Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 12 лістапада сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым.

Аляксандр Лукашэнка, вітаючы дыпламата, сказаў: "Склалася добрая практыка, калі я не часта, але сустракаюся з пасламі не толькі ў час іх прыбыцця ў Беларусь і ад'езду, але і ў працэсе іх работы тут. Вы ведаеце, што ў мяне былі сустрэчы і з іншымі пасламі, апошняя адбылася з паслом Расійскай Федэрацыі. Таму тут няма нічога незвычайнага".

Асноўнай падставай для сустрэчы з дыпламатам Кіраўнік дзяржавы назваў маючы адбыцца візіт у Беларусь Ільхама Аліева. "У нас ёсць аб чым пагаварыць, ёсць мноства пытанняў. Хоць павінен сказаць, што фундамент нашых адносін набірае трываласць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з пачатку года беларуска-азербайджанскі тавараабарот павялічыўся больш як у тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. "Гэта вельмі добры прырост, наўрад ці ёсць такі з іншымі дзяржавамі", - заўважыў ён. Разам з тым патэнцыял для ўзаемадзеяння дзвюх краін значна вышэйшы. "Ёсць куды расці і ёсць над чым працаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама спыніўся на беларуска-азербайджанскім супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы, асабліва па лініі адукацыйных кантактаў. У прыватнасці, каля паўтысячы азербайджанцаў вучацца ў Беларусі. "Для Азербайджана нашы дзверы адкрытыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы важнасць адукацыйнага і навуковага абменаў.

"Вы павінны ведаць, што мы для вас сябры і заўсёды гатовы пайсці насустрач. Нашы дамоўленасці з Ільхамам Аліевым - гэта святое, мы дамовіліся, што будзем іх выконваць. Закрытых тэм з Азербайджанам у Беларусі няма", - рэзюмаваў беларускі лідар.

На сустрэчы таксама была закранута тэма саміту АДКБ у Астане. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго здзіўляюць некаторыя домыслы ў СМІ наконт асноўных тэм, разгледжаных на гэтай сустрэчы. "Якія б там ні былі разважанні, а я адсочваю сродкі масавай інфармацыі, асабліва пасля АДКБ, мяне здзіўляюць гэтыя домыслы, разважанні. Але мы вінаватыя самі і наша Міністэрства замежных спраў вінавата ў тым, што мы дастаткова выразна і дакладна не інфармавалі журналісцкую супольнасць, а праз іх - грамадства нашых краін па тэматыцы перагавораў АДКБ і гэтак далей. Я назіраю, што ўсё звялося да таго, што мы нібыта абмяркоўвалі толькі кандыдатуру будучага кіраўніка АДКБ. Так, мы абмяркоўвалі гэта пытанне, але яно заняло ў нас, напэўна, 15 хвілін", - заўважыў Прэзідэнт.

"Асноўны час у нас заняло першае пытанне - знешнепалітычная сітуацыя вакол краін АДКБ. Зразумела, абмяркоўваючы, што адбываецца па перыметры нашых дзяржаў, мы закранулі і ўнутрыпалітычную сітуацыю, але выключна з падачы таго ці іншага прэзідэнта. Ніхто там не збіраўся ўмешвацца ў тыя ці іншыя працэсы. Напрыклад, Нікол Пашынян: 9 снежня выбары ў парламент, ён закрануў гэту тэму, мы паслухалі, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас прайшоў шэраг мерапрыемстваў: Мюнхенская канферэнцыя (сустрэча Асноўнай групы), форумы рэгіёнаў з Украінай і Расіяй, і я закрануў гэтыя тэмы, усё, што адбываецца вакол, як гэта ўплывае на ўнутрыпалітычныю сітуацыю. Прэзідэнты паслухалі, прынялі да ведама. Гэтак жа і іншыя прэзідэнты праінфармавалі, што адбываецца ўнутры краіны. І тут няма ніякай надзвычайшчыны".

Адносна назначэння новага кіраўніка апарату АДКБ Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Зразумела, варыянтаў было шмат. І гэта не значыць, што мы ўшчамілі Арменію, што нехта перамог, нехта прайграў. Пытанне ў тым, што Нікол Пашынян павінен проста ва Урадзе разабрацца з сітуацыяй, таму што гэта краіна сёння ўзначальвае ЕАЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ - вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным перыядзе. І ці справіцца Арменія? Калі Нікол Пашынян разбярэцца і дасць нам адказ, гэта будзе ў Санкт-Пецярбургу". Прэзідэнт падкрэсліў, што рашэнне будзе прынята на запланавай на 6 снежня сустрэчы.

Што датычыцца ратацыі кіраўніка гэтай арганізацыі, то наступная краіна па алфавіце Беларусь. "У мяне на сённяшні дзень тры кандыдатуры, якія я магу прапанаваць на пасаду генеральнага сакратара АДКБ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу пасол Азербайджана выказаў меркаванне, што адносіны Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева - гэта добры прыклад міждзяржаўных адносін.