пакістанскіх палітычных сувязей з'яўляецца фундаментам для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліцы Беларусь Масудам Ханам Раджой.

Прэзідэнт цёпла падзякаваў дыпламату, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусь, за яго ўклад у развіццё дружалюбных беларуска-пакістанскіх сувязей. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў яго склаліся вельмі добрыя кантакты з кіраўніцтвам Пакістана, і выказаў надзею, што яшчэ не раз удасца сустрэцца і абмеркаваць перспектывы развіцця двухбаковых кантактаў.

"Перад намі стаяць няпростыя задачы - мы стварылі фундамент нашых адносін, і цяпер трэба нарошчваць перш за ўсё гандлёва-эканамічныя сувязі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У нас канкрэтныя мэты - трэба перасягнуць мільярдны ўзровень нашага тавараабароту, чаго б гэта нам ні каштавала. Патэнцыял найвялікшы. Проста трэба працаваць. Нават без напружання мы зможам перасягнуць гэты рубеж. Мы будзем вельмі высока цаніць, калі ў гэтым напрамку нашы сябры ў Пакістане будуць рухацца. Я вас хачу запэўніць, што мы ў гэтым напрамку зробім усё".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь для Пакістана заўсёды будзе надзейным сябрам, нягледзячы ні на якія сусветныя катаклізмы. "Перадайце кіраўніцтву Пакістана: мы прыхільныя да нашых дамоўленасцей, нягледзячы на нейкія сусветныя супярэчнасці, катаклізмы. Гэта нас не датычыцца. Нашы адносіны будуць такімі, якімі яны былі да гэтага часу - адносінамі, што дынамічна развіваюцца", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Масуд Хан Раджа сказаў, што для яго быў вялікі гонар стаць першым паслом Пакістана ў Беларусі і працаваць тут. "У час сваёй дыпламатычнай місіі я атрымліваў усё неабходнае садзейнічанне з боку беларускага кіраўніцтва", - адзначыў ён. Пасол падкрэсліў вялікую ролю лідараў дзвюх краін у пашырэнні беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва, якое, на яго думку, мае вялікі патэнцыял развіцця.

У ходзе сустрэчы абмяркоўваўся ўвесь спектр развіцця гандлёва-эканамічных кантактаў, у тым ліку ў рамках маючага адбыцца ў гэтым годзе ў Таджыкістане маштабнага бізнес-форуму.