Сустрэча з Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам

  • 1

Беларусь з'яўляецца катэгарычным прыхільнікам існавання моцнага ЕС. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 студзеня на перагаворах з Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам.

"Мы катэгарычныя прыхільнікі існавання моцнага ЕС. Мы катэгарычна супраць цэнтрабежных сіл у ЕС, якія аслабляюць яго", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сказаў гэта не для ліслівасці, а таму, што ў Беларусі прыхільныя да шматпалярнага свету. "ЕС - адна з магутнейшых апор нашай планеты, і разбурэнне гэтай асноўнай апоры шматпалярнага свету прывядзе да разбурэння сістэмы не толькі бяспекі, але і эканомікі, і ўсіх іншых сфер жыцця на нашай зямлі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што нядаўна ў Мінску знаходзіліся члены каралеўскай сям'і і высокапастаўленыя прадстаўнікі Вялікабрытаніі, і ён ім адкрыта і сумленна выказаў гэту пазіцыю.

На перагаворах Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь гатова ўнесці любы ўклад у забеспячэнне бяспекі Еўрапейскага кантынента. "Наша краіна знаходзіцца ў самым сэрцы, у самым цэнтры Еўропы. Гэтым усё сказана. Вы можаце на нас разлічваць. Мы заўсёды будзем прыхільныя да добрасуседства і гатовы ўнесці любы ўклад у забеспячэнне бяспекі Еўрапейскага кантынента. Гэта вельмі актуальна сёння", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь таксама вельмі зацікаўлена ў пашырэнні эканамічных сувязей з ЕС. "Гэта другое аб'яднанне ў эканоміцы для Беларусі. ЕС знаходзіцца на другім месцы ў гандлі", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за прагрэс, які адбыўся ў працэсе перагавораў аб уступленні Беларусі ў СГА, за падтрымку пры арганізацыі і правядзенні форумаў у Вене і Люксембургу, дзе абмяркоўваліся перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС. "Вы вельмі шмат зрабілі для правядзення гэтых мерапрыемстваў. Гэта добры ўклад у супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам", - падкрэсліў Прэзідэнт.


Гаворачы пра ініцыятыву "Усходняе партнёрства", Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вядома ж, без палітыкі не можа існаваць ніводная арганізацыя, але нельга дапусціь, каб "Усходняе партнёрства" стала чыста палітызаванай арганізацыяй. І не дай бог паставілі мэту перад краінамі "Усходняга партнёрства", каб гэты пояс стаў раздзяляльнай зонай паміж Еўрасаюзам і Расіяй, Кітаем, Усходам".

"Мы вялікую ўвагу ўдзяляем нашаму супрацоўніцтву ў рамках гэтай арганізацыі. І ў гэтым плане вы можаце на нас разлічваць. Наша пажаданне - каб "Усходняе партнёрства" было больш прыземленым, каб яно было практыка-арыентаваным", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у рамках "Усходняга партнёрства" неабходна вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад Еўропай, і развіваць тыя праекты, якія цяпер актуальныя, у тым ліку ў такіх сферах, як энергетыка, транспарт, лагістыка. "У тым ліку і жыццё людзей, візавыя пытанні, каб мы маглі ў большым аб'ёме і больш свабодна ўзаемадзейнічаць з Еўропай, а вы - свабодна прыязджаць у Беларусь", - дадаў Прэзідэнт.