Сустрэча з кіраўнікамі МЗС краін - членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы

  • 1

Краінам - членам Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы неабходна разам наладжваць супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 чэрвеня на сустрэчы з міністрамі замежных спраў і кіраўнікамі нацыянальных дэлегацый краін - членаў ЦЕІ.

"Знешняя палітыка нашай краіны заснавана на шматвектарнасці і міралюбнасці. Мы імкнёмся выбудоўваць дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі. Для нашай краіны ў роўнай ступені важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, заўважыў Прэзідэнт, ёсць пэўныя сілы, якія прадаўжаюць спробы адрадзіць блокавую палітыку мінулага. "Хто як не мы, прадстаўнікі дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, разумеем, да якіх разбуральных і катастрафічных наступстваў яна можа прывесці", - сказаў беларускі лідар.

Нагадвае пра гэта і сённяшняя дата - 22 чэрвеня. Роўна 76 гадоў таму Беларусь апынулася пад страшэнным ударам нацыстаў. З гэтага дня Другая сусветная вайна ўступіла ў новы, найбольш кровапралітны этап, у якім загінулі дзясяткі мільёнаў еўрапейцаў. У Беларусі гэта кожны трэці жыхар. "Думаю, што гістарычная памяць вымушае нас асабліва цаніць мір і дабрабыт", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы было адзначана, што ў існуючых рэаліях краінам, якія геаграфічна знаходзяцца паміж Еўропай і Азіяй, неабходна браць на сябе больш адказнасці ў пытанні забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці. "Тым больш гэта часам нічога не каштуе ў матэрыяльным плане. Ад нас шмат у чым залежыць, стануць нашы краіны раздзяляльнай лініяй паміж сусветнымі цэнтрамі сілы або іх сувязным звяном. Цяпер трэба будаваць не новыя жалезныя заслоны, а разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Толькі праз раўнапраўны дыялог і паўнацэннае эканамічнае супрацоўніцтва можна стварыць сапраўды Вялікую Еўропу, гарантаваўшы нашчадкам мір, бяспеку і працвітанне. "Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва павінна быць нацэлена на вырашэнне менавіта гэтай, вельмі складанай, няпростай задачы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што з першых дзён свайго існавання арганізацыя прызначана развіваць узаемавыгадныя эканамічныя сувязі паміж краінамі Еўропы пасля халоднай вайны. За чвэрць стагоддзя работы ЦЕІ даказала сваю запатрабаванасць у якасці пляцоўкі для дыялогу і супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. У першую чаргу размова ідзе аб такіх сферах, як транспарт, энергетыка, рэгіянальнае развіццё, навука і тэхналогіі. Многае робіцца па лініі адукацыі і культуры.

"На сённяшні дзень гэта арганізацыя аб'ядноўвае краіны, якія ўваходзяць у самыя розныя інтэграцыйныя ўтварэнні і фарматы. Нам неабходна ў поўнай меры выкарыстаць гэты фактар. Менавіта па гэтай прычыне Беларусь выбрала ў якасці галоўнай тэмы свайго старшынства пашырэнне сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці ў Вялікай Еўропе, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Знаходзячыся на еўразійскім скрыжаванні, нашы дзяржавы сутыкаюцца з падобнымі цяжкасцямі ў сацыяльна-эканамічным развіцці. У той жа час гэта стварае вялікія магчымасці для пашырэння гандлю і актывізацыі сувязей у іншых сферах".

Беларускае старшынства, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, павінна надаць дынаміку прадметнаму абмеркаванню праблем, вырашэнне якіх неабходна для поўнай рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу краін рэгіёна. "У іх ліку сінхранізацыя планаў па пашырэнні транспартнай інфраструктуры, збліжэнне стандартаў і працэдур для паскарэння гандлёвых патокаў, развіццё лагістычных паслуг. Хацелася б, каб гэта сустрэча міністраў замежных спраў у Мінску максімальна садзейнічала вырашэнню такіх задач", - заявіў ён.

Прэзідэнт дадаў, што Беларусь разглядае сваё старшынства як унікальную магчымасць для эфектыўнага ўключэння краіны ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. "Немалаважна, што ЦЕІ цесна ўзаемадзейнічае з Еўрапейскім саюзам, удзельнічаючы ў рэалізацыі яго розных праграм і праектаў, у тым ліку стратэгіі рэгіянальнага развіцця. Для нас гэта дадатковая магчымасць палепшыць узаемаразуменне з Еўрасаюзам праз прыкладное супрацоўніцтва", - звярнуў увагу ён.

Акрамя таго, Беларусь лічыць сваё старшынства ў ЦЕІ спрыяльным для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння з іншымі яе краінамі-членамі. Так, некаторыя з прысутных дэлегатаў акрамя ўдзелу ў сённяшнім мерапрыемстве праводзяць двухбаковыя сустрэчы са сваімі беларускімі калегамі. "Вельмі спадзяюся, што па іх выніках будуць дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці ў палітычнай і эканамічнай галінах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар заклікаў удзельнікаў сустрэчы да шчырай і адкрытай размовы, падкрэсліўшы, што гатовы выслухаць усе заўвагі, прапановы і насцярожанасці. На яго думку, вельмі важна не адыходзіць ад праблем, а гаварыць пра іх і шукаць шляхі вырашэння.

У час сустрэчы дыпламаты ўзнялі найбольш вострыя тэмы, цікавячыся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі па ўсіх актуальных пытаннях і яго ацэнкай падзей, што адбываюцца ў еўрапейскім рэгіёне.

У прыватнасці, былі абмеркаваны барацьба з тэрарызмам, сітуацыя ў сферы міграцыі, а таксама канфлікт ва Украіне. Закранаючы апошнюю тэму, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў падкрэслівалі ролю мінскай пляцоўкі ва ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. Яны сышліся на думцы, што аналагаў ёй на сённяшні дзень няма.

Выступоўцы таксама адзначалі, што Еўрапейскі саюз цяпер перажывае не лепшыя часы, таму аб'яднальная роля розных інтэграцыйных утварэнняў і асобных краін, у тым ліку Беларусі, вельмі важная.

У сувязі з гэтым было заўважана, што Беларусь праяўляе беспрэцэдэнтную актыўнасць у статусе старшыні ў ЦЕІ, стараючыся ўсімі сродкамі і сіламі актывізаваць дзейнасць аб'яднання.