Сустрэча з Федэральным Прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам

  • 8

Беларусь зацікаўлена ў развіцці дыялогу з Аўстрыяй па забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 чэрвеня ў час двухбаковай сустрэчы з Федэральным Прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам у Палацы Незалежнасці.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Аўстрыя адыгрывае значную ролю ва ўмацаванні бяспекі ў Еўропе. "І мы вельмі хацелі б, каб восенню бягучага года на Мінскай канферэнцыі па бяспецы ў нашым рэгіёне прысутнічалі аўстрыйскія прадстаўнікі высокага ўзроўню. Мы хацелі б мець салідны дыялог па развіцці працэсу забеспячэння бяспекі ў нашым рэгіёне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў велізарную ролю Аўстрыі ў нармалізацыі адносін Беларусі з Еўрасаюзам. "Мы падтрымлівалі цесныя адносіны з цяперашнім федэральным канцлерам Аўстрыі. У бліжэйшы час мы сустрэнемся з кіраўніцтвам Аўстрыі ў Вене, мы рыхтуем такое мерапрыемства, такую сустрэчу. Я хачу, каб гэта была плённая сустрэча", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама сказаў: "Мы заўсёды рады бачыць кіраўніцтва Аўстрыі ў Беларусі. У нас ёсць шмат агульнага, асабліва ў эканоміцы шмат агульных праектаў. Я думаю, што ў сувязі з вашым візітам сёння ў Беларусь, нашымі міжведамаснымі кантактамі мы здольны пашырыць супрацоўніцтва паміж Аўстрыяй і Беларуссю".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў 2019 годзе Беларусь прымае II Еўрапейскія гульні. "Мы вельмі хацелі б, каб лепшыя вашы спартсмены былі шырока прадстаўлены на іх. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы запрасіць і Вас наведаць гэтыя гульні", - запрасіў высокага госця Прэзідэнт.

Аляксандр Ван дэр Белен у сваю чаргу падкрэсліў важнасць "Трасцянца" як месца агульнаеўрапейскай памяці.

"Нас у Аўстрыі вельмі здзівіла тое, наколькі гэта месца памяці, "Трасцянец", выпала з агульнаеўрапейскай палітыкі памяці, - падкрэсліў аўстрыйскі лідар. - А значэнне гэтага месца вельмі вялікае, і гэта нельга недаацэньваць". Урад Аўстрыі надае асаблівае значэнне ўвекавечанню памяці аўстрыйскіх яўрэяў, загінулых у "Трасцянцы" ў гады Другой сусветнай вайны.

Таксама на сустрэчы Федэральны Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за дружалюбны прыём, аказаны ў час візіту ў Мінск.