Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілванай Дарамай

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер у красавіку наведаць з афіцыйным візітам Турцыю. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 18 сакавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілванай Дарамай.

"Прычына нашай сустрэчы не толькі ў маёй глыбокай павазе да вашай краіны, да вас як да добрага прадстаўніка Турцыі ў Беларусі. Ёсць і практычны бок справы: у сярэдзіне красавіка, вы ведаеце, у нас афіцыйны візіт на вышэйшым узроўні ў Турцыю і сустрэча з вашым Прэзідэнтам. Таму шэраг акалічнасцей, якія падштурхоўваюць нас да гэтай размовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У бліжэйшы час павінна адбыцца пасяджэнне беларуска-турэцкай міжурадавай камісіі. Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што яно дасць добрыя вынікі напярэдадні яго перагавораў з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Першым крокам у падрыхтоўцы свайго візіту Аляксандр Лукашэнка назваў сённяшнюю сустрэчу з Кезбан Нілванай Дарамай.

"Таму давайце абмяркуем нашы пытанні з пункту гледжання тых праблем, якія існуюць, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Усё добрае бачна, аб ім прыемна гаварыць. Тым не менш заўсёды ёсць жа і праблемы, якія трэба вырашаць. У адваротным выпадку не трэба было б сустракацца, весці перагаворы, калі ўсё добра. Мы павінны вырашаць праблемныя пытанні. І я хацеў, каб мы адкрыта абмеркавалі тыя праблемныя пытанні, якія, як вы лічаце, трэба вырашаць сёння, заўтра і ў доўгатэрміновай перспектыве".

Як паведаміла пасол Турцыі, у яе ёсць некалькі пытанняў, якія яна хацела б абмеркаваць з Прэзідэнтам Беларусі. Гэту сустрэчу яна таксама лічыць часткай падрыхтоўчай работы напярэдадні перагавораў кіраўнікоў дзяржаў. "Мы не бачым праблем у адносінах паміж нашымі краінамі і лічым гэта падставай для гонару", - падкрэсліла дыпламат.