Сустрэча з кіраўніцтвам кітайскай карпарацыі "СІЦІК Груп"

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 8 мая з кіраўніцтвам кітайскай карпарацыі "СІЦІК Груп", дэлегацыя якой на чале з яе прэзідэнтам Ван Цзюнам наведвае Беларусь 7-10 мая.

"Хачу падзякаваць вам за тыя праекты, якія вы рэалізоўваеце ў Беларусі. Вельмі добра, што мы перайшлі ад простага крэдытавання па асобных напрамках да прамога інвесціравання ў тыя ці іншыя аб'екты, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Улічваючы тыя праекты, якія вы тут ажыццяўляеце, можна сказаць, што вы часты госць у нас".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта сведчыць аб тым, што Кітай і Беларусь гатовы працаваць разам і развіваць супрацоўніцтва. "Што вы не проста разлічваеце на нас, але і верыце, што пабудаваныя тут аб'екты заўсёды будуць аб'ектамі ўласнасці і кітайскіх кампаній, і беларускіх, з якімі вы працуеце. Мы гарантавалі і будзем гарантаваць заўсёды вашу ўласнасць на беларускай зямлі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заўважыў, што яго цяперашняя сустрэча з дэлегацыяй "СІЦІК Груп" асаблівая, паколькі праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. "Ведаю, як вы з хваляваннем ставіцеся да перамогі кітайскага народа над імперыялізмам. Вы цэніце вынікі Другой сусветнай вайны і той уклад, які ўнёс у разгром нацызму Савецкі Саюз", - дадаў беларускі лідар.

"Пакуль паўтарамільярдны кітайскі народ помніць аб Перамозе, аб выніках Другой сусветнай вайны, да таго часу нікому не ўдасца закрыць вочы на вынікі гэтай перамогі. Вы тады страцілі больш за 30 млн чалавек (больш, чым увесь Савецкі Саюз) у той страшэннай вайне ў барацьбе з імперыялізмам", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Ван Цзюн расказаў Аляксандру Лукашэнку аб рэалізацыі бягучых праектаў у Беларусі і магчымых напрамках для развіцця супрацоўніцтва. У прыватнасці, абмяркоўваліся вынікі будаўніцтва завода "БЕЛДЖЫ", мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната. "Мы з поўным поспехам завяршылі ўсе работы і атрымалі станоўчыя ацэнкі з боку беларускіх партнёраў, - адзначыў кітайскі бізнесмен. - Такія вынікі былі б немагчымыя без падтрымкі беларускага Урада і нашых партнёраў".