Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёнай Гіб

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае заслугі брытанскага пасла ў развіцці двухбаковых адносін з Беларуссю. Аб гэтым ён заявіў 7 жніўня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёнай Гіб у сувязі з завяршэннем яе дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сустракаецца не з усімі замежнымі пасламі, калі завяршаецца іх дыпламатычная місія. "Тое, што зроблена за час вашага знаходжання і службы ў Беларусі, не было зроблена да гэтага часу нікім. Усімі пасламі Вялікабрытаніі не было зроблена. Таму я вам за гэта вельмі ўдзячны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ў многім дзякуючы вам. Я так лічу, і Міністэрства замежных спраў гэты пункт гледжання падтрымлівае. Толькі дзякуючы вашай актыўнасці, настойлівасці, адкрытасці, сумленнасці і справядлівасці, за якія вы заўсёды выступаеце (гэта таксама нам сугучна), можна было зрабіць тое, што было зроблена".

Прэзідэнт адзначыў, што тры з палавінай мільярды долараў двухбаковага тавараабароту - гэта фундамент любых адносін. "Трэцяе месца вы займаеце ў аб'ёмах тавараабароту. Першае - Расія, затым Украіна і Вялікабрытанія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але ёсць праблемы, вы іх ведаеце. Наш экспарт і тавараабарот шмат у чым залежаць ад пастаўкі нафтапрадуктаў. І як толькі здарыліся на нафтаправодзе "Дружба" бяда і праблемы з бруднай нафтай, у нас крыху прасеў тавараабарот. Таму нам патрэбна дыверсіфікацыя", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць і далей працаваць над развіццём беларуска-брытанскага супрацоўніцтва, прапанаваўшы інтэнсіфікаваць гэтыя адносіны. "Яны апошнім часам сталі больш высокага ўзроўню, прыстойнымі сталі гэтыя адносіны, і фундамент у нас прыстойны ў выглядзе тавараабароту. Усё ж такі патэнцыял у нас вялікі з улікам вашага патэнцыялу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не ведаю, дзе вы будзеце працаваць. Я, вядома, вельмі буду рады, калі вам у жыцці пашанцуе і вы будзеце ў МЗС займаць нейкую салідную пасаду. Хачу, каб вы давялі да свайго ведамства думку аб тым, што нам трэба інтэнсіфікавацца ў адносінах. І вельмі важна не траціць час. Асабліва ў гэты бурны час пустот не бывае. Абавязкова нехта гэтыя пустоты зойме", - падкрэсліў беларускі лідар.

У прыватнасці, ён адзначыў шырокія магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння з улікам членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. "А нам хацелася б, каб вы бачылі нас у Вялікабрытаніі. Зборка электробусаў і іншае - дробязі ў параўнанні з тым, што мы можам рабіць у Вялікабрытаніі, і тым, што вы можаце зрабіць у Беларусі. І я вас проста настойліва запрашаю звярнуць на гэта ўвагу і актывізаваць нашы адносіны. Цяпер з'явілася такая магчымасць. Знікла брусельская гэта бюракратыя. Вы можаце прымаць рашэнні больш свабодна", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не з'яўляецца прыхільнікам распаду Еўрасаюза і лічыць "Брэксіт" вялікай стратай. "Вы ведаеце, што я не прыхільнік распаду Еўрасаюза. Хоць гэта крыху выглядае дзіўным. Мяне не ўсе разумеюць. Гавораць, яны табе столькі зла прынеслі, і дыктатарам лічылі (можа, яшчэ нехта лічыць), і агароджу выбудавалі, і адносіны сапсаваліся, санкцыі ўводзілі, - адзначыў беларускі лідар. - Але з гэтага нельга зыходзіць. Гэта ўсё ж такі дрэнна для нашых адносін, але гэта дэталі. Еўрасаюз - апора планеты. Разам з ЗША, Кітаем, Індыяй, Расіяй. Гэта апоры нашай планеты. Калі хоць адну з іх, асабліва такую, як Еўрасаюз, вырваць з-пад нашага свету, ён, вядома, не абрушыцца, але моцна захістаецца. І ў рэгіёне нашым Еўразійскім стабільнасці стане значна менш".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым выпадку выступае за захаванне Еўрасаюза. "У сувязі з гэтым, размаўляючы з вашымі палітыкамі (дзякуючы вам яны бывалі ў нас, і шмат было іх), я сказаў, што ў мяне дваістае пачуццё, калі Вялікабрытанія заявіла аб выхадзе з ЕС", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Вялікабрытанія - вельмі магутная краіна, якая шмат чаго рабіла для Еўрасаюза: "Яна вызначала разам з Германіяй, Францыяй, Італіяй магутнасць Еўрасаюза, вядома, гэта вялікая страта".

Прэзідэнт адзначыў і падзякаваў брытанскаму боку за супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, дапамогу беларускім дзецям у рэгіёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. "Вы дзецям нашым дапамагалі і дапамагаеце пасля Чарнобыля. І лячыцца, і аднаўляцца. Яны лятаюць да вас. Мы вельмі цэнім вашу дапамогу і падтрымку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама прыгадаў аб удзеле брытанскіх спартсменаў у II Еўрапейскіх гульнях: "Ваша каманда прыехала, цудоўна выступіла тут". Аляксандр Лукашэнка папрасіў Фіёну Гіб пры магчымасці перадаць самыя добрыя пажаданні кіраўніку Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьяну Коэ. "Яму будзе прыемна, што мы помнім яго ў Беларусі. І мы чакаем яго ў верасні на матч Еўропа-ЗША 9-10 верасня. Гэта толькі дзякуючы яму нашы гледачы ўбачаць гэта свята", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Бачыце, які спектр нашых адносін. І нам не проста трэба развіваць гэтыя адносіны. Мы можам знайсці новыя напрамкі супрацоўніцтва. Проста не трэба губляць час. Думаю, што новы прэм'ер, новы ўрад (у Вялікабрытаніі - Заўвага) актывізуюць гэтыя адносіны і, можа быць, праз некаторы час вы прыедзеце да нас (а вы прыязджайце ў любы час без усялякіх віз, вы - наш чалавек тут ужо), і мы з вамі зможам абмеркаваць ужо нашы новыя адносіны, якія адновяцца. І ўсё роўна фундаментам гэтых адносін будзе ваш перыяд работы ў якасці пасла ў Беларусі. Дзякуй вам за ўсё, і я вам шчыра жадаю поспехаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што разлічвае на падтрымку Вялікабрытаніі ў развіцці адносін Беларусі з ЗША. "У вас вельмі добрыя адносіны з ЗША. Я хацеў бы, каб гэтыя адносіны пэўным чынам былі праецыраваны і на Беларусь. Думаю, што вы зможаце нам у гэтым дапамагчы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Фіёна Гіб падзякавала за цёплыя словы, асабліва ў плане яе асабістага ўкладу ў развіццё беларуска-брытанскага супрацоўніцтва. "Я сапраўды веру, што адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі рушылі наперад за гэтыя тры з палавінай гады", - сказала яна.