Сустрэча з дырэктарам Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным

  • 1

Разведвальныя службы Беларусі і Расіі наладзілі цеснае супрацоўніцтва па абароне нацыянальных інтарэсаў абедзвюх дзяржаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 кастрычніка на сустрэчы з дырэктарам Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным.

"Вы ўзначальваеце вельмі важную структуру. Утойваць тут няма чаго: мы працуем у цесным кантакце. Я пастаянна інфармаваны па ўсіх пытаннях. Я таксама ўдзячны вам за супрацоўніцтва нашых разведслужбаў. Утойваць, зноў жа, тут няма чаго, хоць гэта непублічныя арганізацыі: мы абараняем інтарэсы нашых дзяржаў і народаў - так, як і ўсе спецыяльныя службы ў любой дзяржаве", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў супрацоўніцтве разведвальных органаў абедзвюх краін тым не менш ёсць пэўныя пытанні, напрыклад, па каардынацыі дзейнасці, узгадненні напрамкаў сумеснай работы па абароне нацыянальных інтарэсаў. "У нас сёння ёсць магчымасць абмеркаваць гэтыя праблемы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што сустракаецца з Сяргеем Нарышкіным не як са службовай асобай, а як з добрым сябрам, паколькі ён унёс немалы ўклад у станаўленне і ўмацаванне Саюзнай дзяржавы, асабліва калі быў старшынёй Дзяржаўнай думы. "Вы з'яўляецеся, як у нас кажуць, заўзятым прыхільнікам гэтай формы існавання нашых брацкіх дзяржаў. Я гэта вельмі цаню", - заявіў Прэзідэнт.