Сустрэча з Міністрам знешняга гандлю Вялікабрытаніі Джорджам Холінгберы

  • 31

Узровень адносін Беларусі і Вялікабрытаніі можа быць намнога лепшы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 чэрвеня на сустрэчы з Дзяржаўным Міністрам па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Джорджам Холінгберы.

"Мне прыемна сёння з вамі сустрэцца. Можа быць, нагода не тая, у час якой можна паглыбіцца ў нашы адносіны з Вялікабрытаніяй, але, тым не менш, гэта сустрэча вельмі важная. Магчыма, нават гістарычна важная, паколькі, нягледзячы на той аб'ём гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, які ў нас ёсць, усё ж такі адносіны Беларусі і Вялікабрытаніі жадаюць быць лепшымі, намнога лепшымі, калі шчыра гаварыць, чым на ўзроўні, на якім яны знаходзяцца сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна беларуская дэлегацыя на чале з Прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам наведала Вялікабрытанію, дзе правяла некалькі рэзультатыўных сустрэч. На іх перш за ўсё абмяркоўвалася развіццё двухбаковых адносін у гандлёва-эканамічнай сферы. "Ваш Урад вельмі шмат зрабіў для таго, каб гэтыя мерапрыемствы былі паспяховымі. І я асабіста вам удзячны за тое, што вы ўважліва паставіліся да беларусаў і садзейнічалі рэалізацыі тых мэт, якія былі пастаўлены перад гэтым візітам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы міжнародны парадак дня, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адмоўна ставіцца да выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюза. Аднак, на яго думку, калі зыходзіць з дзяржаўных пазіцый, у Брэкзіце ёсць і шмат станоўчых момантаў. "Перш за ўсё тое, што вы становіцеся больш свабоднай дзяржавай, незалежнай амаль ад трох дзясяткаў галасоў Еўрапейскага саюза, - растлумачыў Прэзідэнт. - Для нас гэта выгадна тым, што мы можам больш свабодна і аператыўна наладжваць адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю".

У сваю чаргу Джордж Холінгберы падзякаваў за магчымасць асабістай сустрэчы з Кіраўніком беларускай дзяржавы. "Вы цалкам правільна і справядліва адзначылі, што Вялікабрытанія мае вялікі інтарэс да Беларусі. Нягледзячы на тое, што наша сустрэча абмежавана па часе, тым не менш, у мяне запланавана вялікая колькасць сустрэч і перагавораў з прадстаўнікамі беларускага Урада. Я не раз сустракаўся з паслом (Беларусі. - Заўвага) у Злучаным Каралеўстве. У нас склаліся вельмі добрыя ўзаемаадносіны", - адзначыў Міністр.