Сустрэча з Дзяржсакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем і Старшынёй Дзяржпагранкамітэта Анатолем Лапо

  • 1
У Беларусі абмяркоўваецца пытанне павелічэння колькасці пагранічнікаў. Аб гэтым ішла размова 24 верасня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем і Старшынёй Дзяржпагранкамітэта Анатолем Лапо.

"Пагранічныя войскі павінны функцыянаваць, і эфектыўна. Трэба павысіць - павысім, але бяздумнага павышэння колькасці быць не павінна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў ходзе наведвання ў бягучым годзе пагранічных органаў і падраздзяленняў абмяркоўваўся шэраг пытанняў, у тым ліку па магчымым перайменаванні Дзяржпагранкамітэта, змяненні штатнай колькасці. "Сённяшняе пытанне якраз ідзе каранямі ў той аналіз, які мы ажыццяўлялі тады на мяжы. І тады размова ішла ў тым ліку аб нейкай мадэрнізацыі пагранічных войскаў, па колькасці, стварэнні новых падраздзяленняў у сувязі з тым, што нам даводзіцца закрываць украінскую граніцу значна. І больш эфектыўна працаваць па іншых напрамках", - адзначыў беларускі лідар.

"Мы прынялі рашэнне аб умацаванні граніцы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць граніцу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось цяпер міністр (Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч) дакладваў мне. Яны затрымалі чалавека, у якога арсенал: кулямёты, дзясятак аўтаматаў, два дзясяткі вінтовак, дзесяць тысяч патронаў і гэтак далей, і гэтак далей", - прывёў падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка.

"Калекцыяніруюць? Дык баявая ж уся зброя. Вось калекцыянеры... Адкуль усё гэта? Паглядзелі - у арміі нашай усё на месцы. Завезлі. Таму прынята рашэнне ўстанавіць граніцу з Украінай. Патрэбна там колькасць - патрэбна. Давайце паглядзім. Але не гуртам - туды сотню, туды тысячу, а па адным чалавеку, куды трэба. Без усялякіх начальнікаў. Начальнікаў павінна быць па мінімуму", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Наконт прадстаўленых прапаноў па змяненні колькасці Прэзідэнт звярнуў увагу, што справа нават не ў колькасці, на якую прапануецца павялічыць склад. "Пытанне ў тым, ці трэба нам гэта колькасць, якую вы прапануеце? Ці ж мы менш павялічым колькасць. Не павінна быць так: прасі паўтары тысячы, дадуць тысячу. Па кожным чалавеку мы павінны вызначыцца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба паглядзець і колькасны склад, і структуру цяперашніх пагранічных войскаў. Можа, там вельмі шмат намеснікаў і розных кіраўнікоў, а менш штыкоў недзе. Таму за кошт гэтага пераразмеркаванне. Гэта значыць, трэба вельмі сур'ёзна да гэтага падысці. І адразу скажу, што механічнага вырашэння па павышэнні колькасці з майго боку не будзе".

Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад, што калі, дапусцім, прынята рашэнне мець у пагранічным атрадзе або групе манеўраную групу, як гэта было ў савецкі час, то трэба ўважліва вывучыць пытанне колькасці і структуры. "Гэта баявая адзінка, якая перакідвалася на ўмацаванне любога ўчастка граніцы, правядзенне іншых мерапрыемстваў. Кулак такі павінен быць - не аспрэчваю. Калі колькасць будзе 80 чалавек або 60, значыць, паглядзім па кожным чалавеку. Начальнік манеўранай групы павінен быць, і намеснік у яго. Але ні ў якім разе не чатыры і не пяць", - адзначыў беларускі лідар.

Адно з патрабаванняў Прэзідэнта таксама заключаецца ў тым, каб павышэнне колькасці пагранічнікаў праводзілася ў рамках пераразмеркавання агульнай колькасці сілавых ведамстваў, дадатковага пошуку ўнутраных рэзерваў. Агучаныя на сустрэчы лічбы па колькасці, на якую прапануецца павялічыць штатную колькасць органаў пагранслужбы, Аляксандр Лукашэнка не прыняў. Кіраўнік дзяржавы даручыў да канца года дадаткова прааналізаваць гэта пытанне, каб усё было аптымальна і абгрунтавана.